• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Гэта частка мяне, гэта праўда». Журналістка «Трыбуны» Сабіна Аліева — пра камінг-аўт

    Журналістка «Трыбуны» Сабіна Аліева здзейсніла камінг-аўт у эфіры свайго падкасту. Яна прызналася, што раней сустракалася з баскетбалiсткай Кацярынай Сныцiнай. Сабіна распавяла на сваёй старонцы ў Istagram і ў інтэрв’ю журналістам, што яна адчувала ў гэты момант і як вырашыла зрабіць такі крок.

    «Не баяцца быць сабой»

    Сабіна Аліева вядзе англамоўны падкаст Sab’s Cor­ner. У новы выпуск яна запрасіла баскетбалістку Кацярыну Сныціну. Камінг-аўт адбыўся падчас эфіру.

    Сабіна спытала ў Каці: «Ты не супраць, калі я раскажу, што мы сустракаліся?» Сныцiна пагадзілася і ўдакладніла, ці гэта афіцыйны камінг-аўт Сабіны. Дзяўчына адказала «так» і дадала: «Каця стала першай, хто прымусiў мяне задумацца, што мне падабаюцца не толькi хлопцы». 

    Пасля Сабіна напісала пост у сваім Ista­gram, дзе падзялілася адчуваннямі:

    «Думала, буду неяк нерваваць, але эмоцый было куды больш падчас запісу падкасту з @snytsina. Ужо магу публічна сказаць табе дзякуй за гэты перыяд. Мае першыя адносіны паставілі вельмі высокую планку ў першую чаргу для мяне самой. Гэтыя адносіны навучылі мяне, як па-сапраўднаму любіць і падтрымліваць не толькі іншых, але і сябе, а таксама не баяцца быць сабой».

    «Можа, хаця б адзін чалавек адчуе падтрымку»

    Аб тым, як прыйшло рашэнне аб камінг-аўце, Сабіна Аліева распавяла ў інтэрв’ю «Нашай Ніве»:

    «Насамрэч я нават да дня запісу падкаста з Кацяй [Сныцінай] не ведала дакладна, ці буду рабіць камінг-аўт. Але пасля гэтага я павінна была выступаць на мерапрыемстве ў ЕГУ — а там планавалася размова пра тое, чаму беларусы сябе адчуваюць еўрапейцамі. І я перад гэтым сядзела і думала: «А чаму я сябе адчуваю еўрапейкай?» 

    Паводле Сабіны, галоўнае, што дазваляе ёй сябе так адчуваць — гэта тое, што яна, нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці, імкнецца захоўваць свае каштоўнасці.

    «Перад запісам падкаста я думала: «Ну вось скажу я, што мне падабаюцца і мужчыны, і жанчыны. І што? Што будзе? Гэта частка мяне, гэта праўда». Мой падкаст — гэта прастора, дзе я хачу адчуваць сябе бяспечна і хачу, каб людзі, якія мяне слухаюць, таксама сябе адчувалі ў бяспецы і разумелі, што я з імі шчырая. Таму я вырашыла, што калі не зраблю камінг-аўту ў падкасце з Кацяй, то гэта будзе незавершаны малюнак усяго таго, пра што мы размаўлялі».

    Сабіна кажа, што рэакцыі на публічнае прызнанне былі вельмі станоўчыя. Самы негатыўны каментар быў ад хлопца, які пашкадаваў, што зараз у яго будзе больш канкурэнцыі. 

    «Я спадзяюся, што, можа, хаця б адзін чалавек, які зараз праходзіць праз нешта складанае, адчуе падтрымку. Хачу нагадаць, што гэта нармалёва быць сабой у любой сітуацыі», — кажа Сабіна.

    Беларусь — аўтсайдэр па абароне правоў ЛГБТ у Еўропе

    Камінг-аўт журналісткі «Трыбуны» адбыўся на фоне ўзмацнення пераследу ЛГБТ-супольнасці  ў Беларусі. Пасля рэферэндуму 2022 года ў Канстытуцыі заканадаўча замацавалася паняцце шлюбу як саюзу мужчыны і жанчыны. Дзяржаўныя СМІ развярнулі кампанію супраць поглядаў, якія не адпавядаюць «традыцыйным каштоўнасцям». 

    Па ініцыятыве Генпракуратуры ў Беларусі распрацоўваецца закон аб забароне прапаганды ЛГБТ. Прапануецца ўвесці за гэта адміністратыўную адказнасць. 

    Інфармацыйныя каналы, блізкія да сілавых структур Беларусі, вымушаюць затрыманых з палітычных матываў прадстаўнікоў ЛГБТ расказваць на камеру пра сваю арыентацыю ці выкарыстоўваюць гэты факт для іх знявагі.

    Беларусь, па дадзеным праваабарончай групы ILGA-Europe, знаходзіцца на 45 пазіцыі з 49 у рэйтынгу краін Еўропы па абароне правоў ЛГБТ.

    Гэты рэйтынг ацэньвае краіны паводле заканадаўства і адносінаў да ЛГБТ па шкале ад 100% да 0%, дзе 100%— гэта роўныя правы для меншасцяў у грамадстве, а 0% — грубыя парушэнні і дыскрымінацыя. У 2022 годзе Беларусь атрымала 12%. Горш сітуацыя толькі ў Расіі, Турцыі, Арменіі і Азербайджане.

    Чытайце яшчэ:

    «Расчаравалася ў працы міжнародных інстытутаў»: як Сабіна Аліева змяніла юрыспрудэнцыю на журналістыку

    Алег Агееў: Гэта выклік — як бараніць правы іншых, калі беларускія праваабаронцы самі з’яўляюцца ўразлівай групай

    «Журналісты сутыкаюцца з праблемамі, якія ставяць пад пагрозу само існаванне медыяў». Што абмяркоўвалі беларусы ў Сейме Літвы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці