Сталі вядомыя падрабязнасці збіцця міліцыяй рэдактара сайта «Реальный Брест» Дзяніса Марука
Рэдактар сайта "Реальный Брест" Дзяніс Марук пайшоў у Ленінскі РАУС Берасця працягнуць дазвол на паляўнічую зброю, але там быў збіты за тое, што на адной з акцый "недармаедаў" паказаў сярэдні палец хлопцу з камерай у цывільным. Пра гэта распавёў сам пацярпелы.
«Калі я прыйшоў у РАУС мне сказалі, што даўно мяне шукаюць і запрасілі паразмаўляць. Размова працягнулася 2 хвіліны. У мяне толькі запыталіся ці паказваў я сярэдні палец у камеру праваахоўніка на адной з акцый «недармаедаў». Я спрабаваў пажартаваць, што гэта бы ў не я. Але адказ быў кароткім: затрымаць у ІЧУ», — распавядае Дзяніс.
Пасля гэтага журналіста пачалі брутальна скручваць і адбіраць рэчы, якія ў яго былі з сабой.
«Я разумеў, што калі пакіну ім камеру GoPro, якая была з сабой у кішэні і запісвала гук, дык усё знікне. Таму я хутка дастаў флэшку і засунуў яе ў рот і пасля гэтага пачалася проста жэсць».
Са слоў Марука, яго паклалі на падлогу і пачалі біць нагамі і рукамі па твары, на нырках. Прынеслі металічную лыжку, якой спрабавалі расціснуць зубы, каб дастаць флэшку і пашкодзілі дзёсны. Толькі старэйшы па званню, які зайшоў праз некаторы час ў пакой, прыпыніў усё.
«Міліцыянт, які ўвайшоў сказаў, што на першы раз, калі я ўсё зразумеў, яны падпішуць дазвол на зброю, але папярэдзіў, каб на плошчы больш не хадзіў. Далі мне падпісаць паперу, я з заплыўшым вокам не чытаў нічога, а толькі потым пабачыў, што гэта пастанова па артыкулу 17.1 КаАП — дробнае хуліганства. Мне далі 2 базавыя штрафу».
Дзяніс Марук зняў пабоі і збіраецца абскарджваць дзеянні міліцыянтаў, якія ўжылі сілу супраць яго без падставы на гэта, таксама ён будзе пісаць скаргу ў пракуратуру.
Сітуацыю з затрыманнем Марука пракамэнтаваў «Радыё Свабода» начальнік прэсавай службы Упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкагааблвыканкаму Сяргей Дучэнка:
«Дзяніс Валер’евіч значна перабольшыў рэальную інфармацыю. Яго выклікалі ў райаддзел 28 сакавіка на 16.30 для разгляду пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле артыкулу 17.1. Ён адмовіўся ад удзелу ў разглядзе пратаколу, у сувязі з гэтым быў затрыманы ў адміністрацыйным парадку ў мэтах забеспячэння ягонага ўдзелу падчас разгляду справы (падстава — пункт 4 часткі 2 артыкулу 8.2). Марук вёў сябе неадэкватна, адмовіўся выкласці асабістыя рэчы, змясціў у ротавую поласць іншародны прадмет. У сувязі з гэтым была ўжытая фізычная сіла, каб паспрабаваць яго дастаць. Пасля разгляду адміністрацыйнага пратаколу і вынясення штрафу а 17.45 быў адпушчаны з міліцыі дадому».