Пракуратура Брэста адмовілася рэагаваць на журналісцкае расследаванне
Блогер Сяргей Пятрухін, які супрацоўнічае з “Брэсцкай газетай”, паведаміў службе маніторынгу ГА “БАЖ”, што правесці журналісцкае расследаванне ён вырашыў пасля звароту жыхара Брэста Сяргея Сягені. Гісторыя тычыцца кватэры, што належыць маці Сягені, якая нечакана сутыкнулася з вялікімі праблемамі, звязанымі з прыватызацыяй свайго жылля.
– Падчас расследавання выявіліся факты, якія, на мой погляд, сведчаць, што чыноўнікі альбо ня маюць дастатковай кампетэнцыі ў справе прыватызацыі, альбо свядома прымаюць незаконныя рашэнні і злоўжываюць службовым становішчам, што падпадае пад некаторыя артыкулы Крымінальнага кодэкса, – заўважыў Сяргей Пятрухін.
Ён таксама дадаў, што вынікі свайго расследавання (разам з дадаткамі яны склалі два дзясяткі старонак), а таксама дыск з падрыхтаваным і размешчаным у інтэрнэце відэасюжэтам, накіраваў у гарадскую пракуратуру па просьбе Сяргея Сягені.
Аднак адказ, атрыманы за подпісам выконваючага абавязкі пракурора горада Брэста Івана Чайчыца, здзівіў Сяргея Пятрухіна.
– У адказе гаворыцца, што не будуць разглядаць мой зварот па сутнасці, бо ў адпаведнасці з Законам РБ ”Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” трэба прыкласці дакументы, што я ўпаўнаважаны рабіць такі зварот ад імя іншых асобаў. Пра мае спасылкі на артыкулы 4,5,6,7,8, 9 “Закона аб пракуратуры РБ”, на падставе якіх я прасіў, каб гарадская пракуратура зрабіла прававую ацэнку дзеянням мясцовых чыноўнікаў для публікацыі ў сродках масавай інфармацыі, у адказе не гаворыцца ўвогуле нічога”, – гаворыць блогер.
Зараз Сяргей Пятрухін мае намер трапіць на асабісты прыём да в. а. пракурора Брэста, каб усё ж дамагчыся праверкі ў справе, якая з’явілася падставай для журналісцкага расследавання.