• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Еўрапейскі журналісцкі футбольны турнір пачаўся з хвіліны маўчання ў памяць пра Мікіту Мелказёрава

    Традыцыйны восеньскі журналісцкі турнір у Друскеніках пачаўся з хвіліны маўчання на знак ушанавання памяці капітана футбольнай каманды Беларускай асацыяцыі журналістаў, вядомага журналіста Мікіты Мелказёрава.

    Фота: БАЖ

    —  Мікіта Мелказёраў рэгулярна ўдзельнічаў у нашых турнірах на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў, а ў апошнія гады быў капітанам каманды. Удзельнічаючы ў міжнародных турнірах, беларускія журналісты нязменна імкнуцца паказаць калегам з розных краін, што свабодныя беларускія медыі жывыя, нягледзячы на ​​забарону ўнутры Беларусі.

    Мікіта пачынаў як спартыўны журналіст, але падзеі апошніх гадоў прыцягнулі яго да асвятлення палітычных тэм. Стаўшы зоркай беларускага YouTube, Мікіта быў змушаны з’ехаць з краіны, але працягнуў актыўна займацца журналістыкай. Мы глыбока спачуваем родным Мікіты і ўсёй беларускай камандзе, таму пачынаем турнір з хвіліны маўчання ў памяць пра калегу, — заявіў кіраўнік турніру, прэзідэнт Літоўскай федэрацыі спартыўных журналістаў Таўтвідас Вянцявічус.

    — Мікіта быў гонарам і сумленнем беларускай журналістыкі, зоркай не толькі беларускага YouTube, а наогул жанру інтэрв’ю ў беларускіх медыя. Акрамя гэтага Мікіта быў неверагодна крутым сябрам і валявым лідарам і маторам каманды. Таму сёлета ў камандзе нават не паўстала пытання, ці едзе БАЖ на турнір — зразумела, едзе! У тым ліку ў памяць пра Мікіту, — гаворыць намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

    Фота: БАЖ

    Еўрапейскі журналісцкі футбольны турнір праходзіць у літоўскім Друскенінкаі ў 21-шы раз. Акрамя беларусаў сёння і заўтра ў турніры прымуць удзел каманды Літвы, Латвіі, Украіны, Чэхіі, Аўстрыі, Венгрыі, Румыніі, Грэцыі, Кіпра і Арменіі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.