• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Паўлюк Быкоўскі — пра фэйкі, троляў і працу ў сацыяльных сетках

    Арганізавала сустрэчу з медыяэкспертам Глыбоцкая суполка сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў. Удзел у ёй узялі журналісты і грамадскія актывісты з Глыбокага, Лепеля, Полацка і Браслава.

    — Тэрмін “фэйкавыя навіны” з’явіўся даволі нядаўна. У 2017 годзе яго ўнёс вядомы тлумачальны слоўнік Collins Dic­tio­nary,  — распавядае эксперт.

    Быкоўскі прыводзіць прыклады некалькіх апошніх фэйкаў, якія друкавалі беларускія медыя: фэйк пра міліцыянта з пісталетам ў аўтобусе, фэйк пра вышук маньяка ў Мінску і г. д.

    Таксама Паўлюк Быкоўскі распавёў пра падборку самых гучных фэйкавых навінаў з пачатку ХХ стагоддзя ад DW. Адзін з фэйкаў 2014 года, напрыклад, палягае ў тым, што Уладзімір Пуцін спачатку казаў: «У Крыме не было расійскіх вайскоўцаў», а праз некалькі тыдняў распавёў, што там былі расійскія войскі, каб дапамагчы людзям выказаць сваё меркаванне. Але за гэты час Крым ужо стаў часткай Расіі.

    Паводле Быкоўскага, ён ўжо шмат гадоў піша пра палітыку і палітыкаў, і заўважыў, што ў палітыцы нешта не дагаварыць, на нешта намякнуць, увесці ў зман і г. д. становіцца звычкай.

    Напрыклад, адзін амерыканскі журналіст за два месяцы выбарчай кампаніі Дональда Трампа налічыў у яго 560 ілжывых выказванняў. Хлусілі і іншыя, але яны рабілі гэта больш далікатна. Па словах медыяэксперта, і Лукашэнку можна злавіць на хлусні, але, да прыкладу, у 1994 годзе на хлусні яго было злавіць прасцей, цяпер  больш складана. Цяпер у яго прамове хутчэй за ўсё будуць недасказанасць або намёкі. То бок ён ужо даўно навучыўся казаць так, каб было складана вызначыць хлусню.

    На сустрэчы ішла размова і пра сацыяльныя сеткі, прасоўванне ў іх сваіх матэрыялаў. Як адзначае Быкоўскі, сацыяльныя сеткі “зварочваюць” тэкст, які піша карыстальнік. Калі глядзець на камп’ютары, то ён паказвае толькі дзесяць радкоў, далей будзе напісана: чытай далей або глядзі далей.

    Дакладна вядома, што людзі рэдка чытаюць тое, што знаходзіцца там далей. І нават калі гэты тэкст даволі цікавы, не факт, што яго захочацца чытаць далей, бо ён абрываецца выпадковым чынам. Але можна зрабіць наўмысна інтрыгу, разбіўшы тэкст па абзацах і радках, каб абрыў быў там, дзе трэба. Такі пост будзе працаваць і зацікавіць чытача.

    Паўлюк Быкоўскі распавёў пра тое, як прыцягваць увагу да пастоў і сваіх матэрыялаў пры дапамозе ілюстрацый і фотаздымкаў. Звярнуў увагу на тое, як спрацоўваюць фотаздымкі ў залежнасці ад таго, што на іх адлюставана і як часта яны з’яўляюцца ў акаунтах. Таксама азнаёміў прысутных з бясплатным рэдактарам фота і малюнкаў Pablo, якім можна карыстацца, калі трэба хутка аформіць на малюнак або фота цытату.

    Паводле прысутных, сустрэча была даволі цікавай, прадуктыўнай і карыснай, бо некаторыя з іх нават зведалі на сабе фэйкі і тролінг.

    Віктар Стукаў, кіраўнік Полацкай суполкі БАЖ, актывіст Незалежнага прафсаюза:

    — У адносінах да нас былі створаныя фэйкавыя старонкі ў сацсетках. І фэйкавы электронны адрас, з якога распаўсюджвалася абразливая інфармацыя. Таму нам цікавы досвед і рэкамендацыі, якія можна прымяніць у нашых умовах. Мы даведаліся пра магчымасци, што можна зрабіць надалей, каб супрацьстаяць распаўсюду такой інфармацыі. Ёсць магчымасці звяртацца не толькі ў раённы аддзел міліцыі з заявай пра абразу ў Інтэрнэце, але і ў спецыяльны аддзел “К”, які займаецца непасрэдна такімі пытаннямі.

    Галляш Сялява, адміністратар сайта braslaw.by:

    — Мне вельмі спадабалася, як Паўлюк Быкоўскі распавядаў. Адразу бачна, што гэта прафесіянал сваёй справы. Выснова такая: трэба ставіцца крытычна абсалютна да любой інфармацыі, нават да той, якая можа падавацца табе блізкай, бо ты ведаеш добра крыніцу. Але и калегі могуць памыліцца, узяць нейкі факт не зусім правераны, ці які падаецца праўдзівым, але насамрэч гэта фэйк. Вельмі шмат нюансаў. Таму гэта цікава, гэта — ежа для роздуму.

    Наступная сустрэча з медыяэкспертам Паўлюком Быкоўскім адбудзецца 23 студзеня ў Полацку у межах праекта “Жывая Мова”. Там таксама будуць закранутыя вышэйзгаданыя ды іншыя аспекты працы ў сеціве.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці