Інфармацыйны партал Onliner атрымаў прадпісанне ад МАРГ
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) вынесла прадпісанне інфармацыйнаму парталу Onliner з‑за рэкламы касметыкі Nivea, продаж якой забаронены ў Беларусі.

Фота: МАРГ
МАРГ праверыў мабільную версію Onliner пасля звароту грамадзяніна і выслветліў, што рэклама Nivea размяшчалася ў канцы артыкулаў у раздзелах “Аўто” і “Тэхналогіі”.
Паводле ведамства, «гэтыя абставіны сведчылі аб парушэнні рэкламараспаўсюджвальнікам ТАА «Онлайнер» патрабаванняў Закона «Аб рэкламе»».
У сувязі з гэтым парталу было вынесена прадпісанне аб ліквідацыі парушэння. Таксама МАРГ накіраваў папярэджанне рэкламадаўцы — ТАА «Яндэкс Рэклама».
Адзначаецца, што Onliner выканаў прадпісанне ў поўным аб’ёме.
У МАРГТ таксама нагадалі, што за невыкананне прадпісання аб ліквідацыі парушэння, а таксама за выдачу двух і больш прадпісанняў на працягу года рэкламараспаўсюджвальнік можа быць выключаны з Рэестра рэкламараспаўсюджвальнікаў.
Беларусь увяла забарону на ўвоз і продаж прадукцыі Nivea ў красавіку 2021 года на фоне адмовы кампаніі Beiersdorf, якой належыць брэнд, спансіраваць чэмпіянат свету па хакеі ў Беларусі ў тым жа годзе. Адмова была выкліканая ўнутрыпалітычнай сітуацыяй у краіне. Чэмпіянат у студзені таго ж года быў перанесены ў Латвію (прайшоў з 21 траўня па 6 чэрвеня), якая першапачаткова павінна была прымаць яго разам з Беларуссю. У снежні 2025 года забарона была падоўжаная да 31 снежня 2027 года.
@bajmedia