“Ну, вы же сами всё понимаете!” — ФОТАКНІГА пра падзеі вясны’2017
Праваабарончы цэнтр “Вясна” сабраў пад адной вокладкай самыя гарачыя кадры леташняга вясновага супрацьстаяння — ад абароны Курапатаў да крымінальнага пераследу фігурантаў “Справы патрыётаў”. Прэзентацыя прайшла ў Мінску ў сераду.
— Аўтарытарная ўлада не дапускае іншадумства. Таму вясна ў Беларусі даволі часта бывае гарачай. Трывожнай выдалася вясна і ў мінулым годзе. “Маршы абураных беларусаў” па ўсёй краіне, змаганне за спыненне будоўлі у Курапатах завяршыліся перамогай пратэстуючых, але выклікалі вельмі жорсткую рэакцыю ўлады, — прыгадвае леташнія падзеі праваабаронца Алесь Бяляцкі.
У фотакнігу “Вясна-2017” увайшлі больш за 200 здымкаў беларускіх журналістаў: Уладзіміра Грыдзіна, Сяргея Гудзіліна, Аляксандра Васюковіча, Антона Матолькі, Рамана Пратасевіча, Максіма Сарычава, Сяргея Серабро і іншых.
— Супервокладкай кнігі з’яўляецца постар: “Сцяна Шчоткінай” — месца ў цэнтры Мінска, на якім з сакавіка і на працягу 2017 года з’яўляліся розныя сацыяльна-палітычныя графіці. “Сцяна Шчоткінай” з замаляванай выявай і словамі паверх: “Ну, вы же сами всё понимаете!” прадстаўлена як сімвал беларускай рэчаіснасці апошніх 23 гадоў, — гаворыць рэдактар і адна з аўтараў тэкстаў кнігі Алена Лапцёнак.
— Напярэдадні 25 сакавіка, а ў фотакнізе багата старонак прысвечана падзеям Дня волі-2017, хацелася б не столькі нагадаць пра рэпрэсіі, разгоны, збіццё, колькі сказаць, што наш выдатны беларускі народ прагне, і варты лепшай долі! Менавіта людзі, грамадзяне, народ. Не чыноўнікі, засядацелі і маўклівыя дэпутаты, а звычайныя беларусы! Мы! — дадае Алесь Бяляцкі.
Фотакніга “Вясна-2017” выдадзена ў Вільні накладам 500 экзэмпляраў. Пакуль у Мінску з’явіліся толькі першыя асобнікі. У будучыні аўтары маюць намер распаўсюджваць выданне падчас грамадска-палітычных мерапрыемстваў.