• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Брэсцкі аблсуд адмяніў штраф гомельскім журналістам-фрылансерам

    Суддзя Брэсцкага абласнога суда Аляксандр Саўчук адмяніў пастанову суда Лунінецкага раёна аб адміністрацыйным спагнанні ў выглядзе штрафаў у дачыненні гомельскіх журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына.

    Іх вінавацілі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ), якое выяўлялася ў падрыхтоўцы для тэлеканала «Белсат» матэрыялу пра трагедыю ў Лунінцы – забойства васьмімесячнай дзяўчынкі.

    Міліцыя склала пратаколы, а Лунінецкі райсуд 5 снежня 2018 года пакараў журналістаў буйнымі штрафамі ў памеры па 30 базавых велічынь кожнаму.

    З дапамогай сябра ГА “БАЖ”, юрыста Леаніда Судаленкі журналісты-фрылансеры абскардзілі штрафы ў Брэсцкім абласным судзе.

    У пастанове суддзі Аляксандра Саўчука гаворыцца, што раённы суд у сваёй пастанове не высвятліў усіх акалічнасцяў, якія маюць значэнне для правільнага вырашэння справы.

    «Падставай да адмены пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні з’яўляецца аднабаковасць, няпоўнасць і неаб’ектыўнае даследаванне акалічнасцяў адміністрацыйнага правапарушэння», – адзначаецца ў пастанове абласнога суда. Справа накіраваная на новы разгляд іншаму суддзі.

    «У мяне няма аптымізму наконт таго, што сістэма дала збой, ці справядлівасць перамагла. Такія выпадкі ўжо былі, калі пастанову адмянялі, а потым раённы суд ізноў падвяргаў штрафу, ці яшчэ большую суму могуць даць», – пракаментаваў Андрэй Толчын.

    Нагадаем, цягам 2018 года фрылансера Кастуся Жукоўскага 16 разоў штрафавалі за журналісцкую дзейнасць і адзін раз за непавагу да суда. Агульная сума штрафаў склала 12 432,5 рублёў. Андрэя Толчына летась прыцягвалі да адказнасці 11 разоў. Сума яго штрафаў склала 9 628,5 рублёў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці