• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Адмовілі журналістам у інфармацыі — атрымайце афіцыйную скаргу!

    Журналістка недзяржаўнай маладзечанскай “Рэгіянальнай газеты” Зоя Хруцкая накіравала скаргі на адмову ў інфармацыі з боку работнікаў УП “Камунальнік”.

    Скаргі дасланыя ў Маладзечанскі раённы выканкам, пракуратуру Маладзечанскага раёна і ў дзяржаўнае аб’яднанне “Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці”.

    Па заданні рэдакцыі Зоя Хруцкая рыхтавала публікацыю на тэму бясплатнай выдачы ўнітарным прадпрыемствам “Камунальнік” жыхарам горада Маладзечна кантэйнераў для раздзельнага збору смецця.

    Улічваючы, што тэма ўтылізацыі смецця з’яўляецца вельмі актуальнай праблемай, якая мае экалагічны падтэкст і вырашаецца на ўзроўні дзяржаўных інстытутаў, размяшчэнне падобных матэрыялаў на старонках газет і іншых выданняў грае выключную ролю ў яе вырашэнні і мае значны грамадскі інтарэс.

    Каб удакладніць неабходную інфармацыю, журналістка 18 лістапада патэлефанавала ва УП “Камунальнік”. У адказ на яе пытанні адзін са спецыялістаў прадпрыемства параіў для атрымання дазволу на інтэрв’ю звярнуцца да намесніка дырэктара па ідэалогіі Валерыя Альшэўскага.

    У тэлефоннай гутарцы з Альшэўскім  Хруцкая паспела сказаць толькі: “Мы б хацелі напісаць…”. “А мы б не хацелі”, — адказаў намеснік. Калі журналістка спыталася: “У сэнсе, што вы не хацелі?”, Валерый Альшэўскі вымавіў: “У прамым сэнсе” — і паклаў слухаўку. Другі званок, які журналістка зрабіла пад дыктафонны запіс, абарваўся адразу ж пасля таго, як яна назвалася і папярэдзіла, што гутарка запісваецца.

    Зоя Хруцкая лічыць, што адмова з боку ідэолага УП “Камунальнік” даць  інфармацыю, якая мае значны грамадскі інтарэс, парушае правы грамадзян, замацаваныя ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Законе “Аб сродках масавай інфармацыі”. Нежаданне даваць інфармацыю агульнадаступнага зместу пра дзейнасць УП “Камунальнік” наносіць шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, не спрыяе вырашэнню праблем экалагічнага выхавання грамадзян і выкананню норм заканадаўства аб абыходжанні з адкідамі.

    У накіраваных скаргах журналістка просіць згодна з кампетэнцыяй праверыць дзейнасць УП “Камунальнік” на адпаведнасць нормам беларускага заканадаўства ў галіне прадастаўлення агульнадаступнай інфармацыі журналістам СМІ і прыняць неабходныя меры па аднаўленні законнасці.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці