Сталі вядомыя лаўрэаткі і лаўрэаты прэміі «Голас пакалення свабоды-2026»
Сёлета прэмію атрымалі 9 лаўрэатак і лаўрэатаў. Трое асобаў з іх зашыфраваныя і не абвяшчаюцца публічна з меркаванняў бяспекі.

Партнёрамі сёлетняй прэміі сталі Беларускі ПЭН, Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Прэс-клуб Беларусь, Фонд «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» і Фонд Алеся Бяляцкага.
Мэтай прэміі ў 2026 годзе стала ўшанаванне выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 65+, якія пасля 2020 года былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі з‑за пераследу і працягваюць сваю працу па-за межамі краіны ў Польшчы, Чэхіі або Літве.
Прэмія прадугледжвае фінансавую ўзнагароду (некалькі тысяч еўра) і публікацыю матэрыялаў пра лаўрэатаў і лаўрэатак у зборніку, які будзе прэзентаваны ў лістападзе 2026 года. Асобаў для намінацыі можна было прапаноўваць праз анкету, якую распаўсюджвалі сузаснавальнікі, якія і намінавалі кандыдатаў і кандыдатак.
«Выказваю глыбокую павагу да лаўрэатаў і намінантаў прэміі за тое, што яны рабілі і робяць, як і наогул да ўсіх, чые галасы працягваюць гучаць у гэтыя несвабодныя часы», — зазначыў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
Публічныя лаўрэаты і лаўрэаткі прэміі «Голас пакалення свабоды 2026»
- Наталля Бордак (Наталка Хвоя)
- Алесь Лозка
- Аляксандр Манцэвіч
- Соф’я Савелава
- Аляксандр Смалянчук
- Тамара Шчапёткіна
Сёлета ў журы прэміі «Голас пакалення свабоды 2026» уваходзілі Святлана Алексіевіч (Беларускі ПЭН), Андрэй Бастунец (Беларуская асацыяцыя журналістаў), Надзея Белахвосцік (Прэс-клуб Беларусь), Алесь Бяляцкі (Фонд Алеся Бяляцкага), Уладзімір Лабковіч (Праваабарончы цэнтр «Вясна») і Марыя Садоўская-Камлач («Свабодная прэса для Усходняй Еўропы»).
«У нашай гісторыі занадта часта здаралася так, што чалавек усё жыццё будаваў свой дом, сваю справу, сваю Беларусь – а потым мусіў пакінуць усё і пачынаць спачатку. Але ёсць тое, што немагчыма адабраць і вывезці з чалавека. Яго голас. Гэтыя людзі захавалі свае галасы і працягваюць гаварыць, хоць сёння Беларусь не можа іх пачуць у сябе дома. Я веру, што прыйдзе час, калі гэтыя галасы вернуцца дадому», — падкрэсліла Святлана Алексіевіч.
На старонках зборніка
Галасы лаўрэатаў і лаўрэатак прэміі з’явяцца на старонках зборніка «Голас пакалення свабоды» – жывога сведчання творчай і грамадзянскай прысутнасці тых, хто не згубіў свой голас нават у выгнанні.
7 лістапада 2026 года (субота) у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці (Гданьск, Польшча, plac Solidarności, 1) адбудзецца публічная прэзентацыя зборніка «Голас пакалення свабоды».
У той жа дзень у межах праграмы адбудуцца:
- Урачыстая цырымонія ўручэння літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2026
- Сустрэчы з аўтарамі, абмеркаванні, чытанні і іншыя падзеі, прысвечаныя сучаснай беларускай літаратуры і культурнай спадчыне
Уваход на ўсе імпрэзы вольны.
Праект «Голас пакалення свабоды» суфінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.
@bajmedia