• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Акадэмія навук аспрэчыла меркаванне выканкама наконт матэрыялаў “Бобруйского курьера”

    Акадэмія навук не знайшла ў відэароліках “Бобруйского курьера”, якія патрабаваў выдаліць выканкам, прыкмет сацыялагічнага даследавання

    Бабруйскі гарвыканкам запатрабаваў у мясцовай анлайн-газеты “Бобруйский курьер” выдаліць з сайта пяць відэаролікаў на тэму выбараў, якія, нібыта з’яўляюцца незаконным даследаваннем грамадскай думкі. Інстытут сацыялогіі Акадэміі навук Беларусі ў адказ на запыт рэдакцыі патлумачыў, што называць гэтыя сюжэты сацыялагічным даследваннем нельга.

    У сярэдзіне ліпеня рэдакцыя “Бобруйского курьера” атрымала ліст з гарвыканкама за подпісам начальніцы аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Таццяны Гарбачовай з патрабаваннем выдаліць з сайта шэраг відэаінтэрв’ю з бабруйчанамі пра выбары і бягучую сітуацыю ў краіне.

    Галоўны ідэолаг Бабруйска спаслалася на арт. 9.28 КаАП РБ, паводле якога “правядзенне даследаванняў і апублікаванне вынікаў апытанняў грамадскага меркавання, датычных грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, чальцоў Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, магчыма толькі пры атрыманні акрэдытацыі ў Камісіі па апытаннях грамадскага меркавання пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”.

    Чыноўніца папярэдзіла рэдакцыю, што, калі матэрыялы не будуць выдаленыя, яна будзе вымушаная ініцыяваць пачатак адміністратыўнай справы.

    Галоўны рэдактар “Бабруйского курьера” Анатоль Санаценка не пагадзіўся з патрабаваннем ідэолага і з тым, што кароткія відэаінтэрв’ю з 5–9 грамадзянамі, якія звычайна выкарыстоўваюць журналісты ў сваёй працы, прыраўноўваюцца да сацыялагічнага даследавання.

    Ён накіраваў у Інстытут сацыялогіі НАН РБ зварот з просьбай патлумачыць, ці можна пералічаныя ў лісце гарвыканкама пяць ролікаў лічыць даследаваннем грамадскай думкі. Адказ прыйшоў наступны:

    “Сацыялагічным даследаваннем называецца працэс, які складаецца з лагічна паслядоўных метадалагічных, метадычных і арганізацыйна-тэхнічных працэдур, накіраваных на атрыманне дакладных дадзеных пра з’яву, якая вывучаецца, для наступнага практычнага прымянення. Лагічна паслядоўныя метадалагічныя, метадычныя і арганізацыйна-тэхнічныя працэдуры <…> уключаюць у сябе:

    1. Распрацоўку праграмы і плана сацыялагічнага даследавання;

    2. Распрацоўку методык і выбар і/ці распрацоўку інструментарыя;

    3. Арганізацыю збору эмпірычных дадзеных, іх апрацоўку;

    4. Апрацоўку і аналіз атрыманых вынікаў сацыялагічнага даследавання;

    5. Абагульненне вынікаў асобных этапаў даследавання і даследавання ў цэлым;

    6. Ацэнку паўнаты рашэння пастаўленых задач;

    7. Прад’яўленне і прыёмку сацыялагічнага даследавання з афармленнем акту прыёмкі.

    У адпаведнасці з прыведзенымі вышэй крытэрамі пададзеныя вамі ў звароце звесткі не дазваляюць сцвярджаць, што праводзілася сацыялагічнае даследаванне”.

    Галоўны рэдактар “Бабруйского курьера” таксама накіраваў зварот у пракуратуру г. Бабруйска з просьбай правесці праверку і прыняць меры пракурорскага рэагавання па абароне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

    Анатоль Санаценка сцвярджае, што кіраўніца ідэалагічнай працы сваім патрабаваннем выдаліць з інфармацынага рэсурсу відэаматэрыялы парушыла арт. 33 і арт. 34 Канстытуцыі. Гэтыя артыкулы гарантуюць грамадзянам Беларусі права на свабоду меркаванняў, перакананняў і іх выказванне, а таксама права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, пра палітычнае, эканамічнае, культурнае і міжнароднае жыццё, стан навакольнага асяроддзя.

    Пракуратура перанакіравала зварот на разгляд старшыні Бабруйскага гарвыканкама Аляксандру Студневу. Адказу ад яго рэдакцыя пакуль не атрымала.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці