Незалежная журналістка з Бярозы атрымала папярэджанне
У судзе Бярозаўскага раёна 1 верасня мусілі разглядацца адразу два адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя міліцыяй у дачыненні да мясцовай журналісткі Тамары Шчапёткінай.
Паводле першага пратакола, незалежная журналістка абвінавачвалася ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці, якое адбылося ў Бярозе 10 жніўня — на наступны дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
Аднак прадстаўленыя супрацоўнікамі Бярозаўскага РАУС доказы (у тым ліку відэазапіс акцыі) зусім не сведчылі, што Тамара Шчапёткіна была ўдзельніцай шэсця, як гэта вынікала з адміністрацыйнага пратакола.
Як даводзіла ў судзе адвакат Галіна Дрэбезава, журналістка сапраўды падыходзіла да ўдзельнікаў шэсця, рабіла фотаздымкі, але гэта не з’яўляецца правапарушэннем. У выніку суддзя Алена Нямкова вырашыла абмежавацца самым мінімальным пакараннем і вынесла Тамары Шчапёткінай папярэджанне.
Сама журналістка засталася задаволена тым, што суд не пакараў яе штрафам альбо арыштам, але ўсё роўна не лічыць вынесенае рашэнне справядлівым, бо не прызнае сябе вінаватай і спадзявался на апраўдальны вырак.
Тамара Шчапёткіна лічыць не суразмернымі дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ўвечары 10 жніўня, калі яе брутальна затрымалі на 72 гадзіны да суда, які быў прызначаны па гэтай справе на 12 жніўня. У выніку з‑за дрэнага стану здароўя журналістка з міліцэйскага пастарунка трапіла ў шпіталь, дзе знаходзілася на працягу пяці сутак.
Што тычыцца другога адміністрацыйнага пратакола у дачыненні Шчапёткінай нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Бярозе 23 жніўня, то яшчэ да пачатку судовага працэсу ён быў вернуты ў міліцыю на дапрацоўку.