• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: інтэрнэт-рэсурсы «Медиазоны.Беларусь», «Салідарнасці» і NEXTA

    Міністэрства інфармацыі Беларусі 28 жніўня чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    У гэты спіс уключылі Telegram-бот «Рэдакцыя Медиазоны Беларусь» (ідэнтыфікатар https://t.me/mediazonaaby). 26 жніўня 2026 года суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў яго  «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».

    «Медиазона. Беларусь» — гэта незалежнае інтэрнэт-выданне, якое факусуецца на судовых працэсах, дзейнасці праваахоўных органаў і пенітэнцыярнай сістэмы, асвятляе факты палітычнага пераследу і парушэнняў правоў чалавека.

    У лютым 2025 года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прызнала медыяпраект «Медыязона. Беларусь» «экстрэмісцкім фармаваннем». У гэтым рашэнні сілавога ведамства фігуруюць і назвы сацсетак, праз якія нібыта ажыццяўляецца «экстрэмісцкая дзейнасць».

    У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі таксама Telegram-акаўнт «Реклама NEXTA 2» (ідэнтыфікатар https://t.me/reklama_nexta) і Telegram-бот «Редакция NEXTA» (ідэнтыфікатар https://t.me/nextamail_bot). Гэта зроблена паводле рашэння суда Ленінскага раёна Гродна ад 26 жніўня 2026 года, які пастанавіў лічыць кантэнт інтэрнэт-рэсурсаў «экстрэмісцкім».

    NEXTA — гэта беларускі незалежны медыяпраект, які атрымаў шырокую вядомасць падчас масавых пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. Спачатку гэта быў YouTube-канал, зараз праект працягвае дзейнасць на розных платформах. Рэдакцыя працуе ў вымушанай эміграцыі ў Варшаве.

    Каналы праекта і сам лагатып NEXTA былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У кастрычніку 2021 года рашэннем МУС Беларусі праект NEXTA быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем», у красавіку 2022 года Вярхоўны суд Беларусі абвясціў NEXTA «тэрарыстычнай арганізацыяй».

    У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма ўключылі Telegram-акаўнт «Салідарнасць — сувязь з рэдакцыяй» (ідэнтыфікатар https://t.me/Gazetaby_connect) і яго лагатып — графічны контур тэрыторыі Рэспублікі Беларусь чырвонага колеру, у цэнтры якога знаходзіцца загалоўная літара «С» і надпіс «сувязь» белага колеру. «Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» іх прызнаў суд Ленінскага раёна Гродна, рашэнне таксама было вынесена 26 жніўня 2026 года.

    «Салідарнасць» — гэта адно з найстарэйшых і найбольш вядомых беларускіх незалежных грамадска-палітычных выданняў. Праз сваю незалежную пазіцыю газета пастаянна сутыкалася з рэпрэсіямі: яе выкідвалі з дзяржаўных сетак распаўсюду і пазбаўлялі магчымасці друкавацца. Страціўшы магчымасць выдавацца на паперы, «Салідарнасць» поўнасцю перайшла ў лічбавы фармат і пачала развіваць партал gazetaby.com.

    Сайт і яго «люстэркі» былі заблакаваныя на тэрыторыі Беларусі рашэннем Міністэрства інфармацыі. Сацсеткі і матэрыялы выдання прызнаныя ўладамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

    Суд Ленінскага раёна Магілёва 26 жніўня 2026 года прызнаў «экстрэмісцкім» змест сайта магілёўскага грамадскага цэнтра «Кола» (ідэнтыфікатар https://centrkola.by), а таксама яго старонкі ў сацыяльных сетках «ВКонтакте» (ідэнтыфікатар https://vk/com/centrkola) і Insta­gram (ідэнтыфікатар https://instagram.com/centr_kola).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.