• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У медыяпрасторы з’явіўся новы гулец: ці пачуе свет голас беларусаў

    У беларускай медыяпрасторы з’явіўся новы гулец — стрымінгавая платформа Belarus Tomor­row. Гэты праект стварыў кансорцыўм «Медыярынак», зарэгістраваны ў Польшчы. Ён аб’ядноўвае тры выданні: «Еўрарадыё», Malan­ka Media і «Белорусы и рынок». Стваральнікі разглядаюць платформу як зародак нацыянальнага грамадскага тэлебачання, якое мусіць стаць альтэрнатывай афіцыйнай прапагандзе.

    стрымінгавая платформа Belarus Tomorrow

    Павел Марыніч. Фота з асабістай старонкі ў Face­book

    Стваральнікі праекта прэзентуюць Belarus Tomor­row як «незалежныя беларускія медыі ў вашым тэлевізары». Прадукцыю платформы можна глядзець праз спадарожнік, а ў хуткім часе – і праз мабільнае прыкладанне Smart TV.

    Пра цяперашні стан маштабнага праекта БАЖ пагутарыў з кіраўніком Malan­ka Media і стрымінгавай платформы Belarus Tomor­row Паўлам Марынічам.

    Сетку вяшчання мусіць вызначаць Наглядальная рада

    – Стрымінгавая платформа Belarus Tomor­row ужо працуе з 5 сакавіка, але пакуль свой кантэнт на пляцоўцы размяшчаюць «Еўрарадыё», Malan­ka Media і «Белорусы и рынок», – кажа Павел Марыніч. – Мы ўжо выходзім са сваёй сеткай вяшчання, але, каб дадаць новыя медыя, зараз мы ствараем палітыку аўтарскага права. Гэта дамовы, якія будуць заключацца паміж стрымінгавай платформай Belarus Tomor­row і незалежнымі медыямі на права выкарыстання іх медыйных прадуктаў. Праекты пагадненняў пакуль распрацоўваюцца, аднак мы ўжо дамовіліся з чатырма вядомымі стваральнікамі медыякантэнту (я не магу іх называць).

    Апрача таго, ужо ствараецца Наглядальная рада, куды, па задуме, мусяць увайсці прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), медыяэксперты, магчыма, праваабаронцы: мы ўжо даслалі адпаведныя запыты. Галоўная наша мэта – прыцягнуць у Наглядальную раду прадстаўнікоў беларускай медыясферы, якія самі не вырабляюць кантэнт.

    Мы лічым, што ў ідэале сетку вяшчання, каб пазбегнуць сварак і праблемаў паміж стваральнікамі кантэнту (каму які эфірны час дастанецца), мусіць вызначаць Назіральная рада, а не наш кансорцыўм.  

    Мабільнае прыкладанне будзе зробленае па ўзоры Netflix

    – Дзе спажыўцы могуць знайсці прадукцыю Belarus Tomor­row ужо зараз?

    – Цяпер нас можна знайсці толькі праз спадарожнік. Як толькі з’явіцца мабільнае прыкладанне Smart TV, нас можна будзе знайсці паўсюль, дзе ёсць інтэрнэт. Галоўная мэта вялікай экспансіі – каб голас беларусаў чулі ва ўсім свеце. Мы можам выказваць свае думкі, мары, казаць пра свой шлях развіцця. Беларусь – гэта не Лукашэнка і не Расія.

    – Чым адрозніваецца стрымінгавая пляцоўка ад класічнага тэлебачання?

    – Мы, як самастойныя медыі, вырабляем уласны кантэнт у звыклых для нас фарматах. Але ж свае фарматы маюць і «Наша Ніва», і «Зеркало», і Беларускі раследвальніцкі цэнтр. Мы выступаем у ролі агрэгатара: мабільнае прыкладанне будзе зробленае па ўзоры Net­flix, дзе будуць бібліятэкі, дзе можна будзе паглядзець і дакументальныя стужкі, і канцэрты беларускіх выканаўцаў, і спектаклі купалаўцаў. То-бок на платформе будзе сабраная самая разнастайная прадукцыя незалежных СМІ. Мы даём новы інструмент, каб прадукцыю незалежных СМІ пабачыла як мага большая аўдыторыя, а не толькі карыстальнікі YouTube.

    Стрымінгавая платформа – гэта яшчэ і лічбавая бяспека. Увесь інтэрнэт заблакаваць немагчыма, а мы ўжо маем досвед працы і з Google, і з Apple: Malan­ka Media распрацоўвала сваё праграмнае прыкладанне, якое досыць няблага сябе зарэкамендавала.

    стрымінгавая платформа Belarus Tomorrow

    Заснавальнікі Belarus Tomor­row Павел Марыніч (на пярэднім плане) і Дзмітрый Новікаў у Еўрапарламенце на адкрыцці спадарожнікавага канала «Свобода», з якога вяшчае беларуская стрымінгавая платформа

    Belarus Tomorrow можна глядзець з Беларусі

    – Трэба разумець, у перспектыве стрымінгавая платформа Belarus Tomor­row мусціь стаць альтэрнатывай дзяржаўнай прапагандзе?

    – Канешне. Тое, што мы зараз робім, – першы крок да нацыянальнага вяшчання. Стрымінгавая платформа можа стаць асновай для стварэння нацыянальнага грамадскага тэлебачання. Зараз Лукашэнка адкрывае новы тэлевізійны канал, чатыры FM-станцыі з шансонам. У адказ мы павінны аб’ядноўвацца і прыкладаць усе высілкі, каб змагацца з лукашэнкавай прапагандай.

    – Ці атрымаюць доступ да стрымінгавай платформы грамадзяне Беларусі, якія засталіся ў краіне?

    – Канешне, гэта праект пра беларусаў і для беларусаў. Прама цяпер можна настройваць спадарожнікавыя талеркі на нашыя частоты і глядзець нас на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Беларусы ўжо глядзяць нас: па фідбэку мы сустракаем вельмі прязныя каментары на наш адрас. А праз спадарожнік Astra нас могуць глядзець Украіна, Малдова, Казахстан і Расія да Урала.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці