• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Інтэрнэт — сіла. Да 2020 улады гэтага не разумелі». Стваральнік Гродзенскага форума расказаў пра байнэт нулявых

    Гродзенскі форум існуе больш за 20 гадоў і абнаўляецца дагэтуль. Людзі ўсё яшчэ шукаюць там працу, абмяркоўваюць музыку, якая грае ў іх на камп’ютарах, і нават просяць падказаць кантакты правераных знахараў. Hrodna.life паразмаўляў са стваральнікам форума Аляксеем Радсам і даведаўся, як сэрвіс навучыў гродзенцаў аб’ядноўвацца ў супольнасці.

    Стваральнік Гродзенскага форума Аляксей Радс расказаў пра байнэт нулявых

    Заснавальнік Гродзенскага форума Аляксей Радс. Фота з архіву героя, калаж Hrodna.life

    Гродзенскі форум — сэрвіс, які ў 2001 годзе стварыў праграміст Аляксей Радс. У нулявых форум быў адной з галоўных пляцовак для анлайн-зносін сярод гродзенцаў. У дзень яго наведвала да 20 тысяч унікальных карыстальнікаў. На форуме было шмат тэматычных галін: знаёмства, абмен вопытам, пошук працы, культурнае жыццё горада, палітыка. Можна было прадаваць і набываць рэчы, пакідаць бясплатныя аб’явы і прасоўваць свае паслугі.

    Першыя гады: форум хацелі закрыць, але толькі дадалі яму папулярнасці

    — З чаго пачалася гісторыя форума?

    — На пачатку 2000‑х я працаваў на «Белтэлекаме» і ў жыхароў Гродна была патрэба ў дошцы аб’яваў. Яны нават пісалі нам на мэйл, што няблага было б запусціць такое «пытанне-адказ». І я запусціў гэстбук [guest­book або «гасцявая кніга», то-бок раздзел сайта, дзе можна было пакідаць каментары — Hrodna.life], падтрымліваў, перыядычна з’яўляліся нейкія заўвагі. Але ў асноўным там цікавіліся жыхарамі Гродна.

    У той час акурат актыўна развіваліся форумы і я, як праграміст, вывучаў гэтую тэму. Ну і любіў віртуальныя зносіны. Так паступова форум пачаў развівацца. Яго першымі карыстальнікамі былі іншаземцы, таму што інтэрнэту ў Гродне не было. Тады ў «Белтэлекаме» было ўсяго 16 мадэмаў.

    Раней для выхаду ў інтэрнэт карыстальнікам даводзілася падключацца праз тэлефонныя сеткі. Пры нізкай хуткасці (ад 32 да 128 Кбіт/с супраць сённяшніх 100 Мбіт/с) і дэфіцыце мадэмаў выхад у анлайн не быў масавай з’явай. Акрамя таго, дазвон у інтэрнэт праз dial-up займаў тэлефонную лінію і паралельна размаўляць па тэлефоне было немагчыма.

    — Чаму форуму давялося змяніць дамен з grodno.by на grodno.net?

    — Тэлекамаўскае кіраўніцтва ўпершыню даведалася пра форум у 2005 годзе, калі здарыліся парламенцкія выбары — тады [ў Гродне] выбіралі Маскевіча [Сяргей Маскевіч — рэктар ГрДУ з 1997 па 2005 гг. — Hrodna.life]. І нейкі студэнт дрэнна пра яго напісаў — пасля яго вылічылі.

    Мяне звольнілі цягам 15 хвілін. Сказалі: «Сцірай усю інфармацыю». Ага. Ну, запісаў усё на CD-ROM і — да сустрэчы.

    Тады яшчэ была «Аська» [мэсэнджэр ICQ, папулярны на пачатку 2000‑х спосаб зносін у інтэрнэце, існаваў з 1996 года, быў закрыты ў 2024 — Hrodna.life] і мне адразу пачалі па ёй пісаць і пытацца, чаму форум не адчыняецца.

    Праз дзень на новым дамене grodno.net адкрылі форум. Людзі па той жа «Асьцы» перайшлі, я нават не чакаў — у адзін дзень там тысяча чалавек зарэгістраваліся. Страты ў карыстальніках я не заўважыў, наадварот — пайшоў рост.

    «Форум быў міні-дзяржавай: сказаў нешта не тое — забаняць»

    — Росквіт форума прыйшоўся на нулявыя. Чым табе запомніўся гэты час?

    — Першая наша галіна была прысвечана знаёмствам. Асабіста я ведаю пяць пар, якія ў выніку знаёмства на форуме ажаніліся.

    Форумчанамі былі матываваныя людзі, якія гарэлі зносінамі. Яны праходзілі праз усе мажлівыя і немажлівыя складанасці рэгістрацыі. Заводзілі фэйкавыя акаўнты, калі іх асноўныя банілі.

    Стваральнік Гродзенскага форума Аляксей Радс расказаў пра байнэт нулявых

    На Гродзенскім форуме былі дыскусіі амаль на любыя магчымыя тэмы. Скрыншот форума за ліпень 2011, web.archive.org

    Некаторыя рабяты сядзелі ў канкрэтных тэмах. І вось, мамка сканчвала па тэлефоне размаўляць і вызваляла лінію. Тады яны падключаліся да інтэрнэту, заходзілі на форум, адкрывалі свае дзесяць укладачак, а пасля адключаліся ад інтэрнэту і чыталі, што новага адбылося. Затым зноў падключаліся і адпраўлялі свае адказы — нават было відаць, што адзін і той жа чалавек цягам некалькіх секунд адаслаў паведамленні ў пяць-дзесяць тэм.

    Фактычна, форум быў міні-дзяржавай: сказаў нешта не тое — забаняць. І ўсе разумелі і прымалі, што гэта дэмакратычны інструмент. Для людзей, якія хацелі паразмаўляць без правіл, у нас была тэматычная галіна. Вось там ужо ніякіх пакаранняў не было.

    Для карыстальнікаў вялікае значэнне мела «карма» [асабісты рэйтынг, які фарміраваўся на аснове адзнак форумчан — Hrodna.life]. Быў адзін карыстальнік, які адмыслова збіраў адмоўную «карму», і дайшоў да ‑5000. Некаторыя, наадварот, збіралі станоўчую «карму» і вельмі абураліся, калі ім ставілі мінусы.

    Калі казаць па часнаку, па запыту «Гродна» форум быў першым у пошуку і самым наведвальным. Прынамсі пакуль Чабоцька [уладальнік агрэгатара навін пра Гродна s13.ru — Hrodna.life] не накруціў.

    У гродзенскім інтэрнэце ў сярэдзіне і другой палове 2000‑х стартавала адразу некалькі папулярных сайтаў. Акрамя найболей паспяховага s13.ru, гэта былі: Гродзенскі блог (blog.grodno.net), Гродзенскі чат «Іншая рэальнасць», блог Кнопыча, блог Мабільны мандарын, Гродзенскі фотаблог, моладзевы сайт «Твой стыль», бізнес-праект grodno.biz і іншыя. Праекты не капіравалі адзін аднаго бяздумна — у кожнага была свая спецыфіка. Напрыклад, s13.ru быў найбольш нейтральным, blog.grodno.net — найбольш палітызаваным, а «Твой стыль» — прынцыпова беларускамоўным.

    — Ці была цэнзура на форуме?

    — Акрамя абразаў — нічога не было, ні палітычнай, ні нейкай яшчэ. У 2007−2009 з’явіліся спайсы, а менты нават не ведалі, што гэта такое. Гэта, канешне, спынялася. Але гэтыя спайсеры былі як шалёныя — у дзень стваралі па некалькі дзясяткаў профіляў, каб посціць. Выдаляць давадзілася ўручную.

    Стваральнік Гродзенскага форума Аляксей Радс расказаў пра байнэт нулявых

    Аляксей Радс, стваральнік Гродзенскага форума. Фота з архіву героя

    Былі і закрытыя галіны ад зусім ужо старонніх вачэй — 18+. Здымачкі дзявуль, і гродзенскіх, і не гродзенскіх. А яшчэ тое, што людзі не хацелі выкатваць — напрыклад, спецыялізаваныя аматарскія сеткі жыхароў мікрараёнаў. У знаёмых са Шчорса была вельмі моцная лакалка — унутры пад’езда злучаліся кабелем, знешне ставілі Wi-Fi-антэну. Ну і быў у іх інтэрнэцік невялікі.

    Лакальная сетка аб’ядноўвае некалькі камп’ютараў, якія злучаюцца агульным каналам сувязі і знаходзяцца непадалёк адзін аднаго — часцей за ўсё ў адным будынку. Такія сеткі могуць стварацца ў офісах для спрашчэння працэсу перадачы файлаў, а таксама ў асобных жылых дамах для сувязі паміж суседзямі.

    — Канешне, я не мадэраваў форум адзін. У нас было да 200 мадэратараў, якія прыходзілі па покліку душы. Некаторыя былі вельмі эфектыўнымі. Я праводзіў міні-даследаванне, каб не аддаць галіну каму-небудзь, хто можа псіхануць і яе выдаліць.

    Мадэратары форума розных гадоў — вядомыя ў гродзенскай тусоўцы людзі. Нікі Kon­rad, Mag­gie, Альгуня, Баніфацый, V.I.T.A.L. і іншыя знаёмы многім не толькі па анлайн-актыўнасці, але і па сустрэчах у рэальным жыцці.

    «Сустрэчы фарумчан былі для іх аддушынай». Як Гродзенскі форум ствараў супольнасці

    — Форум стаў месцам, якое магло аб’яднаць і бізнесменаў, і гісторыкаў, і тых, хто хацеў проста паразмаўляць. Як так выйшла?

    — Першапачаткова гэта задумвалася як дошка аб’яваў, і ў гэтым плане форум вельмі добра працаваў. Людзі давалі камерцыйныя і некамерцыйныя аб’явы, плюс групы паводле інтарэсаў — напрыклад, для матуль. Вельмі шмат ініцыятыў на форуме зарадзілася, той жа NightC­i­ty і Auto­grod­no.

    NightC­i­ty паўстаў на Гродзенскім форуме як ініцыятыва экстрэмальных шпацыраў па начным горадзе. Спачатку людзі збіраліся невялікімі кампаніямі, але за 15 гадоў існавання NightC­i­ty ператварыўся ў сапраўдны гарадскі квэст. Таксама на форуме адной з самых папулярных галін стала «Гісторыя Гродна і Гродзеншчыны» — у ёй налічвалася да 200 тэм. Краязнаўцы і аматары гісторыі заходзілі на форум, каб абмяняцца архіўнымі фотаздымкамі і знайсці адказы на пытанні, якія іх цікавілі.

    — Форум дасягнуў такой папулярнасці, што выйшаў за межы анлайна. Напрыклад, карыстальнікі ладзілі сходкі — распавядзі пра гэта падрабязней.

    — Кожны год вясной мы святкавалі дзень народзінаў форума — здымалі які-небудзь рэстаранчык. На піку на свята прыходзіла каля 250 чалавек.

    Сустрэчы форумчан былі для іх аддушынай. Людзі сустракаліся, нягледзячы на тое, што там былі дзікія антаганісты — у выніку яны напіваліся ў зюзю і спявалі адзін з адным песні.

    З 2006 года фарумчане пачалі святкаваць Дзень нараджэння Гродзенскага форума (ДРФ). Звычайна тусоўкі праходзілі ўвесну. На фота — ДРФ‑5 у сакавіку 2010 года. Фота: banifacyj.livejournal.com

    Форум навучыў людзей зносінам у інтэрнэце. Раней усе думалі, што інтэрнэт — гэта сказаў у пустэчу і нічога не будзе. А насамрэч пасля адлоўлівалі і мяцелілі, таму што ў прынцыпе Гродна горад маленькі, усе адзін аднаго ведаюць. «Я цябе па IP вылічу» была не проста фраза, рэальна можна было вылічыць.

    Гродзенскі форум сёння: «Там сядзяць старажылы, якія знайшлі для сябе нішавыя зносіны»

    — У які перыяд форум пачаў страчваць сваю папулярнасць?

    — Прыход «Аднакласнікаў» асабліва не паўплываў, а вось ВК — адразу адчулася. Там вельмі хутка пачало расці гродзенскае кам’юніці.

    Форум усё ж такі дастаткова стары і з‑за яго кандовага, незразумелага інтэрфейсу парог уваходу для звычайных карыстальнікаў павышаўся. А людзям ужо былі не патрэбны зносіны, ім патрэбна была інфармацыя і спажыванне кантэнту.

    — Чаму не ліквідуеце форум?

    — Рукі не даходзяць — пакуль ён працуе ў аўтаматычным рэжыме. Закрыць форум трэба па-добраму і правесці пэўныя мерапрыемствы — папярэдзіць людзей хаця б за паўгода.

    З іншага боку, гэта вялікі архіў. Таму ёсць і за, і супраць. У форума ёсць спонсар. Ён прадастаўляе і дамен, і хосцінг — пакуль нічога не пытаецца.

    У лепшыя гады на форуме былі спонсары ледзь не ў кожнай галінцы. Форум у ліпені 2011, скрыншот web.archive.org

    Гродзенскі форум быў настолькі важнай часткай гарадскога жыцця 2000‑х і 2010‑х, што пра яго нават напісалі кнігу. Гродзенскі гісторык Андрэй Павач (насамрэч за гэтым псеўданімам хаваюцца два даволі вядомыя гісторыкі) у 2019 годзе выпусціў кнігу «Гродно. За (зеркалье)» — зборнік гісторыі, знойдзеных на Гродзенскім форуме. Кніга даступная анлайн у фармаце pdf.

    Зараз рэсурсы форума ў пяць разоў вышэй, чым яму трэба. Той сервер, які мы набылі на піку, дастаткова моцны. Але зараз трафік нашмат меншы, таму можна пераехаць на іншы сервер. Але гэта таксама пэўная праца.

    — Цябе здзіўляе, што людзі дагэтуль вяртаюцца на форум?

    — Некаторыя галіны вельмі старыя і жывуць да гэтага часу. І тады, і зараз мне прыемна, што я прыношу людзям хаця б нейкую карысць. Аб цяперашнім кантынгенце форума ў мяне мала ўяўленняў. Але ў асноўным гэта, мусіць, старажылы, якія знайшлі для сябе супер нішавыя зносіны, якіх няма ў іншых сацсетках.

     Ніколі не задумваўся аб пераносе форума на іншыя пляцоўкі?

    — Я думаў, дапусцім, зрабіць нешта накшталт Telegram-бота. Але гэтым трэба займацца вельмі шмат, а ў мяне вольнага часу няма. Калі я працаваў на «Белтэлекаме», у мяне яго была маса. Потым ужо паменш, але ў мяне быў і невялікі камерцыйны інтарэс з 2015 па 2018 год — форум прыносіў прыбытак за кошт рэкламы.

    Аб стаўленні рэжыму да форума: «Улады не ўсведамлялі ўсю сур’ёзнасць інтэрнэту»

    — Форум прызнаюць экстрэмісцкім?

    — Ды няхай прызнаюць, я буду толькі рады — хоць нейкая заслуга ў жыцці, гэта ж ганаровае званне. Але ўсё ж такі форум стаў настолькі нішавым, што яго ніхто не заўважае — ён ніжэйшы за радары.

    У 2020 на верхні банэр я павесіў БЧБ-плашачку, і толькі недзе ўвесну 2021 мне патэлефанавалі хлопцы. «Аляксей Юр’евіч, здыміце, калі ласка». Я кажу: «Добра, чаго ўжо там». Ды там і ад «Паліт-хаты» [галіна форума, дзе раней праходзілі жорсткія палітычныя дыскусіі — Hrodna.life] засталося, можа, чалавек дзесяць.

    Той самы бел-чырвона-белы банер на форуме ўвосень 2020. Скрыншот: web.archive.org

    Да 2020 года ўлады не ўсведамлялі ўсю сур’ёзнасць інтэрнэту, яны думалі, што гэта тое самае, што на кухні пасядзець паразмаўляць. А калі праз Telegram-каналы пачалі дзеянні арганізоўвацца — трон захістаўся і яны сур’ёзна сталі гэтым займацца. Аддзел па камп’ютарных злачынствах працаваў у іх з барадатых часоў, ледзь не з 2005 года, але расследаваў крадзяжы з банкаўскіх картак.

    — А калі ты зразумеў, што інтэрнэт — гэта сур’ёзная рэч?

    — Адразу. Я ў інтэрнэт і прыйшоў, таму што ўбачыў у ім сілу і мне захацелася паўдзельнічаць. Зразумеў, што гэта дастаткова сур’ёзная штука перш за ўсё з‑за таго, што гэта сістэма, якая жыве сваім жыццём. Самае галоўнае не перашкаджаць, а правільна накіроўваць, каб развіваліся ініцыятывы — тады гэта вялікая сіла.

    «Увесь горад на вушах». Што адбываецца ў Гродне пасля прызнання папулярнага гарадскога сайта «экстрэмісцкім»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці