• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як даць рады заліпанню ў сацсетках? Парады псіхалагіні

    Падчас стрэсу мы нярэдка заліпаем у сацыяльныя сеткі і навіновыя стужкі, каб адшукаць кантэнт, які можа нас заспакоіць або вярнуць адчуванне кантролю за ўласным жыццём. Але што рабіць, калі экранны час ідзе на гадзіны?

    34mag абмеркаваў з гештальт-тэрапеўткай Воляй Міхайлавай гэтую з’яву, каб намацаць шляхі паратунку для тых, хто бясконца заліпае ў тэлефон.

    што рабіць, каб не заліпаць у сацсетках

    Фотa: Palasat­ka

    Чаму мы заліпаем у тэлефонах?

    Гэта лёгкі спосаб закрыць нейкую патрэбу. Хтосьці з дапамогай сацсетак расслабляецца і адпачывае, шукае прыемныя пачуцці і адчуванні. Ад сацыяльнага сёрфінгу можна атрымліваць задавальненне, а можна пракрастынаваць і ўвогуле сыходзіць ад рэальнасці – усё залежыць ад таго, які кантэнт спажываць. І нават хваравітае занурэнне ў навіновую стужку, дзе пераважаюць негатыўныя звесткі (думскролінг) мае канструктыўны падмурак, бо звычайна гэта намаганне ўзяць рэальнасць пад кантроль, падрыхтавацца да розных небяспек, на якія багаты наш свет.

    Сыход у стужку сацсетак можа бачыцца як спосаб барацьбы з трывогай. Напрыклад, заўтра ў цябе стрэсавы дзень з кучай спраў і ты не хочаш, каб ён пачынаўся. Па-добраму ўвечары лепш своечасова ўкласціся спаць і даць мозгу патрэбны яму рэсурс, але як толькі ты ўладкуешся адпачываць, то імгненна сустрэнешся з рэальнасцю: стрэсавы дзень сапраўды блізка, ён вось-вось надыдзе – і давядзецца вырашаць складаныя задачы.

    А вось калі ты заліпнеш у сацсеткі, то быццам не дакранешся да непрыемнай рэальнасці. Такое пазбяганне насамрэч толькі пагаршае трывогу, асабліва ў людзей, якія да яе схільныя.

    Думскролінг, які быццам падрыхтоўвае чалавека да дрэнных падзей, можа, наадварот, мацаваць асабістыя страхі. Людзі з высокай ступенню трывожнасцю трапляюць у заганнае кола, калі думаюць, што, чытаючы навіны, кантралююць тое, што адбываецца ў свеце. Відавочна, гэта не так. Навіны непазбежна прыносяць перажыванні і негатыўныя думкі, у якіх чалавек захрасае. Узровень стрэсу павялічваецца, цела знаходзіцца ў сталай напрузе, і ў нейкі момант арганізм захоча вельмі рэзка і моцна расслабіцца – а гэта можа прывесці да зрыву ці панічнага нападу.

    Прага сацсетак – гэта залежнасць?

    Па сутнасці залежнасць ад тэлефона мае падабенства да алкагольнай або гульнявой залежнасці. Таму, калі чалавек схільны да чагосьці такога, то і ў фэйсбуку ці інстаграме можа затрымлівацца дужа надоўга. Адсюль знаёмая многім сітуацыя, калі садзішся ўвечары пагартаць стужку на пяць хвілін – і не заўважаеш, як прайшло ўжо некалькі гадзін.

    Адбяры ў чалавека тэлефон – і яна ці ён можа ўстрывожыцца, адчуе пустэчу, недахоп чагосьці, а разам з тым – немагчымасць гэту пустэчу запоўніць ці нечым перакрыць. Асабліва актуальна для тых, хто нават не ведае, што, акрамя сацсетак, можа зрабіць іх бачнымі, патрэбнымі, дзе яшчэ шукаць расслабленне і пацеху.

    Як паменшыць злоўжыванне хуткім кантэнтам?

    Першы крок – прызнаць праблему, а потым задаць сабе пытанне: «Чаму так адбываецца і што я шукаю ў “чорным люстэрку”?» Гэта пазбяганне ці мой спосаб адпачыць? Магчыма, так я трымаю сувязь з атачэннем і ствараю ілюзію кантакту з людзьмі? А можа, мне не хапае пазітыўных пачуццяў, і таму я да трох ночы гляджу відэа з коцікамі ды сабачкамі? Варта зразумець, што менавіта ты знаходзіш у тэлефоне, ад чаго ты ў яго сыходзіш.

    Другі крок (не, тэлефон выкідваць ніхто не прапануе!) – даследаваць свае асабістыя патрэбы. Некаторыя людзі абіраюць радыкальныя метады барацьбы з бессэнсоўным скролінгам: напрыклад, ставяць жорсткія часавыя рамкі – «гадзіна і не больш!». Але такі падыход стварае напружанне, і далёка не ў кожнага чалавека хопіць рэсурсу і сілы волі на такое абмежаванне. Ёсць больш канструктыўны варыянт – прыслухацца да сябе і сваіх патрэбаў. 

    Напрыклад, чалавек можа мець патрэбу ў кантакце з асяроддзем, яму важна сачыць за жыццём іншых людзей, глядзець на іх, камунікаваць – і тады праз стужку ён ці яна будзе цягнуцца да гэтай камунікацыі, ствараючы ілюзію кантакту.

    Калі выяўляецца такая матывацыя, варта задаць сабе пытанне: «А калі я апошні раз хадзіў(-ла) некуды з сябрамі?» Можа, табе не стае зносін і варта паклікаць кагосьці прагуляцца. Калі на шпацыры не хапае рэсурсу, выйсце ў тым, каб прызнаць патрэбу і пачаць за сабой назіраць.

    Цікава, што гэтая тактыка пачынае працаваць нават без аніякіх дадатковых намаганняў. Калі ты ўсведамляеш праблему, то пачынаеш больш заўважаць ды разумець свой стан і здольны(-ая) свядома разарваць заганнае кола з думскролінгам – адкласці тэлефон або замяніць вэб-сёрфінг іншымі справамі. Напрыклад, стэлефанавацца з сябрам – гэта пра тыя ж сацыяльныя патрэбы, якія ты намагаешся закрыць вывучэннем пастоў у фрэнд-стужцы. Толькі калі ў сеціве ты атрымліваеш ілюзію сацыяльных кантактаў, то падчас жывой размовы можаш і прыгатаваць нешта смачнае, і пагуляць, і расцяжку зрабіць. А гэта ўжо выхад на іншы ўзровень якасці жыцця.

    Для кагосьці можа падысці варыянт адкладаць тэлефон у іншы пакой па вечарах, калі зацягвае ўжо ў ложку і бывае складана заснуць. Можна паспрабаваць адкладаць тэлефон так, каб да яго нельга было дацягнуцца. Тут як з прысмакамі: хочаш перастаць іх есці – трэба хаця б перастаць іх купляць.

    А вось каб свядома агароджваць сябе ад сацсетак па часе, трэба мець вялікі рэсурс, якога не заўсёды хапае, асабліва калі ты стомлены(-ая). Таму агульная рэкамендацыя: пачні з назірання.

    Як дапамагчы блізкім?

    Заўсёды варта рабіць праблему відавочнай. Не факт, што вы будзеце адразу пачутыя, але можна спрабаваць размаўляць. Калі чалавек думскроліць, у яе ці яго перарываецца кантакт з сабой. Схематычна выглядае так: я прыходжу дадому, кладуся, бяру тэлефон – усё. Нават не паспяваю задаць сабе пытанне, чаго я хачу і як сябе адчуваю. Замест гэтага ўскакваю ў тэлефон і сваю стужку. Так паступова губляецца адчуванне ўласных запатрабаванняў.

    Ты можаш сказаць: «Слухай, ты так шмат часу праводзіш у тэлефоне, я за цябе хвалююся (або: мне цябе не хапае). Я заўважаю, як ты ад гэтага стамляешся, як рэдка ты ходзіш на шпацыры. Я бачу, як ты стомлены(-ая)». У любым выпадку варта падсвечваць праблему і шукаць яе карані.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Телеграм‑бот «Глаз бога» и «Магнит». Как милиционеры пробивают телефонные номера, почты и адреса беларусов

    Чтобы узнать, что у вас есть «безопасная» почта, вычислить адрес, куда вам привозят доставку еды (на квартиру, о которой никто не знает?) или в каких городах вы были, когда оплачивали сервисы в интернете — можно не отбирать ваш телефон или карту. Милиционеры пользуются ботами, которые уже собрали всю эту информацию — например, «Глаз бога». «Медиазона» вместе с «Киберпартизанами» рассказывает, как устроен бот.
    07.09.2023
    Акцэнты

    Какую информацию о нас хранят телеграм‑боты, чем они опасны и как удалить их из аккаунта? Отвечают эксперты

    21.08.2023
    Акцэнты

    Стипендии на создание журналистского контента для белорусских медийщиков (до конца 2024 года)

    Эта поддержка покрывает все расходы на производство материалов, а также предполагает авторский гонорар.
    19.04.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці