БАЖ запусціў анімацыйны праект, каб расказаць свету пра журналістаў-палітвязняў
13 лістапада выйшаў першы з пяці анімацыйных відэаролікаў на англійскай мове, які расказвае пра зняволеных беларускіх журналістаў. Праект Word behind bars («Слова за кратамі») разлічаны на заходнюю аўдыторыю і распаўсюджваецца праз сацсеткі, папулярныя ў англамоўных краінах.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Журналісты ў Беларусі атрымліваюць рэальныя турэмныя тэрміны за сваю працу: сёння за кратамі знаходзяцца 36 супрацоўнікаў медыяў. Аднак напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі градус рэпрэсіяў толькі павялічваецца, і журналісты (у тым ліку і былыя) знаходзяцца ў зоне павышанай рызыкі.
Журналістка Дар’я Чульцова за адзін стрым правяла два гады за кратамі. Рэдактар Вольга Лойка амаль год правяла ў турме за тое, што расказвала беларусам пра палітыку і эканоміку. Фатограф Аляксандр Васюковіч адседзеў тры месяцы за асвятленне пратэстаў. Пад пагрозай далейшага керымінальнага пераследу ўсе яны былі вымушаны пакінуць Беларусь.
Адна са стваральніц праекта «Слова за кратамі» Глафіра Жук расказала, што ўяўляе сабой ідэя.
— Гэта серыя кароткіх анімацыйных відэа пра зняволеных журналістаў у Беларусі.
Праект робіцца на анлійскай мове, таму што мы хочам ліквідаваць недахоп інфармацыі пра сітуацыю з незалежнай беларускай журналістыкай у заходняй аўдыторыі.
Па першым часе мы плануем ахапіць Еўрасаюз, але з часам плануем пашырыць праект на Вялікабрытанію і ЗША, — кажа журналістка.
Галоўнай платформай, на якой распаўсюджваецца праект «Слова за кратамі», з’яўляецца Instagram. Аўтары плануюць бліжэйшым часам стварыць старонку ў Facebook, у TikTok і выкладваць шорты на YouTube. Стваральнікі праекта мяркуюць, што сацсеткі з’яўляюцца той платформай, якая дазваляе ў простай і даступнай форме расказаваць пра такую складаную праблему, як беларускія палітвязні.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Зараз гатовыя пяць кароткіх анімацыйных відэа.
— Пакуль што наш праект носіць абмежаваны фармат, — тлумачыць Глафіра Жук. — Ён ужо падтрыманы такімі партнёрамі БАЖ, як Article 16, IFEX, Еўрапейская федэрацыя журналістаў. І мы працягваем камунікацыю з арганізацыямі, каб пашырыць гэты спіс. Мы спадзяемся пашырыць праект за кошт лідараў меркаванняў, праваабаронцаў, журналістаў і грамадскіх дзеячоў з Еўропы.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
У любым выпадку стваральнікі праекта «Слова за кратамі» не збіраюцца спыняцца на пяці роліках.