«Быць у няволі — гэта як быць пахаваным жыўцом»: сабралі першыя словы нашых калег на волі
16 верасня 2026 года 25 беларускіх палітвязняў былі вызваленыя і вывезеныя з Беларусі ў Літву. БАЖ сабраў першыя фота і першыя словы калегаў, якія да гэтага дня знаходзіліся за кратамі.

Людміла Чэкіна ў першыя хвіліны ў Вільнюсе пасля вызвалення з беларускай турмы. 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Былая генеральная дырэктарка Tut.by Людміла Чэкіна ў размове з карэспандэнтам БАЖ заўважыла, што на волі нават неба выглядае па-іншаму.
«І я хачу сказаць, што самае галоўнае для нас зараз, гэта каб вызваліліся ў самым хуткім часе ўсе нашыя дзяўчаты і хлопцы. Вельмі цяжка быць у няволі — гэта як быць пахаваным жыўцом.
Нашы бацькі паміралі, а мы не маглі прысутнічаць на пахаваннях. Нашыя дзеці раслі без нас. І зараз там ёсць дзяўчыны, у якіх маленькія дзеці ці пажылыя бацькі, якія патрабуюць догляду. Таму зараз не час маланак, зараз час перамоваў.
Я хачу сказаць вялікі дзякуй тым людзям, якія ўдзельнічалі ў гэтых перамовах. Я ведаю, што перамовы працягваюцца, яны ідуць, яны вельмі цяжкія, як і любыя, мусіць, перамовы. Але я хачу сказаць вялікі дзякуй і аддаць даніну мужнасці гэтых людзей, таму што насамрэч моцны чалавек, не той, хто баіцца, моцны чалавек, хто ўмее дамаўляцца».

Андрэй Аляксандраў ў першыя хвіліны ў Вільнюсе пасля вызвалення з беларускай турмы. 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў распавёў у стрыме «Радыё Свабода» пра свой стан пасля амаль шасці гадоў за кратамі.
«Троху пахудзеў, пакінуў краіне 30 кіло вагі. Ну, усё нармальна, настрой добры, вельмі рады, што гэтыя амаль 6 гадоў скончыліся. І вельмі спадзяюся, што гэтыя працэсы будуць працягвацца, бо ў турмах Беларусі дагэтуль застаюцца палітычныя зняволеныя, якія вельмі чакаюць працягу гэтага працэсу. Таму будзем чакаць усіх».
У размове з журналістамі спадар Аляксандраў шмат гаварыў пра тое, што вельмі рады быць на волі:
«За гэтыя шэсць гадоў я зразумеў, што я вельмі шчаслівы чалавек, бо такой колькасці добрых людзей ёсць справа да Андрэя Аляксандрава. Столькі цёплых слоў (за той час, што мне даходзілі лісты) я атрымаў ад незнаёмых людзей!»

Дзмітрый Наважылаў у першыя хвіліны ў Вільнюсе пасля вызвалення з беларускай турмы. 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Былы дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Дзмітрый Наважылаў знаходзіўся за кратамі пяць гадоў і адзін месяц. У каментары тэлеканалу «Белсат» ён адзначыў:
«Гэта было вельмі неверагодна, проста неверагодна, бо гэта ўсё было вельмі нечакана. Бяссонная ноч, пераезды, этапы. Увогуле, вельмі радасна быць на волі, я вам скажу. Зараз этап усведамлення.
Трэба проста прыняць новую рэальнасць, усвядоміць, дзе я і што я, і потым ужо з нейкімі цвярозымі думкамі магу вам што-небудзь расказаць. Пакуль вось у такім крышку разбоўтаным стане эйфарыі знаходзімся».
«Гэта не канец перамоўнага працэса»

Святлана Ціханоўская. Скрыншот відэа
Нагадаем, што гэтымі днямі праваабаронцы чакалі на волі каля 200 чалавек, але выйшла толькі 25. Лідарка демакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала журналістам гэтую сітуацыю:
«Спадзяваліся мы ўсе на больш, канечне. Але мы разумеем, як цяжка весці перамовы з рэжымам, для якога людзі — гэта тавар. Яны хочуць выгандляваць як мага болей саступак у амерыканскага боку.
Мы радыя, што 25 чалавек зараз ужо на волі. Мы іх вельмі чакаем. Гэта не канец перамоўнага працэса, ён будзе працягвацца».
<iframe src=«https://bysol-lt.web.app/?banner=1&bucket=sro4naya_pomosch_4&lng=be» width=«100%» height=«400» frameborder=«0»></iframe>
@bajmedia