Еўрапейскі «Оскар» за лепшы дакументальны фільм будзе ўручаць Андрэй Гнёт
Андрэя Гнёта запрасілі на цырымонію ўзнагароджання прэміяй Еўрапейскай кінаакадэміі. Ён будзе ўручаць узнагароду за лепшы дакументальны фільм года. Пра гэта паведамляе канал «Свяшчэнны Белавуд» са спасылкай на аднаго з чальцоў Еўрапейскай кінаакадэміі Аляксея Палуяна.
Арганізатары прэміі запрасілі беларускага рэжысёра і журналіста ў якасці жэсту салідарнасці з тымі выпрабаваннямі, якія яму прыйшлося перажыць. Апошні год Гнёт правёў у зняволенні пад пагрозай дэпартацыі з Сербіі ў Беларусь.
Прэмія Еўрапейскай кінаакадэміі — гэта штогадовая ўзнагарода, якая ўручаецца за выдатныя дасягненні ў галіне еўрапейскага кіно. Яна заснаваная ў 1988 годзе Еўрапейскай кінаакадэміяй з мэтай папулярызацыі еўрапейскага кінематографа і прызнання яго выбітных прадстаўнікоў. Прэмія часта параўноўваецца з амерыканскім «Оскарам», хоць акцэнт зроблены менавіта на еўрапейскіх фільмах, рэжысёрах, акцёрах і іншых дзеячах кінематографа. У мінулым годзе беларускі фільм «Радзіма» удзельнічаў у асноўным конкурсе прэміі.
У гэтым годзе падзея адбудзецца 7 снежня ў швейцарскім горадзе Люцерн.