• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Праўда без кампрамісаў». Пабачыла свет кніга Міколы Дзядка

    Выйшаў зборнік артыкулаў палітвязня, журналіста Міколы Дзядка пад назвай «Праўда без кампрамісаў». Артыкулы былі напісаныя паміж двума турэмнымі тэрмінамі аўтара, піша «Новы Час».

    «Праўда без кампрамісаў»: выйшла кніга Міколы Дзядка

    «Наш паплечнік Мікола Дзядок знаходзіцца ў зняволенні ўжо больш за 4 гады. Ягоны тэрмін мусіў скончыцца ў красавіку наступнага года, але турэмная адміністрацыя завяла на яго новую справу за непадпарадкаванне», — пішуць укладальнікі кнігі.

    «Сувязь з Міколам перарваная, і ён не можа каментаваць бягучыя палітычныя падзеі, але мы вырашылі выдаць зборнік ягоных артыкулаў, напісаных паміж двума турэмнымі тэрмінамі.

    Мікола шмат пісаў пра анархізм, супраціў, дзяржаўны гвалт, новае грамадства — простымі словамі, намагаючыся зацікавіць сваімі ідэямі і развагамі звычайных людзей. У гэты зборнік увайшлі найбольш актуальныя тэксты, у тым ліку аналіз падзей 2020 года ў Беларусі, прычын міліцэйскага садызму, а таксама развагі аб палітычным гвалце».

    Укладальнікі паведамляюць, што кніга «Праўда без кампрамісаў» мае зацікавіць сімпатызантаў анархізму і тых, хто ставіцца да ідэі крытычна, удзельніц пратэстаў ды ўсіх, хто шукае шлях да больш свабоднай будучыні.

    Кнігу ўжо можна заказаць анлайн у Сабатаж Дыстра — тут.

    Хутка яна з’явіцца ў Вільні (кнігарні «Гартайка», The Book­est, Rewind store и Refo­rum Space Vil­nius) і Варшаве (Янушкевіч, Refo­rum Space War­saw).

    Не толькі «Новая Зямля». Беларуская літаратура, напісаная ў зняволенні

    Мікола Дзядок быў затрыманы 11 лістапада 2020 года і прайшоў праз катаванні падчас рэйда. Асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі за свае публікацыі і крытыку рэжыму. Восенню 2024 года на яго завялі новую справу за непадпарадкаванне адміністрацыі турмы.

    На момант выдання кнігі, як нагадваюць яго паплечнікі, Мікола знаходзіцца ў адзіночнай камеры больш за паўтара года, а за апошні год правёў у штрафным ізалятары бесперапынна больш за 124 дні. Раней Мікола адседзеў у турме пяць гадоў (2010–2015) за шэраг радыкальных анархісцкіх акцый.

    Гісторыя пераследу Мікалая Дзядка

    Упершыню Міколу Дзядка затрымалі 3 верасня 2010 года ў якасці падазраванага ў справе аб «нападзе на амбасаду Расійскай Федэрацыі». Тады яшчэ не вядомаму шырокай публіцы актывісту толькі споўнілася 23 гады. Пасля 20 сутак арышту следчыя нарэшце выбралі абвінавачванне для Міколы Дзядка — удзел у несанкцыянаванай акцыі каля Генштаба, пазней прыпісалі яшчэ «хуліганства». 27 мая 2011 года Міколе прысудзілі 4,5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён праходзіў па «справе анархістаў». Сваёй віны актывіст не прызнаў, пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі адмовіўся.

    У 2015 годзе, за 5 дзён да таго, як Мікалай павінен быў выйсці на волю, яму прысудзілі яшчэ адзін год за кратамі. Прычына — «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». У знак пратэсту супраць невыносных умоў утрымання Мікалай Дзядок нанёс сабе рэзаныя раны жывата і рук. 22 жніўня 2015 года Мікалай быў вызвалены па «памілаванні» Лукашэнкі, якога актывіст не прасіў.

    25 сакавіка 2017 года актывіст быў затрыманы ў Мінску і дастаўлены ў Партызанскі РУУС, а пасля ў ЦІП на Акрэсціна. Адтуль Мікалая з чэрапна-мазгавой траўмай на хуткай завезлі ў шпіталь.

    Мікалай Дзядок быў затрыманы ў лістападзе 2020 года. Пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіКа моцна збілі Мікалая, выкарыстоўвалі пярцовы газ, а потым гвалтоўна прымусілі запісаць «пакаяльнае» відэа. У аддзяленні ГУБАЗіКа Міколу Дзядка жудасна катавалі. 10 лістапада 2021 года актывісту прысудзілі пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі. Мікалай віну не прызнаў. На палітвязня за кратамі працягваецца ціск.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці