Супрацоўніцтва ці прапаганда? Глыбоцкая раёнка і мясцовы аддзел адукацыі запускаюць сумесны праект
Рэдакцыя раённай газеты «Веснік Глыбоччыны» падпісала з мясцовым аддзелам адукацыі пагадненне аб супрацоўніцтве. Як паведамляе сайт выдання, за мэту ініцыятары паставілі падтрымаць таленавітых школьнікаў і уцягнуць іх «у свет журналістыкі і медыякультуры».
Паводле кіраўніцы аддзела адукацыі Глыбоцкага райвыканкама Таццяны Гаўрылавай, гэты праект накіраваны на стварэнне ўмоў для развіцця творчых здольнасцей і крытычнага мыслення ў дзяцей. Чыноўніца выказала ўпэўненасць, што супрацоўніцтва з рэдакцыяй дапаможа паспяхова дасягнуць гэтых мэтаў.
У сваю чаргу галоўны рэдактар газеты Андрэй Панкрат, які не аднойчы займаўся прапагандай супраць палітыкі краін Еўропы і ЗША, а таксама зневажаў у сваіх артыкулах прадэмакратычных беларусаў, якія з’ехалі за мяжу, падкрэсліў важнасць прыцягнення маладога пакалення да прафесіі журналіста.
Заяўляецца, што школьнікі будуць актыўна ўдзельнічаць у стварэнні кантэнту для газеты, у тым ліку змогуць весці ўласныя рубрыкі і блогі. Акрамя таго, абяцаюць рэгулярныя сустрэчы, майстар-класы і экскурсіі ў рэдакцыю, што дазволіць юнакам глыбей зразумець спецыфіку журналісцкай дзейнасці.
Арганізатары запэўніваюць, што гэтая супраца «прынясе карысць не толькі вучням, але і ўсяму грамадству, паколькі маладыя людзі адыгрываюць ключавую ролю ў фармаванні будучыні краіны».
Пагадненне рэдакцыя раённай газеты і аддзел адукацыі Глыбоцкага райвыканкама падпісалі якраз пасля нядаўняга візіту ў горад топ-чыноўніцы Наталлі Качанавай, якая сустракалася з моладдзю ва ўстановах адукацыі і зазначала важнасць працы з ёй мясцовых праўладных структур.