Выдалены Telegram-канал «Экстремисты Беларуси», на якім публікаваліся абнаўленні пераліку «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці»
Гэты пералік, вядомы ў Беларусі як «спіс экстрэмістаў», складае Міністэрства ўнутраных спраў. Але ўжо больш за месяц не абнаўляецца адпаведная старонка на сайце ведамства, знік і Telegram-канал з гэтымі звесткамі.

Фота: БАЖ
«Замест старога канала з’явіўся новы — extremistybelarus, але пакуль там толькі адзін допіс з заклікам пераходзіць у іншы Telegram-канал», — заўважылі праваабаронцы ПЦ «Вясна».
Telegram-канал extremistybelarus быў створаны 25 верасня — якраз у той дзень, калі на сайце МУС было надрукавана апошняе абнаўленне «экстрэмісцкага» пераліку. Аднак праз тры дні гэтая частка спісу знікла: з таго часу і да сёння на адпаведнай старонцы можна паглядзець толькі звесткі, актуальныя на 18 верасня 2026 года.
8 кастрычніка на сайце Міністэрства ўнутраных спраў з’явілася абвестка пра тое, што «з тэхнічных прычын старонка часова недасяжная».
«Тэхнічныя» праблемы так і не былі вырашаны цягам месяца. І пералік асоб, асуджаных за «датычнасць да экстрэмісцкай дзейнасці» з 27 верасня, застаецца невядомым.
«Прамое парушэнне беларускага заканадаўства»
Між тым, гэта з’яўляецца прамым парушэннем беларускага заканадаўства, звяртаў увагу юрыст Прававога цэнтра БАЖ Яўген Пыльчанка:
«Падставы для ўнясення ў “экстрэмісцкія” спісы — гэта прысуды і рашэнні судоў, рашэнні КДБ і МУС. Пастанова Савета Міністраў № 575 ад 12.10.2021 г. “Аб мерах супрацьдзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму” вызначае, што судовыя акты павінны быць дасланыя ў МУС у трохдзённы тэрмін з моманту ўступлення іх у сілу, а рашэнні КДБ — у трохдзённы тэрмін з моманту прыняцця. МУС павінна ўносіць звесткі ў адпаведны “экстрэмісцкі” спіс у той жа дзень, як атрымае дакумент (калі рашэнне прымае само МУС — яно ўносіць звесткі ў дзень прыняцця гэтага рашэння). Абноўлены спіс мусіць быць апублікаваны на афіцыйным сайце МУС на працягу пяці дзён з моманту ўнясення ў яго звестак».
На думку юрыста, «тэхнічныя прычыны» не павінны стаць прычынай засакрэчвання інфармацыі: Міністэрства ўнутраных спраў мусіла б вынайсці спосаб, каб апублікаваць яе іншым чынам. Але замест гэтага яно ліквідавала яшчэ адну крыніцу — Telegram-канал «Экстремисты Беларуси».
Між тым гаворка вядзецца ўжо не толькі пра адвольнае абмежаванне доступу да інфармацыі, якая паводле заканадаўства мусіць быць публічнай, але і пра пагрозы для шырокага кола асоб, тлумачыць Яўген Пыльчанка:
«Згаданая вышэй пастанова Савета Міністраў № 575 прадугледжвае таксама права абскардзіць унясенне ў спіс — цягам месяца з моманту, калі гэта адбылося. Але ў выпадку, калі такой інфармацыі публічна няма, гэтае права фактычна не можа быць рэалізаванае».
Ён адзначае, што з 3 верасня 2026 года на сайце МУС не абнаўляецца і спіс так званых «экстрэмісцкіх фармаванняў». Таму людзі не могуць даведацца, якія медыя, арганізацыі, суполкі, чаты, каналы цяпер забароненыя, тады як за ўзаемадзеянне з імі пагражаюць крымінальныя справы.
Цяперашняя сітуацыя нагадвае тую, што была штучна створана ў сакавіку 2025 года. Тады пасля абвесткі пра «рэгламентныя работы» на сайце Вярхоўнага Суда РБ знікла магчымасць агульнага доступу да раскладу судовых пасяджэнняў з указаннем прозвішчаў падсудных і суддзяў, а таксама да базы судовых рашэнняў, дзе можна было пазнаёміцца з размешчанымі пастановамі і прысудамі. Для грамадскасці гэтая база была важнай крыніцай інфармацыі пра суды, а фактычна пра рэпрэсіі, якія не спыняюцца з 2020 года.
@bajmedia