«Экстрэмісцкі спіс» Мінінфарма: Telegram-канал і Instagram-акаўнт Беларускай службы Польскага радыё
Міністэрства інфармацыі Беларусі ўвечары 6 лютага папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмістцкіх матэрыялаў, які складае на сваім сайце.
![Беларуская служба Польскага радыё](https://baj.media/wp-content/uploads/2025/02/polskoe-radio-01.png)
Беларуская служба Польскага радыё. Скрыншот сайта
У пералік «небяспечных» уключылі Telegram-канал «Беларуская служба Польскага радыё ǀ Polskie Radio dla Zagranicy» (ідэнтыфікатар t.me/byplradio) і старонку «bypolskieradio» ў сацсетцы Іnstagram (ідэнтыфікатар instagram.com/bypolskieradiо?igsh==MTBiNG1nNHc5NTZIbw==). Змест гэтых рэсурсаў 4 лютага 2025 года прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Першамайскага раёна Мінска.
Летась 4 кастрычніка суд Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці прызнаў «экстрэміскай» суполку «Беларуская служба Польскага радыё» ў Facebook.
5 лютага 2025 года суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прызнаў «экстрэмісцкай» старонку «Пра Вiцебск» у Instagram (ідэнтыфікатар instagram.com/pravicebsk). Гэтым жа рашэннем суда ўжо другі раз прызнаны «экстрэмісцкім» YouTube-канал «Народны дэпутат» (ідэнтыфікатар youtube.сom/@vtb.NarDEP.onIine ). Абодва рэсурсы транслююць навіны з жыцця Віцебскай вобласці.
У абноўлены спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў трапілі і два ўкраінскія інфармацыйныя рэсурсы. Гэта акаўнт у TikTok з назвай «onlineua» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@onlineua?lang=ru-RU), а таксама лагатып гэтага рэсурсу — надпіс «ONLINE.UA» чорным колерам на жоўтым фоне. Адпаведнае рашэнне прыняў 3 лютага 2025 года суд Лідскага раёна Гродненскай вобласці.
«Небяспечным» прызнаны і сайт «ukr.net це мiй iнтернет!» (ukr.net). Ён трапіў у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў паводле рашэння суда Горацкага раёна Маглёўскай вобласці ад 5 лютага 2025 года.
![](https://baj.media/wp-content/themes/baj/assets/images/telegram-logo.jpg)