• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ва Украіне аштрафавалі Tribuna.com за рэкламу азартных гульняў. Медыя абскардзіць рашэнне

    Украінскае дзяржаўнае агенцтва PlayC­i­ty (рэгулятар у сферы азартных гульняў) паўторна аштрафавала кампанію «Спорт Сёння», якая валодае спартыўным медыя Tri­buna (ua.tribuna.com), на суму 5,2 мільёна грыўняў (каля 103 тысячы еўра).

    Ва Украіне аштрафавалі Tribuna.com за рэкламу азартных гульняў

    Паводле PlayC­i­ty, выданне размяшчала незаконную рэкламу азартных гульняў. Рэгулятар знайшоў на сайце згадку брэнда, які не мае афіцыйнай ліцэнзіі ва Украіне.

    У кастрычніку 2025 года «Трыбуну» ўжо штрафавалі на 4,8 мільёна грыўняў (каля 95 тысяч еўра) за схаваную рэкламу нелегальных букмекераў. Сумарна прэтэнзіі да выдання дасягнулі 10 мільёнаў грыўняў (каля 200 тысяч еўра).

    Дырэктар выдання Максім Беразінскі заявіў, што Tri­buna будзе аспрэчваць гэтае рашэнне. Ён растлумачыў, што гаворка ідзе пра арганічны пошукавы трафік на агляды сусветных брэндаў, якія з’яўляюцца спонсарамі топавых клубаў, і сайт аўтаматычна перанакіроўвае такі трафік на легальных украінскіх аператараў.

    «Як і ў выпадку з першым рашэннем «Плейсіці» ў дачыненні да Tribuna.com (па якім працягваюцца судовыя разбіральніцтвы), мы не згодныя з высновамі рэгулятара ні па форме, ні па сутнасці.

    Акрамя таго, на наш погляд, выкарыстаны падыход не вядзе да ўмацавання рэгуляванай часткі рынку.

    Мы падрабязна апісвалі рэгулятару нашы падыходы да працы з пошукавым трафікам, які ідзе, напрыклад, на брэнды, што з’яўляюцца глабальнымі спонсарамі спартыўных турніраў (Bet365 у Лізе чэмпіёнаў) або каманд (Stake у «Эвертана») і не маюць ліцэнзіі ва Украіне. Гэты пошукавы попыт фарміруецца арганічна.

    Tribuna.com перанакіроўвае трафік з аглядаў такіх брэндаў на брэнды, якія маюць ліцэнзію ва Украіне. З пачатку года зафіксавана больш за 6 тысяч такіх перанакіраванняў. Гэта рэальны ўклад ва ўмацаванне рэгуляванай часткі рынку. Настойваем на тым, што толькі гэта можа быць мэтай працэсу (менавіта гэта і прапісана ў Статуце PlayC­i­ty), а не паляванне на зарэгістраваныя медыя або аператараў з ліцэнзіямі.

    Мы маем намер абскардзіць рашэнне PlayC­i­ty ва ўстаноўленым законам парадку», — пракаментаваў Максім Беразінскі.

    Нагадаем, што ў жніўні 2025 года Playc­i­ty вырашыла аштрафаваць ТАА «Дэў Украіна» (Dev.ua) на 4,8 мільёна грыўняў за парушэнне патрабаванняў заканадаўства аб рэкламе ў анонсе бою паміж Аляксандрам Усікам і Даніэлем Дзюбуа са згадкай брэнда букмекерскай канторы. 

    Кампанія абскардзіла гэтае рашэнне дзяржаўнага органа ў судзе. У верасні 2026 года стала вядома , што суд пакінуў у сіле штраф для ТАА «Дэў Украіна». Рэдакцыя збіралася падаваць апеляцыю.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.