• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Што зменіцца на «Белсаце»? Аліна Коўшык расказала пра новыя перадачы і вядучых

    Белсат распачаў веснавы сезон. Раней апавядалася, як будзе выглядаць сетка трансляцыі. А цяпер галоўная рэдактарка беларускамоўнай рэдакцыі «Белсату» Аліна Коўшык расказала пра змены, гучныя прэм’еры, планы на будучыню і, вядома, пра крутых беларусаў.

    Якія новыя перадачы і вядучыя з'явяцца на «Белсаце»

    Галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык на ўручэнні ўзнагародаў аўтарам, журналістам і партнёрам з нагоды 17‑й гадавіны стварэння «Белсату». Варшава, Польшча. 9 снежня 2024 года. Фота: Белсат

    – Апошнія месяцы для «Белсату» былі пэўнай рэвалюцыяй. Вялікія змены, рыхтаванне да запуску ў новым фармаце, праца над праграмамі. Усё атрымалася?

    – Я веру, што шчасце спрыяе тым, хто аптыміст па жыцці. Я таксама аптымістка і часта ўзгадваю назву выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца». Думаю, што гэтае сонца мы часам мусім ствараць самыя нават у самыя змрочныя часы. І, натуральна, «Белсат» цяпер перажывае тэктанічныя змены. Мы не ведаем, куды яны нас прывядуць, але ў нас застаецца галоўная мэта – быць самым блізкім, самым беларускім і самым сапраўдным тэлебачаннем для ўсіх беларусаў.

    З радасцю і лёгкай нервовасцю, якая ўласцівая, калі заходзіш весці жывую студыю, гляджу на новы эфір. Цешуся тым, што гледачы пабачаць свае любімыя праграмы, прывітаюцца са сваімі ўлюбёнымі вядоўцамі. Так, будзе больш інфармацыі, і будуць прэм’еры новых праграмаў. Мне вельмі цікава, што гледачы скажуць на нашую прапанову. 

    Цяпер мы жывем у вельмі складаны геапалітычны час, я перакананая, што 2025 год будзе годам выклікаў, таму мы ўзмацняем нашыя навіны, вяртаемся да жывой «Студыі «Белсат»». Мы маем хіба што найбольшую рэпрэзентацыю ўсіх беларускіх палітыкаў, экспертаў і даем слова кожнаму і кожнай, тут няма выключэнняў.

    Для нас важна, каб мы былі платформай для розных галасоў.

    Нашыя карэспандэнты, вядоўцы заўсёды будуць там, дзе штосьці адбываецца. Абавязкова глядзіце і «Аб’ектыў», і жывую «Студыю «Белсат»», а таксама нашыя «Навіны дня». 

    – Шмат хто хваляваўся, што ў сувязі са зменамі будуць закрытыя праграмы.

    – Абсалютная большасць праграмаў, якія выходзілі ў эфір раней, застаецца. Толькі варта памятаць, што тэлебачанне – гэта заўсёды пра крэатыў. Нельга загразнуць толькі ў старых фарматах. Тэлебачанне павінна змяняцца, і паступова мы яго будзем змяняць. Праграмы і фарматы, якія любіць наш глядач, якія шмат гадоў з’яўляюцца на «Белсаце», будзем старацца ўдасканальваць, крыху змяняць, каб яны надалей былі цікавымі для гледачоў.

    Якія новыя перадачы і вядучыя з'явяцца на «Белсаце»

    Ньюзрум «Белсату». Варшава, Польшча. 23 студзеня 2025 года. Фота: Белсат

    Напрыклад, праграма «Ваяры» – адна з нашых місійных праграмаў. Мы схіляем галаву перад нашымі хлопцамі і дзяўчатамі, якія абараняюць разам з украінцамі волю, свабоду, незалежнасць не толькі Украіны, але, я перакананая, і Беларусі. Ведаю, што гэтую праграму вельмі чакаюць у палку Каліноўскага і ў іншых падраздзяленнях, дзе змагаюцца нашыя героі. Мы пастанавілі пашырыць праграму, цяпер яна будзе выходзіць у форме рэпартажу і будзе называцца не «Ваяры», а «Ваяры і валанцёры». Гэтую назву прыдумаў Сяргей Пеляса, калі мы бурліва абмяркоўвалі змены. У рэпартажах таксама зменіцца аўтар.

    Мы хочам паказаць беларусаў, якія, нягледзячы на ўсе складанасці, вайну, застаюцца ва Украіне і робяць важныя, істотныя рэчы для нас усіх, паказваючы неймаверную сілу духу. 

    – Ці варта чакаць новых праграмаў? 

    – Будуць і прэм’еры. «Карані праблемаў» – гэта гістарычна-палітычная праграма. Паспрабуем зірнуць на сучасную палітыку з гледзішча гісторыі і наадварот, бо ўсё ж праблемы сучаснасці маюць свае карані глыбока ў гісторыі. Дзякуючы вядоўцы і спецыяльным гасцям паспрабуем разам іх [карані] адшукаць. Упэўненая, нашым гледачам будзе цікава даведацца больш пра тое, як разумець сучасную палітыку.

    Мы пашыраем нашае бачанне гісторыі і глядзім на яе не праз класічны акадэмізм, а акурат праз тое, што кожны дзень уплывае на нас. 

    – Час распавесці пра галоўную прэм’еру веснавога сезону. 

    – Гэта тое, пра што я вельмі даўно марыла, і мяркую, нашыя гледачы таксама ад нас гэтага чакалі – «Раніца з «Белсатам»». Мы дакажам, што раніца сапраўды можа быць добрай.

    Першы эфір рыхтуецца ўжо ў сакавіку. У выходныя з 9‑й да 11‑й з вамі ў жывым эфіры будуць Дзяніс Дудзінскі і Каця Раецкая, а таксама Святлана і Анатоль Шырвелі. Так што, калі прачынаецеся, у выходныя абавязкова ўключайце «Белсат». Мы пакажам, колькі пазітыўных, добрых рэчаў адбываецца вакол нас. Зарадзім вас напоўніцу!

    Я перакананая, што беларусы маюць у сабе шмат цяпла, дабра, кахання і гэтым трэба дзяліцца. 

    Нам заўсёды вельмі хацелася больш распавядаць пра культуру, пра здаровы лад жыцця, паказваць натхняльных беларусаў. Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца, нам ёсць каго паказаць. Беларусы робяць столькі крутых рэчаў, што гэта цяжка змясціць у навіны. На гэта ўсё будзе месца акурат у новай праграме «Белсату». І наступная мара – рабіць «Раніцу з «Белсатам»» штодня. 

    – А ці чакаць гледачам больш культуры на «Белсаце», скажам так, у больш мастацкім, а не публіцыстычным праяўленні? 

    – «Белсат» заўсёды будзе падтрымліваць культуру. У нас былі размовы з дырэкцыяй тэлебачання, каб зрабіць тэатр тэлебачання, хаця б адзін спектакль. Я ўжо распытваю сваіх калегаў, якія добра разбіраюцца ў тэатры, якую б беларускую пастаноўку яны параілі экранізаваць. Тэатр тэлебачання – гэта не відэазапіс спектаклю, гэта фактычна міні-фільм. Дарэчы, калі нашыя гледачы напішуць нам у каментарах, якую пастаноўку яны хацелі б пабачыць на экране, было б цудоўна. Гэта не закладзена ў нашым бюджэце, таму мы шукаем дадатковае фінансаванне. Будзем працаваць, каб рэалізаваць гэтую ідэю. 

    – Забяжым крышачку наперад? Прыадкрыем таямніцу пра лета і восень.  

    – Летам традыцыйна публіцыстычныя праграмы сыходзяць у адпачынак, але мы рыхтуем дзве падарожныя праграмы. Пакажам жыццё і вакол нас, і ў іншых краінах. 

    У нас ужо ўсё запланавана да канца года, і мы ўжо ведаем, што пакажам вам восенню. Паводле плану, ёсць чым здзівіць. Гэты сезон на «Белсаце» будзе зорным як ніколі!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці