Дапаможам журналісту рэгіянальнага медыя вярнуць слых!
Андрэй Ліпскі — журналіст рэгіянальнай медыякампаніі «Ранак» з Светлагорска. Ён быў вымушаны пакінуць Беларусь і зараз жыве ў Польшчы. На пачатку лютага 2025-га яму зрабілі аперацыю па аднаўленні перапонкі, але паўнавартасна чуць ён ужо не зможа. Слыхавыя апараты цяпер яму проста неабходныя.

Андрэй Ліпскі. Фота: з асабістага архіва
Фонд BYSOL заклікае дапамагчы журналісту Андрэю Ліпскаму, які апынуўся ў складанай сітуацыі.
Андрэй Ліпскі быў журналістам светлагорскай медыякампаніі «Ранак». На працягу 30 гадоў рэдакцыя паведамляла жыхарам горада і раёна аб навінах і падзеях.
— Калі ў чэрвені 2023 года на мясцовым цэлюлозным камбінаце адбылася тэхнагенная аварыя, мы былі адзінымі, хто паведаміў, што аварыя не толькі забрала жыцці трох чалавек, але і мела сур’ёзныя наступствы для экалогіі Светлагорска. Лічу, што за гэтую медыякампанію нас літаральна разграмілі за лічаныя дні. Мяне і маіх калегаў арыштавалі з надуманай прычыны. Потым быў суд, вялізныя штрафы, канфіскацыі, суткі. Сядзелі ў камеры ўчатырох, і ўсе – супрацоўнікі «Ранка». Увесь гэты час я быў у шокавым стане, — расказвае спадар Ліпскі.
Пасля гэтага выданне зачынілася, а былы журналіст ў жніўні ўладкаваўся ў краму. Але сілавікі не супакоіліся.
— Думаў, што ўжо ўсё, а тут зноў — ператрус, «касманаўты» ў поўным рыштунку, арышт, штраф. Пасля зразумеў, што рыхтуюцца матэрыялы на крымінальную справу (на гэта намякнуў участковы), і адчуў проста жывёльны страх. Здавалася, не сёння-заўтра прыйдуць і скажуць: «Вы падазраваны ў здзяйсненні злачынства». Тады вырашыў тэрмінова пакінуць Беларусь, — успамінае медыйшчык.
Тады спадара Ліпскага адпусцілі са штрафам, і ён у той жа вечар з’ехаў на начным цягніку. З перасадкамі дабраўся да Масквы, потым самалёт — і Арменія, далей Грузія. У Батумі журналіст пражыў амаль месяц, пакуль чакаў на польскую візу. І ў верасні 2023 года паляцеў у Нямеччыну да дачкі. Там адразу папрасіў абароны, а далей закруцілася: лагеры, разгляд заяўкі. Але ў сакавіку 2024 года ў абароне адмовілі і дэпартавалі ў Польшчу.
Журналіст запытаў абарону ў Польшчы.
— Пакуль чакаў разгляду заяўкі, падзарабляў на будоўлі і атрымліваў невялікую дапамогу ад дзяржавы. Каб аплочваць пакой, даводзілася эканоміць на самым неабходным. Цяпер я, нарэшце, атрымаў палітычны прытулак, афармляю дакументы і актыўна займаюся пошукамі працы ў Польшчы, імкнуся інтэгравацца ў грамадства. Але зусім недарэчы пачаліся праблемы са здароўем.
У мяне вельмі пагоршыўся слых, з якім і так былі праблемы. Верагодна, сваю ролю адыгралі стрэс і знаходжанне на сутках. Плюс да ўсяго, я моцна застудзіўся ў лагеры для замежнікаў у снежні 2023 года, з‑за чаго пачаліся праблемы з барабаннай перапонкай. У Польшчы ў пачатку лютага 2025-га мне зрабілі аперацыю па аднаўленні перапонкі, але паўнавартасна чуць я ўжо не змагу.
Каб кампенсаваць зніжэнне слыху, Андрэю Ліпскаму неабходныя слыхавыя апараты. Без іх яму проста не абысціся. Да таго ж беларус ўладкаваўся ў польшчы па дамове падраду, і ў любы момант можа застацца без працы. Таму ўсё ж для падстрахоўкі (улічваючы стан здароўя) ён просіць грошай таксама на вырашэнне бытавых пытанняў на першы час.
— За 27 гадоў працы ў журналістыцы я неаднаразова бачыў прыклады ўзаемадапамогі простых людзей, сам стараўся дапамагчы тым, хто аказаўся ў бядзе. Вельмі спадзяюся на падтрымку. Дзякуй!, — гаворыць спадар Ліпскі.
ДАПАМАГЧЫ КАЛЕЗЕ!
Сума збору: 2700 еўра
Гэтыя грошы пойдуць на:
€1200 — два слыхавыя апараты.
€750 — арэндная плата за жыллё на тры месяцы.
€750 — сродкі на жыццё на тры месяцы.
