Польскі суд пастанавіў, што экстрадыцыя экс-рэдактара сайта «Магілёўскі рэгіён» Змітра Салаўёва з Беларусі «юрыдычна недапушчальная»
22 кастрычніка адбылося пасяджэнне акруговага суда ў Беластоку, які вынес рашэнне пра недапушчальнасць выдачы Змітра Салаўёва органам пераследу Рэспублікі Беларусь. Нагадаем, сёлета ў жніўні Генпракуратура Беларусі запатрабавала ад Польшчы экстрадаваць магілёўца, які з’яўляецца вымушаным палітэмігрантам.

Зміцер Салаўёў. Фота: БАЖ
Паводле Змітра Салаўёва, польскі бок ад пачатку не меў намеру высылаць яго ў Беларусь. Аднак давялося прайсці законную працэдуру пасля запыту беларускага боку.
«Працэс праходзіў у акруговым судзе Беластока. Калі суадносіць з беларускімі рэаліямі, то гэта абласны суд. Мяне падрабязна распыталі, якія акалічнасці змусілі пакінуць радзіму і што мне пагражае ў Беларусі.
Я распавёў, што ў Беларусі супраць мяне распачатыя дзве крымінальныя справы за журналісцкую дзейнасць — паводле частак 1 і 2 артыкула 361–1 КК РБ за нібыта стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім і паводле ч. 1 арт. 357 КК РБ — нібыта за ўдзел у змове ці іншых дзеяннях, учыненых з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Згадаў, што ў Беларусі санкцыянавана заключэнне мяне пад варту.
Суд вынес рашэнне, паводле якога выдача мяне беларускім уладам недапушчальная, бо ў дзяржаве, якая патрабуе выдачы, можа адбыцца парушэнне свабоды і маіх правоў», — распавёў БАЖ Зміцер Салаўёў, атрымаўшы афіцыйную судовую пастанову.
Цяпер, паводле польскага заканадаўства, яна будзе дасланая на разгляд міністру юстыцыі, які вынесе канчатковае рашэнне.

Пастанова польскага суда, датычная Змітра Салаўёва
У Польшчы Зміцер Салаўёў жыве з 2021 года. Ён пакінуў радзіму пасля таго, як даведаўся пра сваю першую крымінальную справу. Пра тое, што ёсць яшчэ і другая, было напісана акурат у запыце Генпракуратуры наконт яго экстрадыцыі. З ім журналіста пазнаёмілі падчас гутаркі ў польскай пракуратуры сёлета ўлетку. На той час ён ужо некалькі гадоў быў абвешчаны ў вышук на тэрыторыі Расіі і Беларусі.
Зміцер Салаўёў быў галоўным рэдактарам навінавага партала «Магілёўскі рэгіён», згаданым у рашэнні КДБ Беларусі ад 29 лістапада 2023 года (у арыгінальным тэксце памылкова стаяла 19 лістапада), дзе гаворыцца пра прызнанне «экстрэмісцкім» фармаваннем «групы грамадзян, аб’яднаных ініцыятывай «6TV Bielarus» і яго структурным падраздзяленнем «Магілёў Медыя» («Навіны Магілёўскага рэгіёну»)». Журналіст не выключае, што патрабаванне яго экстрадыцыі з Польшчы можа папярэднічаць пачатку ў дачыненні да яго спецыяльнай вытворчасці.
@bajmedia