• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як на замову ФСБ планавалі выкрасці Хрыста Грозева — дэталі шпіёнскай аперацыі, якая цягнулася два гады

    Група балгарскіх агентаў рыхтавалася да выкрадання і, калі спатрэбіцца, ліквідацыі журналістаў-расследавальнікаў Хрыста Грозева і Рамана Дабрахотава. Спецаперацыя працягвалася амаль два гады: пераслед у розных краінах, спробы ўзлому кватэр, абмеркаванне сцэнарыяў забойства. У студзені 2023 года брытанскія ўлады арыштавалі ўсю групу.

    Як на замову ФСБ планавалі выкрасці Хрыста Грозева

    Хрыста Грозеў і Раман Дабрахотаў. Фота: The Insid­er

    14 снежня 2020 года The Insid­er і Belling­cat апублікавалі расследаванне аб атручванні Навальнага. У ім былі названыя сапраўдныя імёны і імёны прыкрыцця супрацоўнікаў ФСБ з Другой службы і Цэнтра спецыяльных тэхналогій (НДІ‑2), якія мелі дачыненне да гэтай справы. У той жа дзень Упраўленне ўласнай бяспекі ФСБ па асабістым даручэнні Уладзіміра Пуціна атрымала загад высветліць, якім чынам звесткі маглі трапіць да аўтара расследавання — балгарскага журналіста Хрыста Грозева.

    Як піша The Insid­er, вечарам таго ж дня збеглы ў Расію завербаваны ФСБ былы аперацыйны дырэктар Wire­card Ян Марсалек праз свайго знаёмага балгарына Арліна Русева просіць арганізаваць сачэнне за Грозевым. У перапісцы з Марсалекам мужчына пахваліўся, што мае чатыры сакрэтныя каманды па 12 чалавек кожная і можа арганізаваць сачэнне 24/7.

    Акрамя Русева, Марсалек з аналагічнай просьбай звярнуўся да былога высокапастаўленага афіцэра аўстрыйскай спецслужбы BVT Марціна Вайса. Той даручае гэтую справу свайму падначаленаму Эгіста Оту.

    У перапісцы Вайс назваў Грозева «былым агентам ЦРУ», што, магчыма, было выдумкай, але праз некалькі дзён Уладзімір Пуцін назваў расследаванне «легалізацыяй даных амерыканскіх спецслужбаў».

    Як на замову ФСБ планавалі выкрасці Хрыста Грозева

    Абвестка паліцыі Мюнхена аб вышуку Яна Марсалека. Фота: www.bka.de

    30 студзеня 2021 года Грозеў і іншы аўтар расследавання, Раман Дабрахотаў, які знаходзіўся ў Маскве, сталі афіцыйнымі аб’ектамі сачэння ФСБ.

    Першае фіяска ФСБ

    У лютым 2021 года ФСБ высветліла, што звесткі пра агентаў журналістам здабылі звычайныя махляры з дапамогай падробленых дакументаў — фальшывых запытаў МУС і рашэнняў суда аднаго з раёнаў Масквы. Аднак ФСБ працягнула пераследаваць Хрыста Грозева і Рамана Дабрахотава, спадзеючыся знайсці доказы іх сувязі з заходнімі спецслужбамі.

    6 сакавіка ў аэрапорце «Шарамеццева» ФСБ пад выглядам апытання аб COVID-19 запрашае Дабрахотава, які вяртаецца з камандзіроўкі, на размову. У гэты час іншыя супрацоўнікі беспаспяхова спрабуюць атрымаць доступ да яго ноўтбука і тэлефона.

    На працягу некалькіх месяцаў дзве групы — адна пад кіраўніцтвам Эгіста Ота, другая — Арліна Русева — спрабуюць высачыць Грозева і атрымаць доступ да яго гаджэтаў.

    У ліпені абмяркоўваецца ўжо не толькі сачэнне, але і выкраданне. Русеў прапануе падсыпаць Грозеву наркотыкі і вывезці ў Маскву, але Марсалек адмаўляецца.

    26 ліпеня Русеў паведамляе, што Грозеў у Балгарыі, і яго лёгка злавіць. Яго людзі памылкова лічаць, што журналіст валодае лодкай, на якой ён робіць сэлфі і выкладвае ў інтэрнэт. Некалькі дзён сачэння за лодкай не даюць вынікаў, бо Грозева на ёй ужо няма.

    Паралельна спецслужбы ў Маскве спрабуюць не даць выехаць за мяжу Дабрахотаву. У рамках справы аб паклёпе яны праводзяць ператрус у яго кватэры, забіраюць усе гаджэты і замежныя пашпарты. Праз два дні Дабрахотаў праз лес пераходзіць расійска-ўкраінскую мяжу.

    Каманда Русева тым часам змагла выйсці на след Грозева і пачала сачэнне за домам, у якім бачылі журналіста. Аднак шпіёны не заўважылі, як ён адтуль з’ехаў раніцай. У выніку сачэнне працягвалася два дні, і абмяркоўваліся магчымасці пранікнення ў дом — сярод іх падпал або напад. Але ў апошні момант высветлілася, што Грозеў ужо ў Кіеве. Русеў у паніцы апраўдваўся, што Грозеў мог выкарыстоўваць двайніка.

    Пераслед працягваецца: Украіна і Вена

    Пасля ўцёкаў з Расіі Раман Дабрахотаў хаваецца ў Кіеве, дзе атрымлівае часовы дакумент замест замежнага пашпарта. У канцы месяца ён сустракаецца з Хрыста Грозевым, але не ў Балгарыі, як планавалася, а ў Карпатах.

    Праз месяц крыніца ў СБУ паведамляе Дабрахотаву, што ўкраінская крымінальная групоўка атрымала заказ з Масквы на яго выкраданне і вываз у Расію за $50 тысяч. Аднак бандыты не паспяваюць яго знайсці — 30 жніўня Дабрахотаў з’язджае ў Аўстрыю і пасяляецца на той жа вуліцы, што і Грозеў. У гэты час туды прыязджаюць людзі Марсалека і здымаюць кватэру насупраць для зручнага назірання.

    Аднак каманда Русева, якая складаецца з некалькіх балгараў, не мае досведу ў разведцы. Сярод іх: 43-гадовы медыцынскі кур’ер Бісер Джамбазаў, яго 33-гадовая сяброўка Катрын Іванова, 39-гадовы дэкаратар Ціхамір Іванчаў, яго былая дзяўчына, 30-гадовая касметолаг Ваня Габерава, а таксама былы баец ММА Іван Стаянаў.

    Як на замову ФСБ планавалі выкрасці Хрыста Грозева

    Катрын Іванова (уверсе злева), Ваня Габерава (у цэнтры), Бісер Джамбазаў (уверсе справа), Арлін Русеў і Іван Стаянаў (унізе злева). Фота: The Insid­er

    Яны губляюць Грозева ў горадзе і не заўважаюць, калі ён з’язджае за мяжу. Русеў жа піша Марсалеку аб выдуманых поспехах — «вярбоўцы» кансьержа ў гасцініцы і сцюардэсы, поспехах Габеравай у спакушэнні Грозева праз Face­book, якім журналіст на самой справе амаль не карыстаецца.

    З свайго боку, ФСБ змяняе погляд на тое, чыім агентам з’яўляецца Грозеў. Калі спачатку называлася ЦРУ, то цяпер — МІ‑6. Але доказаў у іх па-ранейшаму няма.

    Паляванне на пусты тэлефон і чужы ноўтбук

    У верасні 2021 года Грозеў адпраўляецца ў Валенсію на сустрэчу Belling­cat. За ім сочаць агенты Марсалека — яны засяляюцца ў той жа гатэль і перадаюць фотаздымкі сачэння. Дзякуючы падкупленаму супрацоўніку Swis­s­port, яны адсочваюць пералёты журналістаў.

    Галоўная задача застаецца ранейшай — выкрасці тэлефон або ноўтбук журналістаў. Агенты Русева разглядаюць рабаванне, але вырашаюць дзейнічаць праз узлом нумароў. Так, у Валенсіі яны выкарыстоўваюць прыладу для капіравання кодаў замкоў, але беспаспяхова, бо блытаюць нумары і заходзяць у чужы нумар.

    У лютым 2022 года Грозеў ляціць у Кіеў, і каманда збіраецца рушыць за ім, але Марсалек адмяняе місію, намякаючы, што ў ФСБ ёсць «іншыя планы».

    Першы «поспех» прыходзіць у чэрвені 2022 года: у Чарнагорыі яны ўзломваюць нумар Грозева і крадуць тэлефон. Аднак гаджэт аказваецца пустым — гэта запасны апарат для паездак.

    11 чэрвеня 2022 года злачынцы пранікаюць у кватэру Грозева ў Вене і дакладваюць Марсалеку пра ўзлом сейфа і выкраданне ноўтбука. Але сейфа ў Грозева ніколі не было, а ноўтбук, хутчэй за ўсё, належаў яго нябожчыцы-маці, у кватэру якой яны і трапілі. Пазней ФСБ атрымлівае ноўтбук, але знаходзіць там толькі старыя фотаздымкі — зноў правал.

    Забіць, калі выкрасці не атрымаецца

    7 жніўня 2022 года Марсалек прапануе Русеву план выкрадання Рамана Дабрахотава ў Вялікабрытаніі, дзе той тады жыў, і перадачы яго расійскім спецслужбам у міжнародных водах.

    Як альтэрнатыўны сцэнарый злачынцы абмяркоўваюць магчымасць забойства. Русеў прапануе арганізаваць «няшчасны выпадак у душы». Марсалек патрабуе «больш драматызму».

    Аднак, нягледзячы на ​​гучныя ідэі, яны нават не ведаюць дакладнага адраса Дабрахотава, тады як самі журналісты ўжо даўно валодаюць усёй інфармацыяй пра Марсалека — месца пражывання ў Маскве, палюбоўніц, куратараў і нават вынікі яго медыцынскіх аналізаў.

    У сярэдзіне жніўня Марсалек паведамляе, што ФСБ адмовілася ад выкрадання з‑за высокай рызыкі: уся каманда Русева жыла ў Брытаніі, і паліцыя лёгка б іх вылічыла.

    У снежні 2022 года Русеў пытаецца, ці сапраўды Расія запытала ордар на арышт Грозева. Марсалек пацвярджае.

    Як на замову ФСБ планавалі выкрасці Хрыста Грозева

    Фальшывыя пасведчанні злачынцаў. Фота: The Insid­er

    У адказ на пытанне Русева, ці абвесцяць Грозева цяпер у вышук праз Інтэрпол, Марсалек адказвае:

    «Я думаю, усё, акрамя выкрадання, будзе бессэнсоўна. Гэта павінна быць у спісе нашых спраў на 2023 год». Праз два дні ён дадае: «Ордар на арышт, відаць, з’яўляецца прававой асновай, неабходнай для выкрадання. Асабіста я лічу, што Грозеў не вельмі каштоўная мэта, але, мяркуючы па ўсім, Пуцін яго сур’ёзна ненавідзіць».

    Планам на 2023 год не наканавана было спраўдзіцца. У студзені ўсю каманду Русева, у тым ліку яго самога, арыштоўваюць.

    У іх офісе выяўляюць цэлы склад шпіёнскага абсталявання, мноства фальшывых дакументаў, у тым ліку фальшывыя журналісцкія пасведчанні, а ў іх тэлефонах знаходзяць перапіску з Марсалекам, якая затым ляжа ў аснову абвінавачання.

    7 сакавіка гэтага года нанятыя Марсалекам грамадзяне Балгарыі прысяжнымі Лонданскага крымінальнага суда Олд-Бейлі былі прызнаныя вінаватымі ў шпіянажы на карысць Расіі.

     
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці