• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: сайт «Ганцавіцкага часу» і кніга журналіста Віктара Хурсіка «Кроў і попел Дражна»

    Міністэрства інфармацыі Беларусі 10 сакавіка абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод іншых рэсурсаў у яго дадалі новы сайт «Ганцавіцкага часу» (ён быў створаны пасля таго, як у выдання забралі беларускі дамен), а таксама кнігу журналіста Віктара Хурсіка, які пайшоў з жыцця ў 2023 годзе.

    Вокладка кнігі «Кроў і попел Дражна» Віктара Хурсіка. Калаж: Еўрарадыё

    Рашэннем суда Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ад 7 сакавіка 2025 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» быў прызнаны сайт рэгіянальнага незалежнага выдання «Ганцавіцкі час» — ganc-chas.com.

    Раней сайт газеты быў у даменнай зоне .by — www.ganc-chas.by. Яго прызналі «экстрэмісцкім» яшчэ 3 лістапада 2023 года. У красавіку 2024 года беларускі дамен «Ганцавіцкага часу» быў ануляваны паводле загаду Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Сайт пераехаў на новы адрас ganc-chas.com.

    «Ганцавіцкі час» быў заснаваны ў 2002 годзе. Газета спыніла выхад 1 студзеня 2022 года, калі Брэсцкая і іншыя друкарні адмовіліся яе выпускаць. Рэдакцыя працягнула працу анлайн.

    Таксама ў «экстрэмісцкі спіс» унеслі друкаванае выданне «Кроў і попел Дражна: Гiст. Партызанскага злачынства» / В. У. Хурсiк, — Мн.: Хурсiк, 2003.-76 с.  Адпаведнае рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска 6 сакавіка 2025 года.

    Кніга распавядае пра лёс 25 мірных жыхароў, забітых у 1943 годзе партызанамі савецкага атраду ў вёсцы Дражна Старадарожскага раёна.

    Аўтар кнігі — журналіст газеты «Звязда», пісьменнік і выдавец Віктар Хурсік. Ён памёр на 70‑м годзе жыцця ў студзені 2023 года.

    У траўні 2008 года Віктар Хурсік быў асуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел ва ўсталяванні ў вёсцы Дражна крыжа на знак памяці пра ахвяр той трагедыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці