• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Раптам вяртаюць табе слых, хай сабе і механічны». Журналісту Андрэю Ліскаму сабралі на слыхавы апарат

    Аперацыя на барабаннай перапонцы не дазволіла цалкам аднавіць слых, таму давялося набываць слыхавы апарат.

    lipskiy_andrey-1

    Андрэй Ліпскі

    Журналісту рэгіянальнай медыякампаніі «Ранак» са Светлагорска Андрэю Ліпскаму сабралі грошы на слыхавы апарат дзякуючы збору на сайце BYSOL. З прычыны рэпрэсій журналіст мусіў з’ехаць з Беларусі і цяпер жыве ў Польшчы.

    БАЖ падрабязна расказваў нялёгкую гісторыю эміграцыі светлагорскага журналіста.

    На пачатку лютага 2025 года Андрэю Ліпскаму зрабілі аперацыю па аднаўленні перапонкі, але цалкам аднавіць слых ужо немагчыма.

    — Мне зрабілі аперацыю, аднавілі барабанную перапонку, праблемы нібыта зніклі. Але ўзровень слыху застаўся нізкі. Знаёмы доктар, з якім давялося шчыра паразмаўляць, мяркуе, што шнары на слыхавых нервах засталіся з дзяцінства, з юнацтва, праз няправільнае лячэнне. То бок, няправільна з пункту гледжання сучаснай медыцыны. Я часта хварэў на атыт, а якія дактары ў сельскай мясцовасці ў Казахстане былі? Як маглі, чым маглі, так і лячылі, — кажа Андрэй Ліпскі.

    Паводле яго слоў, праблемы са слыхам засталіся, таму доктарка прапанавала набыць слыхавы апарат.

    — Пасля чарговага прыёму ларынголаг мяне накіравала ў спецыялізаваную фірму, там мне падабралі слыхавы апарат. Паспрабаваў — гучнасць моцная, спецыялістка працягвае гаварыць і адначасова дастае слыхавы апарат, — і тут мяне нібыта коўдрай накрылі. Чытанне па губах, да якога я ў Беларусі больш-менш налаўчыўся, не спрацоўвае ў Польшчы: каб чытаць па губах, трэба разумець артыкуляцыю, трэба мець досыць высокі ўзровень валодання польскай мовай, — патлумачыў Андрэй Ліпскі.

    Увогуле журналіст удзячны ўсім, хто дапамог яму вярнуць слых:

    — Я не чакаў, што грошы збяруць так хутка. Некаторы час грошы збіраліся павольна, а ў адзін дзень бац – такое ўражанне, што нехта тысячу еўра заданаціў. Ці быў гэта адзін транш, ці некалькі чалавек перавялі грошы – не ведаю. А за той час фірма, дзе я прымяраў слыхавы апарат, аб’явіла зніжку якраз на маю мадэль апарата на 50%. Як-ніяк працую, таму з апошніх грошай купіў слыхавы апарат на абодва вухі – хаджу, радуюся. Ведаеце, ты жывеш-жывеш з дрэнным слыхам, а тут раптам вяртаюць табе слых, хай сабе і механічны, — кажа Андрэй Ліпскі.

    Журналіст па-ранейшаму жыве ў Лодзі і працуе на фабрыцы па вытворчасці папяровай прадукцыі: канвертаў, пакетаў, упаковачнай паперы.

    — Я прымаю драўляны паддон, на якім складваюць пакеты і канверты, змяшчаю пад прэс, абвязваю і замацоўваю, каб прадукцыя не развалілася падчас транспарціроўкі. Мне кажуць, што можна знайсці працу і лепшую. Не ведаю, як іншыя журналісты, якія памянялі сваю працу на фізічную, але цяжкавата даводзіцца.

    Хоць Андрэй Ліпскі працуе ў тры змены, яго з напарнікам часова перавялі на 12-гадзінны працоўны дзень. 

    Праца не патрабуе асаблівых кампетэнцый, звышвынослівасці (гэта не бетон мяшаць ці плітку цягаць на пяты паверх – бывала і такое ў маім польскім жыцці). Але калі працуеш пазменна ўсе пяць дзён тыдня, то цяжкавата, канешне, — падкрэсліў журналіст.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці