Мінінфарм абмежаваў дзейнасць 18 тысяч інфармацыйных рэсурсаў, з іх 7 тысяч прызнаныя «экстрэмісцкімі»
Гэтыя звесткі агучыў 6 чэрвеня міністр інфармацыі Беларусі Марат Маркаў на мерапрыемстве пад назвай «Медиа сегодня: фокус на правду», якое праходзіць у Гомелі. Там гэтымі днямі сабралі каля тысячы супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ, ідэалагічнай вертыкалі і прэсавых службаў, піша дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

Міністр інфармацыі Марат Маркаў на форуме ў Гомелі. Фота: @mininform
«Толькі летась іх было заблакавана больш за 3,15 тысяч, і за 5 месяцаў 2025 года мы ўжо дасягнулі гэтай лічбы», — падкрэсліў Маркаў. Гэтаксама, паводле яго слоў, на сёння «шкоднымі для нашых дзяцей» прызнаны 110 кніг.
У гэтым рэчышчы чыноўнік прапануе працягваць працу з кіраўнікамі маркетплэйсаў і распаўсюднікаў выдавецкай прадукцыі, якія павінны «перагледзець усіх сваіх контрагентаў, што запаўняюць нашу краіну кніжным шлакам насуперак маральным прынцыпам і сумленню».
Яшчэ Марат Маркаў давёў прысутным, што ў Беларусі зараз ідзе і нават узмацняецца інфармацыйная вайна, таму «на інфармацыйным фронце ў дзяржаўных СМІ павінны быць усе віды зброі і інструментаў». І калі афіцыйныя медыі ў гэтай вайне прайграюць, то, кажа міністр, «нам давядзецца ўвайсці ў гарачую фазу, у сапраўдную вайну».
