• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Уступілі ў сілу правілы ЕС, якія патрабуюць маркіроўкі ШІ-кантэнту

    За іх парушэнне з кампаній могуць спаганяць штраф у памеры да 15 мільёнаў еўра.

    Значок ЕС для маркіроўкі кантэнту, створанага штучным інтэлектам

    У Еўрапейскім Саюзе набылі моц новыя правілы адносна празрыстасці сістэм штучнага інтэлекту. Пра гэта паведамілі на сайце Еўрапейскай камісіі.

    Там расказалі, што новыя абавязацельствы дапамогуць людзям распазнаваць, калі яны ўзаемадзейнічаюць са штучным інтэлектам або сутыкаюцца з кантэнтам, згенераваным ШІ, каб яны маглі лепш абараняць сябе ад дэзінфармацыі ці падману.

    Згодна з новымі правіламі, пастаўшчыкі і распрацоўшчыкі сістэм ШІ павінны выразна і прыкметна пазначаць кантэнт, створаны або апрацаваны штучным інтэлектам. Такі кантэнт павінен утрымліваць машыначытальныя пазнакі. Для гэтага ЕС стварыў набор піктаграм.

    Гэта абавязацельства датычыцца:

    • выяў, аўдыя- і відэакантэнту, што нагадвае рэальных людзей, аб’екты, месцы, сутнасці ці падзеі (дыпфэйкі);
    • інструментаў распазнавання эмоцый і біяметрычнай катэгарызацыі;
    • тэкстаў, апублікаваных для інфармавання грамадскасці па пытаннях, што ўяўляюць грамадскую цікавасць, без папярэдняй праверкі чалавекам або рэдакцыйнага кантролю.

    Таксама карыстальнікі павінны быць выразна праінфармаваныя, калі яны ўзаемадзейнічаюць не з рэальным чалавекам, а з сістэмай штучнага інтэлекту, напрыклад, чат-ботам, ШІ-агентам або аватарам.

    Нямецкія СМІ выдалілі публікацыі з‑за выкарыстання ў іх ШІ

    За выкананнем новых правілаў будуць сачыць нацыянальныя органы рынкавага нагляду, Еўрапейскі офіс штучнага інтэлекту і Еўрапейскі інспектар па абароне даных, якія ў выпадку парушэнняў могуць накладаць штрафы.

    Для кампаній памер штрафу можа складаць да 15 мільёнаў еўра або 3% ад сусветнага гадавога абароту. Для ўстаноў, органаў і агенцтваў ЕС — да 750 тысяч еўра. Што да малых і сярэдніх прадпрыемстваў і малых кампаній з сярэдняй капіталізацыяй, штрафы будуць накладаць «з улікам прынцыпу прапарцыянальнасці».

    Закон аб штучным інтэлекце (AI Act) набыў моц 1 жніўня 2024 года. Яго палажэнні прымяняюцца паэтапна — розныя абавязацельствы набываюць моц у розны час.

    Як паведамілі на сайце Еўракамісіі, гэты закон стварае адзіны рынак, «уводзіць гарманізаваныя правілы для надзейнага штучнага інтэлекту ў ЕС», спрыяе інавацыям і ўкараненню ШІ. Акрамя гэтага, ён улічвае патэнцыйныя рызыкі для здароўя, бяспекі і асноўных правоў людзей.

    Школа AI: штучны інтэлект — гэта магутны памочнік, але ён не замяняе журналісцкае мысленне

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.