• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Фільм «Пад шэрым небам» пакажуць у кінатэатрах сеткі Helios у Польшчы

    Поўнаметражны дэбют Мары Тамковіч «Пад шэрым небам» будзе паказаны ў рамках цыклу Kino Kone­sera у сетцы польскіх кінатэатраў Helios. Адзіны паказ адбудзецца ў панядзелак, 9 чэрвеня 2025 года, а 18:00 ва ўсіх кінатэатрах Helios у Польшчы. Гэта ўнікальная магчымасць убачыць фільм на вялікім экране перад яго фестывальнай прэм’ерай у Косліні.

    фільм «Пад шэрым небам» Мара Тамковіч

    Кадр з фільма «Пад шэрым небам»

    Бо адзначым, што фестывальная, а не толькі пракатная гісторыя карціны, натхнёнай гісторыяй беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, працягваецца. «Пад шэрым небам» у чэрвені будзе змагацца за «Залаты Янтар» і грашовую ўзнагароду ў памеры 20 тысяч злотых у конкурсе поўнаметражных дэбютных мастацкіх фільмаў 44-га Косліньскага фестывалю дэбютаў «Маладыя і фільм».

    Нагадаем, што камерная драма Мары Тамковіч распавядае пра лёсы Лены, журналісткі, якую затрымлівае рэжым, і яе мужа Ільі, што спрабуе змагацца за яе свабоду. У галоўных ролях — Аляксандра Вайцяховіч і Валянцін Новапольскі.

    За гэты час стужка, якая ўжо мае фестывальную гісторыю, атрымалася станоўчыя водгукі крытыкі. У прыватнасці, вось што пісала пра кіно польская крытыка.

    «Вобраз сучаснай Беларусі, які стварае Мара Тамковіч, надзвычай выразны. Каларыт строга абмежаваны халоднымі адценнямі шэрага; мастацкія сродкі зведзены да мінімуму, а стрыманая форма толькі падкрэслівае драму, што разгортваецца ў жыцці Лены і яе партнёра», — пісаў Каміль Кухарскі ў Fil­mawka. 

    «У адной сцэне Тамковіч выводзіць фільм за межы рэгіянальнага аповеду пра змаганне з дыктатурай, робячы «Пад шэрым небам» больш універсальнай гісторыяй. Не толькі ў кантэксце паказу таго, што ў свеце яшчэ ёсць журналісты, якія змагаюцца за свабоду слова і нагадваюць, у чым сутнасць гэтай прафесіі, што занепадае на сытым і тлустым Захадзе, — адзначаў жа Лукаш Адамскі на Interia.pl.

    Працытуем і водгук Reform.news.

    «У карціне Мары Тамковіч гісторыя журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша паўстае не дакладным партрэтам герояў, а гісторыяй кахання і годнасці людзей у нечалавечых умовах рэжыму 2020–2024 — гісторыяй пары, у якой можна пазнаць многіх і многіх беларусаў».

    Нагадаем, што рэжысёрка Мара Тамковіч — выпускніца Варшаўскай кінашколы і Waj­da School, раней працавала журналісткай у незалежных беларускіх медыях, што вяшчаюць з Польшчы. У сваіх працах яна засяроджваецца на тэмах, цесна звязаных з сучаснасцю, часта ўзнімаючы важныя сацыяльныя праблемы. Пра свой фільм яна кажа: «Для мяне гэта гісторыя пра каханне, а не палітычны маніфест».

    У межах фестывалю ў Косліні паказ мастацкай стужкі адбудзецца ў пятніцу, 13 чэрвеня 2025 года, а 10:00 у кінатэатры Kry­teri­um.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці