
Наста Лойка. Архіўнае фота
Зьняволеную праваабаронцу Насту Лойку перавялі ў ПКТ на паўгода, піша ініцыятыва Dissidentby. Гэтую інфармацыю пацьвердзілаі «Наша Ніва» са спасылкай на свае крыніцы.
Паводле крыніц Свабоды, апошні ліст ад Насты быў 20 ліпеня, там было напісана, што «наступнай перадачы ня будзе», што можна ўспрымаць, як тое, што зьменяцца яе ўмовы ўтрыманьня.
ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу, від пакараньня ў калёніі за парушэньне рэжыму. Тым, хто знаходзіцца ў ПКТ, выдаюць падушку, коўдру, матрац і пасьцельную бялізну. Яны могуць раз у дзень выходзіць з камэры на паўгадзінны шпацыр, «атаварка» для іх абмежавана адной базавай велічынёй, ад родных яны могуць атрымаць толькі адну бандэроль ці дробны пакет за паўгода.
Насту Лойку затрымалі 22 кастрычніка 2022 году, а ў чэрвені 2023 году на закрытым працэсе асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня паводле 130 артыкулу КК («Распальваньне варожасьці, або звады»). Восеньню таго ж году праваабаронцу зьмясьцілі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі.
Падставай для крымінальнай справы стаў удзел Насты ў напісаньні справаздачы аб перасьледзе анархістаў Беларусі ў 2018 годзе. У дакладзе даецца крытычная ацэнка дзейнасьці міліцыі, якую сьледчыя ўспрынялі як «распальваньне варожасьці» да прафэсійнай групы сілавікоў.
Вядома, што у калёніі Наста Лойка працуе на швейнай вытворчасьці. Раней ад Насты Лойкі даходзілі зьвесткі аб праблемах са здароўем.
Беларускія праваабаронцы прызналі Насту Лойку палітзьняволенай, а таксама уганаравалі яе Прэміяй праваабарончай супольнасьці Беларусі за 2022 год.