«Адчуванне — фантастычнае». Ігар Кулей здзейсніў дзіцячую мару і стаў прыватным пілотам у Польшчы
Ігар Кулей — беларускі журналіст, ён больш за дзесяць гадоў працаваў на «Белсаце», здымаў сюжэты і вёў навіны. Але яшчэ з дзяцінства яго сапраўднай марай было лятаць. У 38 гадоў ён вырашыў, што далей цягнуць нельга, — і пайшоў вучыцца на прыватнага пілота. Журналісту MOST мужчына распавёў, як упершыню сеў за штурвал самалёта, колькі спатрэбілася часу і грошай, каб адвучыцца ў польскай авіяшколе, і куды ён паляціць, калі атрымае ліцэнзію.

Адзін з першых самастойных палётаў. Фота з архіва Ігара Кулея
Хацеў пайсці ў вайсковую авіяцыю, але перашкодзіў рост
Захапляцца авіяцыяй і касманаўтыкай Ігар пачаў яшчэ ў дзяцінстве — чытаў адпаведную літаратуру, ведаў біяграфіі пілотаў Другой сусветнай вайны, а ў самалёт-музей у родным горадзе хадзіў, як прызнаецца, «штодзень, як на абед».
— У маім брэсцкім мікрараёне «Усход» стаяў сапраўдны пасажырскі самалёт. Яго прывезлі ў 1985 годзе пасля нейкага саюзнага спаборніцтва. Там быў музей касманаўтыкі і авіяцыі, бо касманаўт Уладзімір Клімук родам з‑пад Брэста. Унутры можна было сесці ў кабіну, паглядзець на арыгінальныя касцюмы, мундзіры, касмічныя артэфакты.
Я пазнаёміўся з чалавекам, які там працаваў, і мы гадзінамі размаўлялі пра авіяцыю. Ён працаваў у савецкай сістэме, але не быў пілотам. Я слухаў яго гісторыі і яшчэ мацней упэўніваўся: хачу лётаць, — згадвае Ігар.
Мужчына кажа, што нават збіраўся паступаць у Ваенную акадэмію, каб потым пайсці ў вайсковую авіяцыю. Для гэтага адмыслова хадзіў да рэпетытара па матэматыцы, таму што матэматыка і фізіка былі галоўнымі прадметамі для паступлення на авіяцыйны факультэт. Але калі Ігар быў у дзясятым класе, яго дзядуля прынёс кніжку з умовамі паступлення ў Ваенную акадэмію Беларусі.
— Там было напісана, што ў вайсковыя лётчыкі прымаюць людзей ростам не вышэй за метр восемдзесят шэсць. А я ўжо быў вышэйшы за гэты рост, і я зразумеў, што па фізічных параметрах проста не магу стаць пілотам.
У журналістыку трапіў выпадкова
Жыццё пайшло іншым шляхам, і Ігар вырашыў паехаць вучыцца на палітолага ў Польшчу. А ў журналістыку беларус прыйшоў выпадкова. У той час ён быў адным з сузаснавальнікаў Беларускага дома ў Варшаве. Туды прыехаў нямецкі журналіст, які пазней і прапанаваў беларусу супрацоўніцтва. Потым былі дзесяць гадоў працы на «Белсаце», у тым ліку і кіраўніком аддзела навін. У канцы 2024 года Ігар Кулей звольніўся з тэлебачання і цяпер працуе ў Беларускім расследавальніцкім цэнтры.
За пяць гадоў 250 скачкоў з парашутам
У 2009 годзе Ігар вырашыў, што трэба хоць нешта зрабіць насустрач сваёй дзіцячай мары, і пайшоў займацца парашутным спортам. Скончыў у Польшчы курс і на працягу пяці гадоў даволі інтэнсіўна скакаў кожнае лета, а калі дазваляла надвор’е — і ўвосень.
— Мы ездзілі на лётнішча за 30 кіламетраў ад Варшавы. За гэтыя пяць гадоў я зрабіў крыху больш за 250 скачкоў, — згадвае суразмоўца.

Парашутныя заняткі. Фота з архіва Ігара Кулея
Дарэчы, там ён упершыню і паспрабаваў пакіраваць самалётам. Справа ў тым, што той, хто апошнім выскоквае, заўсёды сядзіць наперадзе, на месцы другога пілота. Пілоты, якія вывазілі парашутыстаў, часта давалі патрымаць штурвал.
— Гэта была даволі нудная праца для пілотаў: на працягу дня яны па дваццаць разоў узляталі на чатыры кіламетры, выкідвалі парашутыстаў і вярталіся зноў. Таму, калі я з імі пасябраваў, яны казалі: «Слухай, трымай правы штурвал, нос крыху ўверх і спіраллю з лёгкім крэнам падымайся ўверх на трыццаць градусаў». Я так сабе мог спакойна кіраваць хвілін дваццаць.
Прыйшоў на першы занятак — і адразу за штурвал
У 2023 годзе у дзень нараджэння (Ігару споўнілася тады 38) ён вырашыў, што прыйшоў час здзейсніць сваю дзіцячую мару — стаць пілотам.
— Чым большы ўзрост, тым цяжэй вучыцца і даведвацца пра штосьці новае. Да таго ж дзякуючы парашутнаму спорту я ўжо ведаў шмат людзей з самалётамі, з ліцэнзіямі. Разумеў, як гэта ўсё працуе знутры, — тлумачыць мужчына.
Так ён трапіў на першы азнаямленчы палёт. Будучым пілотам спачатку даюць пакіраваць самалётам, каб тыя былі ўпэўненыя, што гэта сапраўды ім патрэбна.
— Гэта як у аўташколе. Ты думаеш, што цябе спачатку будуць доўга вучыць правілам, а табе адразу даюць руль і кажуць: «Паехалі». У авіяцыі тое ж самае: цябе саджаюць на месца галоўнага пілота, інструктар сядае справа, робіць узлёт і пасадку, а ў паветры кажа: «Ну вось, ляці прама, цяпер паварочваем налева». Вядома, радыёкамунікацыю і навігацыю ты яшчэ не ўмееш весці, але асноўныя прынцыпы адразу пачынаеш адчуваць.
Так Ігар пачаў вучыцца ў авіяшколе, каб атрымаць ліцэнзію прыватнага пілота. Самалёт, на якім будучы пілот рабіў свае першыя спробы, — Cessna 172.
— Гэта адзін з самых папулярных лёгкіх самалётаў у свеце. Калі не памыляюся, гэта самы масавы маторны самалёт у гісторыі. Іх выпускаюць з 1950‑х і да сённяшняга дня. Амаль палова пілотаў у свеце лётала ці вучыцца на гэтых машынах.

За штурвалам. Фота з архіва Ігара Кулея
Хто прыходзіць вучыцца ў авіяшколу
У авіяшколу, па назіраннях Ігара, прыходзяць вучыцца два тыпы людзей. Першыя — тыя, для каго авіяцыя — проста прыгода. Яны атрымліваюць ліцэнзію, каб час ад часу лятаць у сваё задавальненне.
— Напрыклад, можна ўзяць сяброў, падняцца ў неба пад Варшавай і паказаць ім хмарачосы, стадыён і іншыя цікавыя мясціны. Ці, напрыклад, узяць самалёт і злятаць у Гданьск на мора або ў горы на два-тры дні, а потым вярнуцца. Некаторыя людзі, якія маюць дастаткова фінансаў, нават купляюць уласныя самалёты. Я ведаю нямала прыкладаў, калі такія палёты становяцца для іх любімым хобі.
Другія — тыя, хто хоча стаць прафесійным пілотам, працаваць у авіякампаніі і лятаць на «Боінгах» ці «Эйрбасах», зарабляючы гэтым на жыццё. Навучанне ў такім выпадку будуецца модульна: пачынаецца з базавай ліцэнзіі, і паступова дадаюцца новыя ўзроўні падрыхтоўкі.
— Большасць камерцыйных пілотаў, якія лётаюць у авіякампаніях, пачынаюць свой шлях менавіта з гэтай ліцэнзіі. Спачатку атрымліваецца ліцэнзія на палёты на лёгкіх маторных самалётах. Пасля гэтага дадаюцца наступныя этапы і экзамены: дазвол лётаць па прыборах у складаных метэаўмовах, права на начныя палёты, сертыфікат на кіраванне двухматорнымі самалётамі, ліцэнзія на камерцыйныя палёты і, урэшце, кваліфікацыя на кіраванне рэактыўнымі самалётамі.

Ігар Кулей пралятае Нацыянальны стадыён у Варшаве. Фота з яго архіва
Шэсць гадзін палёту з інструктарам — і першае «сола»
Уся вучоба пабудаваная вакол аднаго этапу — першага самастойнага палёту. Пілоты называюць яго «сола». Пасля двух азнаямленчых палётаў пачынаецца бясконцае адточванне ўзлётаў і пасадак.
— Часам за дзень мы ўзляталі і садзіліся дзесяць разоў. Часта гэта робіцца канвеерам: ты дакранаешся коламі да паласы, даеш поўны газ і зноў узлятаеш. Самы складаны элемент — пасадка, яна патрабуе найвялікшай канцэнтрацыі.
Ігара да першага сола дапусцілі ўсяго пасля шасці гадзін налёту з інструктарам.
— Вельмі хутка, нават хутчэй, чым звычайна. Але ў мяне ўжо быў досвед палётаў з парашутыстамі і шмат гадзін у авіяцыйных сімулятарах на камп’ютары. І гэта сапраўды дапамагае.
Пасля сола трэба зрабіць яшчэ шмат самастойных пасадак. Потым — вучоба навігацыі. Інструктар вучыць цябе будаваць трасу па мапе, знаходзіць маякі, весці радыёсувязь.
— Пілотаў вучаць не толькі кіраваць самалётам, але і планаваць маршрут палёту. Трасу, па якой ты будзеш ляцець, трэба ўмець будаваць самастойна. Інструктар сочыць за працэсам, але галоўная мэта — каб вучань умеў разлічыць і выканаць палёт без знешніх падказак. Зараз, вядома, ёсць сучасныя электронныя карты і дадаткі, якія дазваляюць адсочваць сваю пазіцыю ў рэжыме рэальнага часу, нават на тэлефоне. Але пілотаў вучаць не спадзявацца толькі на электроніку: яна можа адмовіць, тэлефон можна забыць. Таму трэба ведаць, як арыентавацца па класічных метадах і прыборах у кабіне, а калі яны выйдуць са строю — умець працягваць палёт і бяспечна вярнуцца.

Начны палёт. Фота з архіва Ігара Кулея
Унутраны і дзяржаўны экзамены
Спачатку палёты з інструктарам адбываюцца па вызначаных маршрутах. Пасля гэтага вучань самастойна выконвае падобныя заданні. Напрыклад, інструктар кажа: «Трэба паляцець у пэўную зону і знаходзіцца там гадзіну». Вучань выбірае пункт, напрыклад горад на поўнач ад Варшавы, ляціць туды, выконвае задачу і вяртаецца.
— Паступова заданні ўскладняюцца. Адзін з этапаў — паляцець па маршруце і прызямліцца на двух розных аэрадромах без інструктара, пасля чаго вярнуцца на свой асноўны аэрадром. Тут правяраюцца адразу некалькі навыкаў: пошук аэрадромаў, правільная радыёкамунікацыя, пабудова заходу на пасадку і здольнасць не згубіцца ў паветры.
Пасля гэтых трэніровак вучань здае ўнутраны экзамен у школе. Ігар у мінулым годзе здаў унутраны экзамен у авіяшколе, а цяпер рыхтуецца да дзяржаўных экзаменаў у польскіх установах грамадзянскай авіяцыі. Пасля гэтага беларусу нарэшце выдадуць ліцэнзію пілота.
— Выпускны экзамен праводзіцца з дзяржаўным інструктарам, які мае афіцыйны атэстат. На гэтым палёце трэба прадэманстраваць, што ты здольны правільна выконваць усе неабходныя працэдуры, падтрымліваць радыёсувязь, весці самалёт, знаходзіць лётнішчы і бяспечна прызямляцца. Толькі пасля паспяховага выканання ўсіх гэтых патрабаванняў выдаецца ліцэнзія. У маім выпадку працэс зацягнуўся з‑за пастаяннага дэфіцыту часу і праблем з надвор’ем. Асабліва гэта складана для студэнта-пілота, бо мы не маем права лётаць пры моцным бакавым ветры ці іншых неспрыяльных умовах.

Палёт разам з іншымі ўдзельнікамі. Фота з архіва Ігара Кулея
Кошт вучобы залежыць ад школы
Ліцэнзія прыватнага пілота ў Польшчы каштуе каля 10 тыс. еўра за поўны курс. Часам можна знайсці прапановы і за 8–9 тыс. у маленькіх школах, але яны могуць быць у невялікіх гарадах ці на маленькіх аэрадромах.
— У вялікай школе звычайна ёсць некалькі самалётаў і інструктараў, што дазваляе планаваць палёты без вялікіх затрымак. У маленькай школе можа быць толькі адзін-два інструктары і адзін-два самалёты. А самалёты патрабуюць рамонту і тэхнічнага абслугоўвання, таму калі адзін паставяць на планавы рамонт, то лётаць проста няма на чым і навучанне можа зацягнуцца.
Варшава — ідэальнае месца для вучобы. Вялікі авіяцыйны рух, шмат самалётаў, верталётаў. Гэта як вучыцца кіраваць аўтамабілем у вялікім горадзе — потым не страшна лётаць дзе заўгодна.
Па выходных — сумесныя палёты на мора і ў горы
У школе, дзе вучыцца Ігар, ёсць традыцыя — на выходных арганізоўваць сумесныя вылеты.
— Збіраемся групай, сядаем на шэсць самалётаў — у кожны змяшчаецца па чатыры чалавекі — і ляцім, напрыклад, у горы. Бяром з сабой грылі, ежу, садзімся на мясцовым лётнішчы. Звычайна там побач ёсць недарагія начлегі — ад 15 да 20 еўра. Увечары распальваем вогнішча, смажым каўбаскі, адпачываем у гарах. На наступны дзень садзімся ў самалёты, ляцім, напрыклад, на мора — і такім чынам сумяшчаем вясёлае з карысным.
Для студэнтаў гэта асабліва каштоўна, адзначае суразмоўца. Такім чынам яны вучацца пракладаць маршруты, адпрацоўваць палёты.
— Часам маршруты праходзяць над замкамі — і можна ўбачыць самыя прыгожыя гістарычныя месцы Польшчы з вышыні.

Ігар Кулей пралятае замак у Вальбжыху. Фота з яго архіва
Маршрут без папярэдніх дазволаў і званкоў
Узгадняць загадзя маршрут у Польшчы не трэба. Дастаткова перад вылетам папярэдзіць па радыёсувязі.
— Толькі трэба мець план палёту пасля заходу сонца — ён патрэбны, каб у выпадку праблем цябе маглі знайсці. Але яго можна аформіць літаральна за некалькі хвілін, нават праз тэлефон ужо падчас палёту. Мы так рабілі: затрымаліся з вылетам, зразумелі, што вернемся пасля заходу сонца без плана палёту — проста патэлефанавалі ў службу, назвалі нумар самалёта і пункт прызначэння, і праз 5–15 хвілін план быў зарэгістраваны.
Пасля прызямлення трэба не забыць яго закрыць: патэлефанаваць і паведаміць, што ўсё ў парадку. Калі не закрыць — цябе пачнуць шукаць, — тлумачыць Ігар.
У Беларусі, кажа суразмоўца, правілы больш жорсткія.
— Калі я аднойчы хацеў паляцець над родным горадам, трэба было загадзя ўзгадніць маршрут. Умоўна кажучы, крок управа ці ўлева без дазволу ўжо немагчымы. Увесь маршрут падаецца ў дзяржаўную кантору — «Белаэранавігацыю», якая яго ўзгадняе.
Адчуванне — фантастычнае
Калі беларускі журналіст атрымае ліцэнзію, плануе ўзяць сяброў і сям’ю і паляцець над вячэрняй Варшавай. Сваіх дачок ён ужо браў аднойчы ў палёт. Праўда, пакуль толькі з інструктарам — аднаго яго пакуль не выпускаюць з дзецьмі. Але ўсё роўна, кажа мужчына, яны там вельмі весяліліся: рабілі фігуры, глядзелі ўніз, смяяліся.
— Увогуле гэта ўсё вельмі рамантычна. Памятаю, як у дзяцінстве чытаў Экзюперы, ягоны «Начны палёт». Гэта стварала вялікае ўражанне. І калі ляціш сам, сапраўды адчуваеш тое ж самае. Апісаць гэта цяжка, але адчуванне — фантастычнае. Магчыма, не ўсе ў гэтым бачаць радасць, але мы ўсе розныя. А я вось знаходжу яе менавіта тут.
