• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выстава БАЖ пра палітзняволеных журналістаў прайшла на канферэнцыі «Новая Беларусь»

    Праект «Журналісты: бязгучны рэжым» — візуальная форма супраціву маўкліваму выцісканню журналістаў з публічнай прасторы, прафесіі і жыцця — працэсу, які беларускія ўлады мэтанакіравана вядуць ужо пяць гадоў. БАЖ пагутарыў з наведнікамі выставы на канферэнцыі ў Варшаве, у якой сёлета ўзялі ўдзел больш за 400 чалавек.  

    Выстава БАЖ пра палітзняволеных журналістаў прайшла ў Варшаве

    Праект БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым» у Варшаве. 9 жніўня 2025 года. Фота: аўтара

    «Партрэты з эфектам глітчу»

    Беларуская асацыяцыя журналістаў заклапочаная тым, каб пераслед і рэпрэсіі супраць журналістаў не згубіліся ў інфармацыйнай прасторы і не ператварыліся ў белы шум, заснавала праект «Журналісты: бязгучны рэжым».

    На сёння ў Беларусі за кратамі ўтрымліваюцца 37 супрацоўнікаў медыяў

    Яны пазбаўленыя магчымасці быць побач са сваімі роднымі, выхоўваць дзяцей, даглядаць бацькоў, займацца любімай справай. Уся віна гэтых людзей палягае ў тым, што яны сумленна выконвалі сваю працу, збіралі і распаўсюджвалі актуальную і дакладную інфармацыю.

    Дванаццаць прац пра журналістаў-палітвязняў стварылі беларускія мастачкі Кася Будзько і Кацярына Мяць. Кожная з іх візуальна пераасэнсавала тэму праекта ў сваім мастацкім стылі. Мастацкія творы суправаджаюцца тэкстамі, якія перадаюць адчуванне страты звычайных радасцей і недасяжнасці паўсядзённага жыцця для людзей, што знаходзяцца за кратамі з палітычных прычын.

    Выстава БАЖ пра палітзняволеных журналістаў прайшла ў Варшаве

    Праект БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым» у Варшаве. 9 жніўня 2025 года. Фота: аўтара

    У серыі Касі Будзько журналісты сімвалічна «вяртаюцца» ў гарады, дзе калісьці жылі, кахалі, працавалі і марылі. Яна размяшчае іх выявы на фоне сучасных гарадскіх пейзажаў, ствараючы рэзкі кантраст паміж звыклай штодзённасцю і асабістай трагедыяй чалавека. Такі прыём вяртае бачнасць тым, хто цяпер у турме, але працягвае жыць у памяці горада, людзей і гісторыі краіны.

    Кацярына Мяць прысвяціла свае творы тэме захавання чалавечай годнасці і ўнутранай цэласнасці ў няволі. Выкарыстоўваючы метафару мазаікі, яна паказвае, як ізаляцыя раздзяляе чалавека на фрагменты, але колер і святло ў гэтых «шматках» захоўваюць надзею на аднаўленне.

    Мастачка таксама дадала ў працы эфект глітчу — тэхнічнага збою, які сімвалізуе абсурд і несправядлівасць зняволення. Гэты візуальны прыём падкрэслівае крохкасць сувязі палітвязняў са светам і адначасова напамінае пра неабходнасць аднаўляць поўную гісторыю кожнага, не даючы знікнуць іх імёнам.

    «Магу пазнаць дом у Гародні, на які «павесілі» партрэт Пашы Мажэйкі»

    Ірэна Кацяловіч, журналістка і кінакрытык:

    — Мне вельмі падабаюцца партрэты палітзняволеных журналістаў у якасці ўяўнага стрыт-арту на мінскіх сценах — у такім мастацкім прачытанні іх нельга замазаць, замаляваць шэрым, знішчыць, што абавязкова б зрабіў мясцовы ЖЭС. Гэтыя партрэты быццам бы займаюць сваё месца ў народным «фальклоры» гарадскіх двароў, што азначае павагу і прызнанне. 

    Зараз людзі не могуць паўнавартасна выказаць павагу ў такім выглядзе і рэалізаваць гэтыя «адбіткі» на беларускіх вуліцах, але я ўпэўненая, у будучыні галерэя гэтых твараў абавязкова будзе захаваная ў розных, у тым ліку мастацкіх, фарматах унутры краіны.

    Тое, праз што сёння дзясяткі журналістаў праходзяць за сваю працу, ёсць чарговым сведчаннем таго, якая істотная іх праца ў нацыянальным маштабе.

    Выстава БАЖ пра палітзняволеных журналістаў прайшла ў Варшаве

    Праект БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым» у Варшаве. 9 жніўня 2025 года. Фота: аўтара

    Аліна Коўшык, дырэктарка «Белсата»:

    — Кожны жэст салідарнасці, кожная акцыя, якая падтрымлівае тых людзей, якія за кратамі, і тых, якія змагаюцца па-за кратамі, насамрэч вельмі істотныя. Таму кожны раз, калі я бачу твары нашых палітвязняў на розных плакатах ці выставах, я вельмі расчульваюся, і вельмі хочацца пабачыць іх ужо ў рэальнасці. Дзякуй вялікі БАЖу, што вы яшчэ раз узгадваеце, гучна кажаце іх імёны. 

    Выстава БАЖ пра палітзняволеных журналістаў прайшла ў Варшаве

    Праект БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым» у Варшаве. 9 жніўня 2025 года. Фота: аўтара

    Сама ідэя выставы мне падабаецца, сучасная. Мне падаецца, што я магу пазнаць дом у Гародні, на які «павесілі» партрэт Пашы Мажэйкі. Мне падаецца, што я разумею, дзе гэта ёсць з 99% дакладнасцю. Таму гэта яшчэ і нагода ўзгадаць нашыя родныя мясціны, у якія мы не можам вярнуцца. 

    «Людзі нібыта зніклі, але на самай справе мы ведаем іх імёны і гісторыі»

    Ксенія Мартуль, наведніца канферэнцыі «Новая Беларусь» 

    — Выстава нагадала мне гісторыю з камп’ютарных гульняў, дзе персанаж можа «завіснуць» у тэкстурах. Тут я бачу падобную памылку рэальнасці: так не павінна быць, каб журналісты апыналіся за кратамі толькі за выкананне сваёй працы.

    Асноўная ідэя праекта перададзеная вельмі дакладна — гэта пра тое, што людзі нібыта зніклі, але на самай справе мы ведаем іх імёны і гісторыі, і ведаем, што з імі адбылося. Хочацца верыць, што яны хутка вернуцца на волю.

    Выстава БАЖ пра палітзняволеных журналістаў прайшла ў Варшаве

    Ксенія Мартуль на выставе «Журналісты: бязгучны рэжым» у Варшаве. 9 жніўня 2025 года. Фота: аўтара

    Важна прэзентаваць такія выставы за мяжой — на міжнародных імпрэзах, у месцах, дзе ёсць беларуская дыяспара, бо ў самой Беларусі гэта зрабіць немагчыма. Гэта спосаб нагадаць, што гэтыя людзі проста выконвалі сваю працу і не павінны за гэта пакутаваць».

    Ігар Мічнік, першы дырэктар Aus­tausch:

    — Спалучэнне абстракцыі і рэальных подпісаў пад здымкамі паказвае: за лічбавымі вобразамі стаяць жывыя людзі, чые жыцці змяніліся з прычыны зняволення за працу дзеля дэмакратыі. Гэта не проста тэхнічны збой, які можна выправіць, а рэальнасць, што ўплывае і на грамадства, і на асобаў. 

    Выстава БАЖ пра палітзняволеных журналістаў прайшла ў Варшаве

    Ігар Мічнік на выставе «Журналісты: бязгучны рэжым» у Варшаве. 9 жніўня 2025 года. Фота: аўтара

    Тэма «глітчу» тут сімвалізуе тое, што ў сэрцы Еўропы не павінна адбывацца, і нагадвае — нават усталяваныя свабоды можна страціць за адну ноч».

    «Лічу гэтую выставу асаблівай і хачу паказаць яе ў ЗША»

    Ганна Шарко, прэзідэнтка Асацыяцыі беларусаў Амерыкі:

    — Мяне адразу прыцягнула выстава, бо яна пра чалавечыя гісторыі тых, хто часта застаецца толькі лічбай у зводках пра палітвязняў. За кожнай такой лічбай — чалавек, які мог бы быць тут, сярод нас: мадэраваць дыскусію, выступаць са сваімі ідэямі або працаваць журналістам.

    Мы часта не заўважаем працу журналістаў, пакуль яна адбываецца, але без іх мы не ведалі б, што робіцца ў свеце. І тыя, хто цяпер у турме, апынуліся там менавіта за сваю прафесію. Фотаздымкі ў гэтай выставе нагадваюць: яны не зніклі, яны ўсё яшчэ прысутнічаюць у нашых жыццях.

    Выстава БАЖ пра палітзняволеных журналістаў прайшла ў Варшаве

    Праект БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым» у Варшаве. 9 жніўня 2025 года. Фота: аўтара

    Я лічу гэтую выставу асаблівай і хачу паказаць яе ў ЗША, бо там СМІ традыцыйна ўспрымаюцца як «чацвёртая ўлада». У Беларусі ж журналістаў часта лічаць «расходным матэрыялам», і гэта вельмі сумна. Без іх працы я, жывучы ў Амерыцы, не мела б сувязі з беларускай рэчаіснасцю. Таму дзякую ўсім, хто стварыў гэтую выставу і працягвае сваю працу ў цяжкіх і небяспечных умовах.

    Марго Ворыхава, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі: 

    — Маштабныя акцыі, выставы і іншыя ініцыятывы, у якіх людзі могуць удзельнічаць, становяцца важным спосабам выказаць масавую падтрымку палітзняволеным у Беларусі. Хоць многія з іх не атрымліваюць гэтых сведчанняў адразу, былыя вязні распавядаюць, як пасля вызвалення чыталі лісты, бачылі выставы з уласнымі гісторыямі і адчувалі, што пра іх памятаюць.

    Такія праекты падтрымліваюць не толькі тых, хто ў няволі, але і ўсё грамадства, даючы магчымасць бяспечна далучыцца да руху салідарнасці і адчуць адзінства, нягледзячы на выгнанне ці небяспеку ў краіне. 

    Выстава БАЖ пра палітзняволеных журналістаў прайшла ў Варшаве

    Праект БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым» у Варшаве. 9 жніўня 2025 года. Фота: аўтара

    Такія выставы, мне падаецца, файны прыклад таго, як мы можам нагадваць і беларусам, і міжнароднаму грамадству пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. У гэтым сэнсе вельмі добра, што надпісы на ангельскай мове. Гэта такі метад культурнай дыпламатыі, праз які можна распавядаць замежнікам пра тое, што адбываецца. І нагадваць пра тое, што ўсё яшчэ ў Беларусі адбываецца такі жах і што журналістаў рэпрэсуюць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці