• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Былы відэааператар АНТ Антон Казельскі асуджаны на тры гады калоніі

    Працэс над Антонам Казельскім пачаўся 20 мая 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе. Вырак суддзі Святланы Макарэвіч — 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

    Антон Казельскі палітвязень

    Антон Казельскі. Фота з яго сацсетак

    Антона Казельскага абвінавачвалі паводле двух артыкулаў — «заклікі да санкцый і іншых дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы» (ч. 3 арт. 361 КК) і «распальванне варожасці або варажнечы» (ч. 1 арт. 130 КК). 

    Да суда былога відэааператара «Агульнанацыянальнага тэлебачання» (ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал») Антона Казельскага трымалі пад вартай у следчым ізалятары № 1 у Мінску.

    У Вярхоўным судзе 13 жніўня 2024 года адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Антона. Рашэнне судовай калегіі пад старшынствам суддзі Руслана Царука невядомае. Прысуд набыў моц.

    30 жніўня 2024 года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўнесла Антона Казельскага ў пералік асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

    Праваабаронцам пакуль не ўдалося высветліць месца зняволення журналіста.

    Справа Антона Казельскага

    Антона Казельскага затрымалі 12 кастрычніка 2023 года на працоўным месцы, у  адным з кабінетаў офіса тэлеканала АНТ на вуліцы Камуністычнай у Мінску. Яго адмыслова выклікалі на працу, папрасіўшы ўзяць з сабой прафесійную апаратуру.

    Спачатку затрыманага пакаралі адміністрацыйным арыштам паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП за знойдзеныя ў сацсетках «лайкі» і каментары пад матэрыяламі інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Адбыўшы арышт, на волю відэааператар не выйшаў. Пад увагу сілавікоў з ГУБАЗіК трапілі каментары Казельскага, пакінутыя ў 2020 годзе, у якіх ён нібыта заклікаў людзей да пратэстаў. Праўда, сам ён падчас адбыцця адміністрацыйнага арышту сцвярджаў, што ў акцыях пратэсту не ўдзельнічаў. У дачыненні да Казельскага была распачатая крымінальная справа.

    На дзяржаўным тэлебачанні ён працаваў з 2022 па 2023 год. Апошні рэпартаж, падрыхтаваны з удзелам Казельскага, выйшаў у эфіры АНТ 7 кастрычніка 2023 года.

    Мяркуючы па сацсетках, Антону Казельскаму 39 гадоў.

    Вядома, што Казельскі нейкі час жыў у Расіі, але апошнім часам перад затрыманнем — у Мінску.

    21 траўня 2024 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Антона Казельскага палітычным вязнем. На волі ў яго засталася жонка і чацвёра дзяцей, малодшае дзіця нарадзілася ўжо пасля затрымання бацькі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці