Праект беларускага фатографа пра палітычны крызіс у Беларусі перамог на славенскім фотафестывалі
«Карта ўспамінаў» — праект Паўла Крычко пра палітычныя ўзрушэнні ў Беларусі стаў уладальнікам Гран-пры на славенскім фотафестывалі ў Крані. Да 27 верасня ў галерэі Stolp Škrlovec у межах Kranj Foto Fest ладзіцца персанальная выстава беларускага аўтара.

Павел Крычко на адкрыцці персанальнай выставы ў Stolp Škrlovec у славенскім Кране. Фота: сацсеткі фестываля
Серыя Паўла Крычко была вылучана журы фестывалю сярод больш за паўтары тысячы праектаў з 80 краін, дасланых на конкурс фэсту.
Над сваім цыклам фатограф працуе ўжо некалькі гадоў. Праект можна назваць асабістым, але грунтоўным даследаваннем беларускага палітычнага крызісу ад 2020 года па сённяшні час.
«Замест таго, каб проста захаваць пакуты, Павел Крычко запрашае нас паглыбіцца ў глыбокія, складаныя эмоцыі людзей, дазваляючы гледачу адчуць напружанне палітычнага клімату. Праект прапануе аповед пра барацьбу ўсёй нацыі, асабліва яе маладога пакалення», — прэзентуе адметнасць працы аўтара фестываль.

На выставе Паўла Крычко ў Stolp Škrlovec у Кране. Фота: сацсеткі фестываля
Падкрэсліваецца, што праца беларускага фатографа з’яўляецца напамінам пра тое, што цяперашні палітычны момант патрабуе ўвагі і разважанняў.
«Менавіта спалучэнне актуальнасці, асабістага аповеду і мастацкай смеласці робіць Пашу Крычко вартым гэтага прызнання», — адзначае журы конкурсу.

На выставе Паўла Крычко ў Stolp Škrlovec у Кране. Фота: сацсеткі фестываля
Варта дадаць, што сёлета журы вырашыла прысудзіць два Гран-пры адкрытага конкурсу Kranj Foto Fest — яшчэ адным пераможцам спаборніцтва з’яўляецца праект «Прырода рэчаў» венгерскага фатографа Балаж Турош.
Персанальныя выставы Балажа Туроша, і Паўла Крычко можна наведаць у Кране да 27 верасня.
