«Мы з 2020 года адчуваем ваш боль». Прэзідэнт НСЖУ сустрэўся з беларусамі ў Вільні
Сяргей Таміленка падзяліўся досведам выжывання прэсы ў ваенны час і даў парады беларускім журналістам на выпадак «гадзіны ікс».

Сяргей Таміленка ўручыў невялікі прэзент экс-палітвязню, журналісту Яўгену Меркісу. 9 кастрычніка 2025 года. Фота: БАЖ
9 кастрычніка прэзідэнт Нацыянальнага Саюза журналістаў Украіны (НСЖУ) Сяргей Таміленка, які наведваў Літву, сустрэўся з беларускімі журналістамі ў выгнанні і грамадскасцю. Журналіст падзяліўся з імі досведам працы ўкраінскіх медыяў у ваенных умовах.
Спадар Таміленка кажа, што разумее становішча беларускіх медыяў у выгнанні хоць бы таму, што НСЖУ і БАЖ з’яўляюцца даўнімі стратэгічнымі партнёрамі і сябрамі. Ён згадаў, што яшчэ ў 2020 годзе разам з асацыяцыяй польскіх журналістаў падрыхтавалі кнігу «Я журналіст: чаму ты мяне б’еш?». Тады дамовіліся, што кожны з бакоў зробіць па дзесяць артыкулаў.
Так атрымалася, што суаўтарам выдання стала журналістка Кацярына Андрэева, якая паспела падрыхтаваць восем з дзесяці артыкулаў. Прычым апошні тэкст — пра саму сябе.
— Мы з 2020 года адчуваем ваш боль. Падтрымліваем жаданне жыць у вольных краінах і працаваць журналістамі, — звярнуўся да публікі выступоўца.
Прэзідэнт НСЖУ зноў выказаўся пра неабходнасць сумеснага лабіявання інтарэсаў на міжнародных пляцоўках:
— На міжнародных майданчыках аб’ядноўваемся, каб міжнародныя арганізацыі былі сфакусаваныя на супольных праблемах. Калі мы будзем маўчаць, то замест нас прыйдуць іншыя людзі. Наш жа супольны парадак дня — каб Украіна і Беларусь сталі часткай дэмакратычнага свету.
«Украіна рыхтавалася, але аказалася негатовай да вялікай вайны»
— На жаль, Украіна не была гатовай да вялікай вайны. У першы дзень расійскага ўварвання НСЖУ мела чатыры бронежылеты, тры з якіх былі ў Марыупалі (цяпер у наяўнасці каля 400 бронежылетаў).
Кожны журналіст стаў ваенным карэспандэнтам. Хоць мы і не былі гатовыя да такіх выпрабаванняў, але мы рэактыўна рэагавалі. Ключавой задачай стала паказаць кожнаму медыйшчыку, што ён не адзін. Галоўнае меседж: вы можаце да нас звярнуцца, гарантавана дамо параду. Мы аб’ядноўвалі калег, працавалі з запытамі і спрабавалі дапамагчы.
Офіс з Кіева мы перавезлі ў Заходнюю Украіну і разгарнулі штаб дапамогі для журналістаў. Я асабіста клаўся а гадзіне ночы, прачынаўся а 6‑й ранку, бо думаў, пакуль сплю, не магу нікому дапамагчы. Гэта велізарны псіхалагічны ціск, — кажа спадар Сяргей.
НСЖУ папрасіла парады ў Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, якая мае вялікі досвед асвятлення ваенных канфліктаў, як дзейнічаць у такой сітуацыі? Дарадца прапанаваў зняць у Заходняй Украіне гатэль на 20 нумароў для рэпарцёраў, якія эвакуююцца з месцаў баявых дзеянняў.

Прэзідэнт НСЖУ паказвае прысутным прыфрантавыя газеты. 9 кастрычніка 2025 года. Фота: БАЖ
— А ў нас сотні запытаў, у якіх мы проста захлыналіся.
Вырашылі, што не будзем здымаць гатэль, бо ён не вырашыць праблемы. Як часовае рашэнне мы адкрылі ў трох месцах маленькія офісы, у кожным працавалі па два чалавекі. Мы дапамагалі камп’ютарамі, бронежылетамі.
Нашу эфектыўнасць заўважыла штаб-кватэра UNESCO, якая ўжо летам захацела стаць нашым партнёрам. Зараз у нас працуюць шэсць цэнтраў салідарнасці: Харкаў, Запарожжа, Дняпро, Кіеў і два ў Заходняй Украіне. І цяпер Міжнародная федэрацыя журналістаў ужо прапануе ўкраінскі досвед карэспандэнтам, якія накіроўваюцца ў «гарачыя кропкі», — заўважыў выступоўца.
Хабы працуюць за сціплае фінансаванне. Кожны журналіст падчас надзвычайнай сітуацыі аператыўна атрымлівае дапамогу: 4300 грывень (каля 100 еўра). Тых журналістаў, хто мае патрэбу ў дапамозе, НСЖУ ўносіць у сваю базу і прапануе іншым донарам далучыцца да дапамогі.
Прыфрантавая прэса перадусім
Адзін з галоўных прыярытэтаў НСЖУ сёння — адраджэнне мясцовых прыфрантавых газет і іх падтрымка.
У 2022 годзе пасля расійскага ўварвання НСЖУ выходзіла на рэдактараў мясцовых газет і прапаноўвала невялікую фінансавую падтрымку на аднаўленне выпуску лакальных выданняў. Якраз тады экалагічная арганізацыя з Японіі выдзеліла невялікі грант Саюзу журналістаў, які вырашана было накіроўваць на падтрымку мясцовай прэсы.
— Тады большасць рэдактараў былі ў прастрацыі. Напрыклад, галоўная рэдактарка з Бахмута выдавала да вайны дзве газеты, але яна эвакуявалася ў Адэсу, журналістаў няма, грошай няма. У верасні 22-га я пазваніў, прапанаваў грошы на першы выпуск, — згадвае журналіст.
Калі на пачатку вайны НСЖУ падтрымліваў 25 мясцовых газет, то цяпер — каля 40.
Ключавая праблема ўкраінскай журналістыкі – не цэнзура
Сяргей Таміленка, адказваючы на пытанні, распавёў пра галоўную праблему ўкраінскіх медый:
— Ва Украіне выдатная школа расследавальніцкай журналістыкі. Антыкарупцыйныя матэрыялы ідуць, у тым ліку і пра ваенныя махінацыі. Калі расследаванне зроблена больш аб’ектыўна, без палітычнага падтэксту, то журналісты не маюць праблем. Відавочна, што ў рэгіёнах расследавальнікам працуецца значна цяжэй, чым на нацыянальным узроўні, — адзначыў Сяргей Таміленка. — Але ключавая праблема для ўкраінскіх журналістаў не прамая цэнзура — яе няма, але ролю зачысткі медыяполя выконвае эканамічны крызіс.
Адзін толькі прыклад: у Адэсе да вайны было 27 тэлеканалаў, аднак летась закрыўся апошні з іх.
Як адзначыў прэзідэнт НСЖУ, яшчэ на пачатку вайны арганізацыя прапанавала ўраду стварыць Фонд падтрымкі ўкраінскай прэсы. Разумеючы праблемы бюджэту ў ваенны час, уладам прапанавалі стварыць фонд і звярнуцца па дапамогу да міжнародных партнёраў. Вось толькі чыноўнікі не адгукнуліся на гэтую прапанову.

Сяргей Таміленка на сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Вільні. 9 кастрычніка 2025 года. Фота: БАЖ
І яшчэ колькі лічбаў. Да вайны НСЖУ налічваў 18 тысяч сябраў, цяпер засталіся 10–12 тысяч. Загінула не менш за 128 журналістаў (гаворка ідзе пра прэс-афіцэраў, цывільных асобаў, 19 журналістаў загінулі непасрэдна пры выкананні прафесійных абавязкаў). 26 журналістаў дагэтуль знаходзяцца ў расійскім палоне.
«Да вялікай вайны немагчыма цалкам падрыхтавацца»
Сяргей Таміленка перакананы, колькі ні рыхтуйся да вялікай вайны, да яе немагчыма быць цалкам гатовым. Сітуацыю беларускіх медыяў абцяжарвае той факт, што яны знаходзяцца не дома, а «на транзіце»:
— Я не прыхільнік тэорый страху. Але мы адаптуемся, а вы знаходзіцеся ў Літве. Медыясектар мусіць падтрымліваць кантакты з літоўскай уладай, каб рыхтавацца на выпадак наступлення «гадзіны ікс»: менавіта літоўскі ўрад будзе прымаць рашэнні. Вы павінны атрымліваць журналісцкую акрэдытацыю ў Літве, разумеючы, што менавіта акрэдытацыя можа спрацаваць у складаны момант. А той, хто не мае журналісцкай акрэдытацыі і жыве на падставе іншых дакументаў, не зможа скарыстацца тымі каналамі, якія дзяржава павінна стварыць. Найперш трэба пацікавіцца ў літоўскіх уладаў, ці маюць яны план дзеянняў на «гадзіну ікс»? Калі не, то Саюз журналістаў Літвы можа ініцыяваць распрацоўку такога механізма.

Сяргей Таміленка на сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Вільні. 9 кастрычніка 2025 года. Фота: БАЖ
Прэзідэнт НСЖУ паўтарыў сваю ранейшую тэзу:
— Для мяне расійская прапаганда — частка расійскага ўварвання, як замова патронаў, бомб, ракет. Прапаганда — такая ж велізарная частка вайны, у якую Расія ўкладвае велізарныя грошы.
Таму і Украіна, і цывілізаваныя еўрапейскія краіны павінны разглядаць інфармацыйную сферу, незалежныя медыі як велізарную інфраструктуру дапамогі для контрпрапаганды, для разбурэння расійскай прапаганды.
Газета — не такі самы тавар, як піражок.
