Што тычыцца выключна беларускіх навін, то іх было мала. Усе яны тычыліся забаронаў і арыштаў. Напрыклад, газета паведамляла, што іншая газета «Вольны Сцяг» закрываецца польскімі ўладамі, а рэдактара Лагіновіча будуць судзіць па двух крымінальных артыкулах.

Другой выключна беларускай навіной была гісторыі з Вілейскага павета. Гісторыя тычылася 18-гадовага Янку Семашкевіча, які быў родам з‑пад Лебедзева. Хлопца затрымалі паліцэйскія, калі ён ехаў чыгункай з Маладзечна ў Вілейку, дзе хацеў здаць іспыт у наступную класу гімназіі. Хлопец агаварыў сябе, што мае рэвальвер, каб яго хутчэй адпусцілі ў родныя мясціны паказаць, дзе закапаная зброя. Калі хлопец быў ля дома, то змог паведаміць бацькам пра свае прыгоды, а канвойным сказаў, што ашукаў іх наўмысна. Згодна з падпісчыкам, які і расказаў гэту гісторыю ў выданні, то хлопца не выпусцілі, ён застаўся ў вілейскай турме.

Што было ў другім нумары?

Галоўным артыкулам у другім нумары была вялікая нататка пра фінансавы крызіс і тое, як ад яго церпяць беларусы ў Польшчы.

На перадавіцы таксама быў надрукаваны артыкул пра ідэю Злучаных Штатаў Еўропы:

«Ідэя гэта — незвычайна прывабная, незвычайна простая і, разам з тым, незвычайна вялікая. І, гледзячы на Амерыку, якая першая стварыла такую федэрацыю, гледзячы на Азію, у якой развіваецца (пад кіраўніцтвам Японіі) так званы “ўсе-азіяцкі” рух, што імкнецца да аб’яднання азіяцкіх гаспадарстваў дзеля барацьбы з уплывамі і ўладай дзяржаў Еўропы, — трэба спадзявацца, што — раней ці пазней — само жыццё прымусіць “старушку” Еўропу зрабіць поўную дзяржаўную перастройку на сваёй зямлі».

У другім нумары «Волі народу» скаргаў на жыццё беларусаў у міжваеннай Польшчы стала больш. Паведамлялася пра арышты ў Валожынскім раёне: там арыштавалі братоў Пятровічаў, якія «пашыралі беларускую свядомасць», але гэта «не падабалася акалічным панкам, таму Пятровічы цяпер разам з другімі апынуліся ў вілейскай турме». У другой скарзе расказвалася пра тое, што мясцовай уладзе не спадабалася нататка ў газеце «Беларуская крыніца», таму да мясцовай дзяўчыны Мальвіны Радзюк прыйшлі паліцэйскія: «[…] Шукалі газет, але перавярнуўшы ўсе манаткі, і нічога не знайшоўшы, ня солана хлябаўшы, папляліся дадому».