• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця атрымаў Сяргей Дубавец за кнігу «Занзібар. Сталеньне маладой душы»

    Цырымонія праходзіла ў Эўрапейскім цэнтры салідарнасьці ў Гданьску (Польшча). Яе вядоўцай была Крысьціна Дробыш — акторка, дыктарка і выдаўца аўдыёкніг.

    Літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця атрымаў Сяргей Дубавец

    Першую прэмію за філязофскую рэфлексію над пошукамі нацыянальнай ідэнтычнасьці свайго пакаленьня ўручылі Сяргею Дубаўцу за кнігу «Занзібар. Сталеньне маладой душы».

    «Шчыра кажучы, ніяк не разглядаў сябе ў такой іпастасі… Ну калі давялося, дык што рабіць? Хачу сказаць вялікі дзякуй усім прысутным, арганізатарам, журы. Асаблівы дзякуй хачу сказаць сваёй улюблёнай паэтцы Насьце Кудасавай, якая спрычынілася да гэтай перамогі сваім допісам у Face­book, які шмат хто чытаў і, дзякуй Богу, падзяліў яе погляд на мой сьціплы даробак. Я не рыхтаваў ніякіх праграмных прамоў. Мяне, шмат з тых, хто прачытаў кніжку, вельмі прасіў пра працяг. І я хачу казаць, што пастараюся гэта зрабіць, — сказаў Сяргей Дубавец у часе цырымоніі.

    Другую прэмію месца за фантасмагарычнае адлюстраваньне зрухаў у Беларусі і творчую стыпэндыю з магчымасьцю цягам месяца працаваць у Доме пісьменьніка на выспе Готлянд у Швэцыі атрымала Югася Каляда за кнігу «Перамена месцаў».

    Трэцюю прэмію за асэнсаваньне гістарычнай повязі часоў у вострасюжэтнай форме атрымаў Зьміцер Дзядзенка за кнігу«Гульні Цырцэі. Раман«.

    Спэцыяльную прэмію — сэртыфікат на выданьне кнігі ў аўдыёфармаце — атрымала Югася Каляда зь яе кнігай «Перамена месцаў».

    Сяргей Дубавец: «Маё вяртанне да сябе завяршылася, а да Беларусі яшчэ не»

    За літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця сёлета змагаліся 6 твораў:

    • «Гульні Цырцэі. Раман» — Зьміцер Дзядзенка. Падзеі рэтра-крыміналу адбываюцца ў Воршы, і гэта, бадай, першае мастацкае асэнсаваньне аршанскай гарадзкой геаграфіі ў беларускай бэлетрыстыцы. У гістарычны час асноўных падзей — дваццатыя гады дваццатага стагодзьдзя — чытач трапляе праз недалёкія і яшчэ памятныя нам 1980‑я гады, і дэтэктыўны сюжэт, напружаны і хітра заплецены, нітуецца праз пакаленьні, набываючы працяг у часе цяперашнім. Усе патрэбныя рысы дэтэктыўнага жанру: таямнічае забойства, зьнікненьні і нечаканыя знаходкі, калярытная пара сышчыкаў, прытоны, бардэлі, уладныя кабінэты і пакоі прастытутак, няўлоўны забойца і фіктыўныя падазраваныя —кінэматаграфічным россыпам трымаюць чытача ў напрузе ад пачатку і да канца.
    • «Занзібар. Сталеньне маладой душы» — Сяргей Дубавец. Пакручасты шлях да беларушчыны героя кнігі і ягонага пакаленьня ў 1970–1980 гады дваццатага стагодзьдзя — галоўная тэма аўтабіяграфічнай кнігі. Аўтар падрабязна распавядае пра сваё савецкае дзяцінства, сям’ю, школьныя і студэнцкія гады ў Менску, працу ў Гомлі ды вяртаньне ў сталіцу ў пэрыяд гарбачоўскай перабудовы і нацыянальнага адраджэньня другой паловы васьмідзесятых —пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагодзьдзя. Побач з вобразам аўтара ўзьнікаюць фігуры ягоных сяброў і паплечнікаў, знаных постацяў беларускай культуры… Але гэтая кніга не толькі пра «архіпэляг Беларусь» (яе ўжо напісаў Валянцін Акудовіч), але і пра афрыканскую выспу Занзібар: з яе каляніяльнай гісторыяй, тубыльцамі, каровамі, варонамі, лялькамі вуду, наіўным жывапісам Эдуарда Цінгацінга, музыкай Фрэдзі Меркуры і раманамі Абдулразака Гурнаха.
    • «Перамена месцаў» — Югася Каляда. Амаль прыгодніцкі вострасюжэтны раман з адной фантастычнай пераменай целамі і лёсамі, цалкам рэалістычным змаганьнем дзьвюх жанчын за права быць сабой і адвечнымі беларускімі пытаньнямі без камфортных адказаў. Ці не задыхнецца справядлівасьць у клетцы дзяржаўных структур? Ці лёгка беспрацоўнай зрабіцца судзьдзёй, а судзьдзі — беспрацоўнай? Ці ўдасца аб’юзару ператварыцца ў чулага мужа, а беларускамоўнаму пісьменьніку не здрадзіць сабе і літаратуры? Ці можна ўратаваць нявіннага ў беларускім судзе – і якой цаной? А галоўнае, ці здольныя яшчэ ўчора чужыя людзі адкрыць, зразумець і падтрымаць адно аднаго, пераадолеўшы ўсе стэрэатыпы і штучныя падзелы, што замінаюць нам быць вольнымі? Адказы — у кнізе Югасі Каляды «Перамена месцаў».
    • «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» — Аляксандр Лукашук. Пісьменьнік з адметным, інтэлектуальна завостраным стылем, з мэтафарычным і ўадначас аналітычным мысьленьнем, нярэдка афарыстычны, нязьменна іранічны і самаіранічны. Ён верны сабе і ў іншым. У карыстаньні гратэскам. У ляканічных, але жывых характарыстыках герояў. У дакладна дазаваным нон-фікшне і фікшне. У адчуваньні жанраў і магчымасьцяў іх суіснаваньня ў тканіне твора. Кніга спалучае дзёньнік і ўспаміны, эсэ і (не)лірычную мініятуру, прыпавесьць і нават анэкдот (у першапачатковым значэньні). Яна —пра зусім нядаўні сьвет і ўжо сучасны, перакулены. У ёй шмат вядомых імён, аднак найцікавейшы нам сам аўтар: сьведка, удзельнік, храніст і — мастак слова.
    • «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» — Анка Упала. Тонкая кніга аўтаркі з тонкай душэўнай арганізацыяй, інтравэртная, з глыбокімі занырваньнямі ўглыб сябе. Яна, гэтая проза, крыху гермэтычная. Не ў сэнсе штучная ці выгадаваная ў прабірцы, але ўсё ж – абмежаваная нейкімі сьценамі, часам празрыстымі, як тая брамка, якую фарсіруюць гераіні, замкнёныя ўвечары на прычале. А можа, ілюзорнымі, нечым падобнымі да дэкарацый сусьвету «Шоў Трумана». Добрую кнігу лёгка распазнаць: ты не хочаш, каб яна скончылася.
    • «Забойства на вуліцы Макаёнка» — Клёк Штучны. Кніга ад першых старонак трымае чытача ў напружаньні. У цэнтры Менска забілі гарадзкую артыстку, Жанну Танцэн. Яна прымала ўдзел у маршах, таму ўлады надта рупліва займацца забойствам не стануць. Сьледчы хоча хутка закрыць справу. Людзі знаходзяцца пад наглядам уладаў. Цяжкія ўмовы жыцьця і няспынны тэрор прыводзяць да фрагмэнтацыі рэальнасьці. Як жыць у аўтарытарнай дзяржаве пад сталым наглядам уладаў? Якая сувязь паміж забойствам мінскай артысткі – і зьяўленьнем прывіду імпрэсарыё гарадзкіх вар’ятаў ды адтуліны? Якія сямейныя таямніцы хавае здань бабы Хані?

    Усе фіналісты атрымалі ганаровыя дыплёмы ўдзельніка гэтага літаратурнага конкурсу.

    У залі стаялі некалькі пустых крэслаў, як напамін пра зьняволеных людзей слова. Такім чынам арганізатары цырымоніі вырашылі ўшанаваць іх і забясьпечыць ім сымбалічную прысутнасьць на ўрачыстасьці.

    У межах цырымоніі працаваў кніжны кірмаш і адбылося некалькі важных для беларускай літаратуры дыскусій — пра пераклады беларускіх кніг, якія выходзяць у польскіх выдавецтвах, альбо не выходзяць. Таксама плянавалі сустрэчы з удзельнікамі шорт-ліста.

    Прэмія імя Ежы Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца штогод з 2012 году за найлепшую кнігу прозы ў папярэднім годзе на беларускай мове.

    Арганізатарамі конкурсу прэміі зьяўляюцца Аб’яднаньне «Беларускі ПЭН», асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў», пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча і Польскага Інстытуту ў Менску.

    Мэты прэміі: вызначэньне найлепшых празаічных кніг на беларускай мове; ушанаваньне памяці Ежы Гедройця — публіцыста, палітыка, пасьлядоўнага прыхільніка добрасуседзкіх зносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю, Літвой, Украінай; падтрымка актуальных беларускіх пісьменьнікаў, спрыяньне выхаду іх творчасьці на міжнародны ўзровень; спрыяньне паглыбленьню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры, папулярызацыя сучаснай беларускай літаратуры ў Беларусі і Польшчы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці