• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міліцыя, БТ і тысячы ботаў. Даследчыкі раскрылі, хто і як маніпулюе беларускім тыктокам

    Каманда даследчыкаў FactCheck.LT правяла даследаванне беларускага сегмента Tik­Tok і выявіла фабрыку ботаў, якая імітуе народную падтрымку ўлады і цкуе апанентаў па строгім раскладзе. «Наша Ніва» расказвае асноўнае.

    хто і як маніпулюе беларускім тыктокам

    Фота: Ches­not / Get­ty Image

    У кастрычніку 2025 года аналітыкі FactCheck.LT правялі комплексны аналіз 21 беларускага Tik­Tok-канала, якія ахопліваюць розныя сегменты аўдыторыі — ад каналаў навін да lifestyle-блогераў.

    Першапачаткова яны хацелі праверыць наяўнасць каардынацыі паміж каналамі, якія звязаныя з дзяржаўнымі структурамі або дэманструюць праўладную рыторыку. Але вынікі пераўзышлі іх чаканні. 

    Аўтары вывучылі дзейнасць 21 канала, якія сумарна маюць ад 5 да 7 мільёнаў праглядаў штомесяц. Толькі за адзін месяц назірання гэтая група стварыла 1 770 відэа і згенеравала 52 144 каментары. Аналізаваліся метаданыя пра час публікацыі, лайкі, каментары, ужытыя хэштэгі. Усяго ў выбарку трапілі 27 741 унікальны карыстальнік.

    Даныя збіраліся праз прафесійную аналітычную платформу Exolyt і праз публічныя інтэрфейсы Tik­Tok.

    У выніку аналізу даследчыкі вывелі інтэгральны «паказчык каардынацыі», які для вывучанай сеткі склаў крытычныя 91,7 са 100 магчымых балаў.

    Гэта сума чатырох незалежных метрык, кожная з якіх правярала асобны аспект паводзін: анамальнае супадзенне каментатараў (30 з 30 балаў), ненатуральнае перасячэнне аўдыторыі (30 з 30), сінхроннасць публікацый па часе (20 з 20) і скаардынаванае выкарыстанне хэштэгаў (11,7 з 20).

    Складаная структура: пяць кластараў і «ядро»

    Склад ядра гэтых каналаў вельмі паказальны: сюды ўваходзяць афіцыйныя акаўнты дзяржаўнага тэлебачання @ctv_by (СТБ) і @ont.life (АНТ), нібыта незалежныя навінавыя блогі кшталту @belarushh7, а таксама персанальныя акаўнты, напрыклад, лайфстайл-блогерка @prosto_olechka ці рэлігійны канал @priestblr.

    Асаблівую ўвагу аналітыкі звяртаюць на іерархію ўнутры сеткі. Галоўным «дырыжорам» выступае канал @belarusseychas, які задае тэмп усёй сетцы (удзел у 41% сінхранізацый). Аднак важную ролю адыгрываюць і сілавыя структуры: у топ‑3 самых актыўных каардынатараў увайшоў афіцыйны акаўнт Міністэрства ўнутраных спраў @mvd_by, які быў задзейнічаны ў 23% выпадкаў сінхроннай актыўнасці.

    прапаганда ў тыктоку

    Графік моцных сувязей паміж каналамі. Таўшчыня ліній адпавядае частаце сінхранізацый, памер вузлоў — колькасці ўдзелаў у сінхранізацыях. Звярніце ўвагу на цэнтральную пазіцыю @belarusseychas

    Гэта з’яўляецца доказам таго, што перад намі не праява грамадзянскай пазіцыі асобных людзей, а спланаваная інфармацыйная аперацыя з непасрэдным удзелам дзяржаўных органаў.

    Матэматычны доказ: анамальная сінхроннасць і офісны графік

    Штучнасць гэтай сеткі асабліва моцна выдаюць анамаліі часу і паводзін. Даследчыкі звярнулі ўвагу на графік актыўнасці блогераў, які выглядае надзвычай падазрона.

    Пікі сінхранізацый прыпадаюць на 9–10, 10–11, 13‑14 і 16‑17 гадзін — класічны графік офіснай працы. Драматычнае зніжэнне актыўнасці пасля 19:00 і практычна поўная адсутнасць начных сінхранізацый паказвае на прафесійную каманду, якая працуе ў рэгулярныя працоўныя гадзіны.

    Яшчэ больш уражвае анамальная сінхроннасць: было зафіксавана 83 выпадкі, калі розныя каналы посцілі відэа амаль адначасова, у межах адной хвіліны. Пры гэтым 13 публікацый з’явіліся з інтэрвалам менш за 10 секунд.

    Даследчыкі падкрэсліваюць, што з пункту гледжання матэматыкі верагоднасць такога выпадковага супадзення нікчэмна малая (менш за 1 на 10 у 80‑й ступені), што фактычна з’яўляецца строгім доказам аўтаматызаванага або загадзя спланаванага размяшчэння кантэнту.

    Інакш кажучы: калі б гэта былі 21 незалежны блогер, яны б маглі адзін раз выпадкова трапіць у адну хвіліну, але 83 разы за месяц — гэта ўжо не супадзенне, а заканамернасць, якая паказвае на адзінае кіраванне ці планаванне.

    Армія ботаў і «эмодзі-накрутка»

    Каб прасоўваць свае наратывы, сетка выкарыстоўвае маштабную падтрымку ботаў. Аўтары даследавання прааналізавалі паводзіны аўдыторыі і выявілі 4 641 карыстальніка, якія актыўныя адразу на некалькіх каналах сеткі. Гэта складае 16,7% ад усёй аўдыторыі, што ў 5‑7 разоў перавышае натуральныя паказчыкі для Tik­Tok.

    Для параўнання, звычайна ў Tik­Tok узровень такога скрыжавання аўдыторый складае ўсяго 1—3%: са ста каментатараў аднаго канала толькі адзін-два звычайна ходзяць яшчэ і на іншы падобны канал. Тут жа амаль кожны шосты карыстальнік адначасова падкормлівае некалькі розных акаўнтаў.

    Аднак галоўная небяспека палягае не ў саміх ботах, а ў механізме ўзмацнення, які дазваляе падманваць алгарытмы платформы.

    Сетка ботаў імгненна рэагуе на відэа, пакідаючы тысячы каментароў, якія складаюцца выключна з эмодзі.

    Такі тып спаму абраны невыпадкова: яго цяжэй адлавіць аўтаматычным фільтрам, чым аднолькавы тэкст. Алгарытм Tik­Tok, бачачы рэзкі ўсплёск актыўнасці (engage­ment), памылкова лічыць відэа цікавым і пачынае прасоўваць яго ў рэкамендацыі рэальным, нічога не падазраючым карыстальнікам.

    Такім чынам штучна створаны наратыў выходзіць за межы сеткі ботаў і трапляе ў галовы звычайных беларусаў ужо пад выглядам «папулярнага народнага меркавання».

    Хэштэгі

    Асобнай увагі заслугоўвае выкарыстанне хэштэгаў. Тэгі, прысвечаныя Ціханоўскаму і апазіцыі, аказаліся на 80—100% манапалізаваныя дадзенай сеткай і заўсёды выкарыстоўваліся ў негатыўным кантэксце. 

    Даследчыкі таксама заўважылі выкарыстанне хэштэга «апазіцыя» з наўмыснай арфаграфічнай памылкай — гэты прыём у 100% выпадкаў ужываўся толькі каналамі сеткі для высмейвання. Паказальна, што ніводзін звычайны беларускі карыстальнік тыктока такіх тэгаў не выкарыстоўваў — толькі прапагандысты.

    Насупраць, хэштэг #прэзідэнтбеларусі (94,5% выкарыстання якога прыпадае на сетку) працуе выключна на стварэнне пазітыўнага вобраза. Заўважце, што і гэтым тэгам звычайныя людзі не карыстаюцца.

    Пры гэтым даследчыкі падкрэсліваюць: хэштэгі — важны, але не адзіны доказ.

    Чаму гэта важна ведаць кожнаму беларусу

    Расследаванне падкрэслівае, што Tik­Tok стаў ідэальным полем для падобных маніпуляцый менавіта з‑за сваёй спецыфікі. Кароткі фармат відэа не пакідае гледачу часу на крытычнае асэнсаванне і праверку фактаў, маладая аўдыторыя больш успрымальная да яркіх вобразаў і схільная давяраць таму, што «папулярна», а закрытасць алгарытмаў дазваляе ботам сімуляваць усенародную падтрымку.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці