У «экстрэмісцкі» спіс Мініфарма трапілі сацсеткі незалежных медый
Увечары 15 снежня Міністэрства інфармацыі Беларусі чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Выява зроблена БАЖ пры дапамозе ChatGPT
Паводле рашэння суда Ленінскага раёна Брэста ад 12 снежня 2025 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаная суполка ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» з назвай «Бинокль. Журнал о Бресте» (ідэнтыфікатар vk.com/binklby).
Выданне «Бинокль» з’явілася ў Брэсце ў 2016 годзе, Анлайн-часопіс пісаў пра гарадскія грамадскія ініцыятывы і мясцовыя цікавосткі. У студзені 2021 года сілавікі прыйшлі з ператрусам у рэдакцыю, забралі дакументы і камп’ютары. Ператрус праводзіўся нібыта ў межах справы пра нясплату падаткаў. Яшчэ праз некалькі месяцаў сілавік правялі ператрусы ў кватэрых супрацоўнікаў рэдакцыі. З тае пары праца гарадскога часопіса спынілася, кантэнт сацсетак выдання таксама не абнаўляўся.
У адпаведнасці з рашэннем суда Салігорскага раёна Мінскай вобласці ад 10 снежня 2025 года «экстрэмісцкім» прызнаны кантэнт YouTube-канала «Зеркало» (ідэнтыфікатар youtube.com/@ZERKALOIO). Іншыя старонкі выдання «Зеркало» ў сацсетках і сайт гэтага медыярэсурсу былі прызнаныя «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» раней. У чэрвені 2023 года «Зеркало» абвясцілі ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем», у адпаведным рашэнні Міністэрства ўнутраных спраў згадваліся сайт медыя, сацыяльныя сеткі і ягоны лагатып.
Рашэннем суда Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ад 8 снежня 2025 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны YouTube-канал з назвай «ИНФОVESTI» (ідэнтыфікатар youtube.com/@vesti3921). «Усе свежыя навіны Украіны, Казахстана, Расіі і свету» , — так прэзентуе сябе гэты інфармацыйны рэсурс, які мае 145 тысяч падпісчыкаў.
Суд Мазырскага раёна Гомельскай вобласці сваім рашэннем ад 8 снежня 2025 года прызнаў «экстрэмісцкай» суполку «Радыё Свабода» ў сацсетцы «Одноклассники». Так напісана ў дакуменце на сайце Мінінфарма. Але там пададзеныя звесткі ўсяго пра адзін відэаролік з лагатыпам «Радыё Свабода», размешчаны на прыватнай старонцы ў «Одноклассниках» (ідэнтыфікатар ok.ru/video/1850477578904). На гэтым відэароліку дэманструюцца сцэны збіцця сілавікамі затрыманых пратэстоўцаў у ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
@bajmedia