• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Літоўска-беларускі журналісцкі форум: «Што мы можам зрабіць разам дзеля бяспекі дэмакратычнага свету?»

    У Сейме Літвы 18 снежня прадстаўнікі Беларусі і балтыйскіх краін абмеркавалі супрацьдзеянне рэгіянальным выклікам бяспекі і сацыяльную ролю медыя ў іх вырашэнні.

    Форум журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў

    Аксана Колб, Андрэй Дынько і Дайнюс Бабілас з Дэпартамента нацыянальных меншасцяў на Форуме журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў. 18 снежня 2025 года. Фота: БАЖ

    Форум, што прайшоў 18 снежня ў літоўскім Сейме, арганізаваны Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Саюзам журналістаў Літвы, Сеймам Літвы, а таксама Службай інспектара па журналісцкай этыцы. Адбылося дзве панэлі — «Дэмакратычныя каштоўнасці, глабальныя канфлікты і роля журналістаў» і «Сацыяльная роля журналістаў, СМІ і няўрадавых арганізацый — што мы можам зрабіць разам дзеля бяспекі дэмакратычнага свету?».

    «Падчас глабальных канфліктаў барацьба вядзецца «не толькі на лініях фронту, але і ў інфармацыйнай прасторы», — так адкрыў 18 снежня ў Вільні Форум краін Балтыі і пераследаваных журналістаў «Журналістыка і дэмакратыя ў часы глабальнага канфлікту» спікер Сейма Літвы Юозас Олекас.

    Ён зазначыў, што журналісцкая супольнасць краін Балтыі «таксама сутыкаецца з шырокімі выклікамі, з рознымі атакамі прапагандысцкай машыны» і павінна «прытрымлівацца высокіх стандартаў дэмакратычнай журналістыкі».

    На думку спікера Сейма, пэўныя рашэнні, якія будуць прынятыя на форуме, дапамогуць журналістам краін Балтыі «падтрымліваць гэтыя стандарты».

    старшыня Сейма

    Старшыня Сейма Юозас Олекас на Форуме журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў. 18 снежня 2025 года. Фота: БАЖ

    «Наша дзяржава бачыць гэтыя праблемы, мы разумеем, у якіх умовах працуем, і вітаем намаганні і імкненні, мяркуем, што можам рабіць гэта толькі разам.

    Вельмі рады, што я і наша краіна можам зрабіць свой унёсак, садзейнічаць беларускім журналістам, якія працуюць тут, а таксама ўсім журналістам краін Балтыі», — сказаў Юозас Олекас.

    Старшыня Саюза журналістаў Літвы Аўдрыс Антанайціс заявіў, што для яго «вялікі гонар і абавязак» стасавацца з беларускімі журналістамі і «абмяркоўваць салідарнасць, адзінства і ролю журналістаў у сучасным свеце, калі праблемы толькі назапашваюцца».

    «Літоўцы і беларусы былі суседзямі на працягу многіх стагоддзяў, — падкрэсліў Аўдрыс Антанайціс. — Мы разам стваралі культуры, маем супольную гісторыю. Безумоўна, у нас ёсць пэўныя дэбаты, дыскусіі, але няма нейкіх вялікіх сварак, няма глыбокіх падзелаў паміж намі. І тое, што цяпер нас раздзяляе вельмі доўгая мяжа паміж нашымі краінамі, — гэта проста жах. Хто б мог падумаць, што калісьці на літоўска-беларускай мяжы будзе пабудавана сцяна. Ніхто пра гэта не думаў».

    «Быць журналістам сёння вымагае мужнасці»

    Кіраўнік СЖЛ успомніў, што падчас змагання за незалежнасць напрыканцы 1980‑х гадоў, беларускія журналісты дапамагалі Літве.

    «Цяпер мы бачым, што часы змяняюцца, і са свайго боку мы гатовыя прыкласці ўсе намаганні, каб дапамагчы вам здабыць свабоду слова. Балюча бачыць, што некаторыя калегі застаюцца ў турмах — за тое, што яны проста думаюць і выказваюцца свабодна. Так не павінна быць. Мы спадзяёмся, што сітуацыя будзе змяняцца і што гэтыя праблемы можна вырашаць цывілізаваным шляхам», — сказаў Аўдрыс Антанайціс.

    Старшыня саюза журналістаў Эстоніі Хеле Ційкмаа заўважыла, што «быць журналістам сёння вымагае мужнасці».

    «Мне добра вядома, што Беларусь з’яўляецца адным з найбольш рэпрэсіўных медыйных асяроддзяў. Прапаганда выцесніла незалежных журналістаў з большасці традыцыйных каналаў і за межы краіны. Але я веру, што пакуль існуюць у журналістыцы людзі са свабодным мысленнем, якія ствараюць кантэнт, будуць і людзі, якія будуць ім карыстацца, — і наадварот. Падтрымка вас у гэтым — мэта Еўропы і наша агульная задача», — сказала яна.

    Дэмакратычныя каштоўнасці, глабальныя канфлікты і роля журналістаў

    Падчас першай дыскусіі Аксана Колб, беларуская журналістка, былая галоўная рэдактарка выдання «Новы Час», заўважыла, што важная заўсёды верыфікацыя інфармацыі стала выключна важнай: «Абавязкова — на 100, 200, 300 адсоткаў — інфармацыя, якая даносіцца да гледачоў, слухачоў, чытачоў, павінна быць правераная некалькі разоў. Зараз спецслужбы выкарыстоўваюць не столькі традыцыйныя медыя, колькі розных блогераў, сацсеткі і іншае, каб закідваць інфармацыю, якая можа падавацца праўдзівай.

    На маю думку, роля традыцыйных медыя павінна быць сёння галоўнай, бо толькі яны маюць магчымасці і рэсурс спраўджваць інфармацыю. Аніякага кампрамісу ў бок хуткасці падачы інфармацыі быць у прынцыпе не можа».

    Андрэй Дынько

    Падчас Форуму журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў. 18 снежня 2025 года. Фота: БАЖ

    Рэдактар Андрэй Дынько зазначае, што ў падрыхтоўцы магчымай агрэсіі Расіі супраць ЕС ключавая роля адводзіцца дэзынфармацыі.

    «І мы гэта ўжо назіраем.

    Мы, беларускія журналісты, супрацьстаім не толькі лукашэнкаўскім каналам і рэсурсам, але і агромністым рэсурсам, якія кідае Расія, каб пашырыць гэтую дэзынфармацыю. Мы бачым тысячы не толькі традыцыйных медыя, але і самыя разнастайныя сродкі: каналы ў Telegram, у сацсетках, у Tik­Tok. А таксама бачым тысячы ботаў, у тым ліку з літоўскімі, латвійскімі і эстонскімі псеўданімамі. Яны выкарыстоўваюць штучны інтэлект, каб пісаць на іншых мовах.

    Гэта вельмі складаны выклік. Нас не вучылі супрацьстаяць гэтаму, вучымся на хаду», — сказаў Андрэй Дынько.

    Галоўнай задачай застаецца праца для беларусаў унутры Беларусі

    Андрэй Дынько таксама адзначыў унікальнасць сітуацыі з беларускімі медыямі: «Для большасці беларускіх СМІ галоўнай задачай застаецца праца для беларусаў унутры Беларусі. Мы — не дыяспарныя СМІ, мы — медыя для беларусаў ва ўсім свеце. У нас вельмі спецыфічная сітуацыя.

    Нашыя СМІ зараз замяняюць сабою дзяржаву, калі хочаце. Падаецца, што гэта гучна гучыць, але гэта так. У пэўныя часы літаратура замяняла дзяржаву, бо літаратура фармавала нацыі. А зараз СМІ ёсць той платформай, якая яднае беларусаў Літвы, Амерыкі, Польшчы і іншых краін. Яны застаюцца беларусамі дзякуючы гэтым СМІ.

    Форум журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў

    Падчас Форуму журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў. 18 снежня 2025 года. Фота: БАЖ

    Гэта падобна на тое, як літоўская дыяспара ў перыяд халоднай вайны захавала ідэнтычнасць, пранесла нацыянальную ідэю і перадала яе новай Літве. Можна ўспомніць хаця б сімвалічнае вяртанне Валдаса Адамкуса ў палітыку. І ў пэўным сэнсе цяпер задачай беларускай супольнасці за мяжой — пранесці нашу нацыянальную ідэю, захаваць яе, развіць, адаптаваць і перадаць у Беларусь».

    Што да дапамогі беларускім медыя з боку еўрапейскіх калег і, у прыватнасці, літоўскіх, то «любая дапамога — гэта не абстрактная інвестыцыя ў нешта, гэта інвестыцыя ў канкрэтную бяспеку Літвы і ЕС сёння».

    Сацыяльная роля журналістаў, СМІ і няўрадавых арганізацый — што мы можам зрабіць разам дзеля бяспекі дэмакратычнага свету?

    Падчас другой дыскусіі Алег Агееў, намеснік старшыні БАЖ, распавёў пра самарэгуляцыю беларускага медыясектара. «Сапраўды, у сённяшнім выглядзе беларускі медыясектар знаходзіцца ў вельмі складанай сітуацыі.

    Краіна крыміналізавала дзеянні, якія тычацца стварэння кантэнту, яго распаўсюду, — сказаў Алег Агееў. — Канешне ж, пытанні, як вырашаць спрэчкі ўнутры медыясупольнасці, узнікаюць. Калісьці ў БАЖ была такая структура як Камісія па этыцы. Сёння яна не можа выконваць свае функцыі. Былі створаныя Медыяасамблея і Рада па медыяэтыцы, апошняя сёння і з’яўляецца тым квазісудовым органам, які выконвае функцыі самарэгулявання медыясектара. Пачынаючы з траўня ўжо былі разгледжаныя сем спраў. На сёння 24 суб’екты далучыліся да Медыяасамблеі, гэта прыкладна палова ўсяго незалежнага медыясектара. Гэта дае надзею, што ўсе спрэчкі будуць разглядацца і рэгулявацца паводле дэмакратычных працэдур». 

    Алег Агееў

    Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў на Форуме журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў. 18 снежня 2025 года. Фота: БАЖ

    Скірмантас Малінаўскас, літоўскі грамадскі актывіст і папулярны ў краіне блогер, пачаў з таго, што амаль нікога не ведае ў гэтай зале: «Таму мая выснова — прадстаўнікі беларускіх медыя вельмі мала інтэграваныя ў літоўскую журналістыку, ёсць бурбалкі, якія не перасякаюцца».

    «Але ўпэўнены, што мы шмат дзе маглі б перасякацца і супрацоўнічаць, тым больш зараз усе нашыя медыя занятыя беларускімі паветранымі шарамі. Мы маглі б разам штосьці рабіць, нейкія калабарацыі ў гарачых і для вас, і для нас тэмах. Як так адбылося, што мы не супрацоўнічаем, хаця вы тут ужо даўно? А было б, на маю думку, у выніку менш стыгматызацыі і тых жа размоў пра ліцвінізм, менш рознагалосся», — мяркуе Малінаўскас.

    Дзейнасць незалежных беларускіх СМІ адпавядае каштоўнасцям і мэтам «Еўрапейскага шчыта дэмакратыі»

    Сузаснавальнік расследавальніцкага беларускага «Бюро Медыя» Аляксандр Ярашэвіч якраз адказаў у тым ліку Малінаўскасу наконт магчымасцяў супрацы з літоўскімі калегамі: «Усе нашыя расследаванні сталі магчымымі дзякуючы шчыльнай супрацы з еўрапейскімі медыямі — з Нямеччыны, Італіі, Даніі, Чэхіі, Латвіі, Украіны і, канешне ж, з Літвы».

    Аляксандр Ярашэвіч

    Аляксандр Ярашэвіч на Форуме журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў. 18 снежня 2025 года. Фота: БАЖ

    Літоўскія калегі з расследавальніцкага цэнтра Siena «дапамагалі нам рабіць расследаванні пра пастаўкі люксавых аўтамабіляў з Нямеччыны і іншых еўрапейскіх краін ў Расію ў абыход санкцый — праз пасярэднікаў у Літве і Беларусі». Пасля публікацыі мытнікі ўзмацнілі кантроль на мяжы, а потым ЕС увёў дадатковыя санкцыі супраць Беларусі, каб закрыць абыходы.

    Нядаўна разам з Siena «Бюро Медыя» выпусціла расследаванне пра пастаўкі італьянскага абсталявання ў Беларусь ў абыход санкцый. Яшчэ адна супольная праца з літоўскімі калегамі тычыцца кантрабанды беларускіх цыгарэт у Еўропу.

    «Калі кантрабандысты пачалі дастаўляць цыгарэты ў Літву на дронах і паветраных шарах, то калегі з аддзела расследаванняў LRT звярнуліся да нас па дапамогу. Разам мы распавялі, як уладкавана паветраная кантрабанда, якое дачыненне мае да яе беларускі рэжым і якія выгоды ён атрымлівае ад нелегальных паставак», — зазначыў беларускі журналіст.

    Павел Марыніч

    Павел Марыніч з намеснікам старшыні камісіі па замежных справах Сейма Жыгімантасам Павілёнісам на Форуме журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў. 18 снежня 2025 года. Фота: БАЖ

    На думку кіраўніка «Бюро Медыя», ад журналісцкай кааперацыі выйграе кожны з бакоў: «Мы пашыраем сваю аўдыторыю і здабываем большыя магчымасці паўплываць на праблемы ў лепшы бок».

    Аляксандр Ярашэвіч падкрэслівае, што дзейнасць незалежных СМІ Беларусі ў выгнанні цалкам адпавядае каштоўнасцям і мэтам «Еўрапейскага шчыта дэмакратыі», гэту праграму Еўракамісія задумала як скаардынаваныя намаганні па барацьбе з «замежным умяшальніцтвам, дэзынфармацыяй і іншымі пагрозамі для дэмакратычных працэсаў». «Іншымі словамі, «Еўрапейскі шчыт дэмакратыі» накіраваны менавіта супраць той гібрыднай інфармацыйнай вайны, якую вядуць Крэмль і яго саюзнік у Мінску. Беларускія СМІ ў выгнанні ўмацоўваюць інфармацыйную прастору супраць варожай маніпуляцыі і дапамагаюць стварыць імунітэт не толькі ў беларускім грамадстве, але і на ўсходнім флангу Еўропы ад аўтарытарнага ўплыву. Беларускія медыі ў выгнанні — жыццёва важная сілу як для ўнутранай, так і для рэгіянальнай бяспекі», — падкрэсліў Аляксандр Ярашэвіч.

    Аляксандр Манцэвіч

    Галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч атрымаў узнагароду «Надзея Свабоды» з рук заснавальніка прэміі Казіса Старкявічуса. 18 снежня 2025 года. Фота: БАЖ

    Форум завяршыўся ўжо традыцыйным уручэннем прэміі «Надзея Свабоды». Лаўрэатам стаў былы палітвязень, галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці