Анджэю Пачобуту — 53. Палітзняволены журналіст застаецца ў турме
Пяты дзень народзінаў запар журналіст Анджэй Пачобут сустракае за кратамі. На тле частага згадвання ягонага імя ў прэсе беларускімі праваабаронцамі і польскімі дыпламатамі, дзеяч незалежнага Звязу палякаў застаецца сярод палітычных зняволеных рэжыму Лукашэнкі.

Анджэй Пачобут. Калаж: Радыё Свабода
Усе гэтыя гады, а Пачобут у турме з 25 сакавіка 2021 году, ня раз было чуваць пра «намаганьні вызваліць» яго ў часе кіраваньня партыі «Права і справядлівасьць». Тады Міністэрства замежных спраў падкрэсьлівала, што намаганьні працягваюцца. Палякі таксама ня раз чулі, што дзяржава «вельмі блізкая да фінішу» ў забесьпячэньні вызваленьня Анджэя. Былі нават здагадкі, што прэзыдэнт Анджэй Дуда падымаў гэтае пытаньне падчас свайго візыту ў Кітай.
З таго часу прайшло нямала, у Польшчы ўжо зьмяніўся ўрад, а затым прэзыдэнт. У Беларусі выпусьцілі з турмаў дзясяткі палітзьняволеных, праўда, многіх прымусова вывезьлі за мяжу. Новыя польскія ўрадоўцы таксама часта гавораць пра пошук шляхоў вызваленьня журналіста зь беларускай турмы. А Пачобут так і застаецца там.
У сакавіку 2026 году галоўны дарадца кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў камэнтары Rzeczpospolita сказаў, што Анджэй Пачобут стаў для рэжыму Лукашэнкі важнейшым за іншых вядомых палітвязьняў — Віктара Бабарыку, Марыю Калесьнікаву, Сяргея Ціханоўскага. Вячорка запэўніў выданьне, што пытаньне вызваленьня Пачобута падымаецца «ўва ўсіх магчымых размовах».
Таксама ён адзначыў, што Ціханоўская размаўляла на гэтую тэму з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам у Брусэлі. У Офісе Ціханоўскай ня ведаюць, чаму Пачобута ня вызвалілі тады, калі Лукашэнка пасьля перамоваў з дарадцам Трампа Джонам Коўлам выпусьціў з турмаў 250 палітычных зьняволеных. Журналіст застаецца ў Наваполацкай калёніі, адной з найбольш суворых у Беларусі.
Некалькі не зьвязаных паміж сабою крыніц пацьвердзілі рэдакцыі Rzeczpospolita, што імя Пачобута фігуравала ў сьпісах палітвязьняў, вызваленьня якіх патрабавалі амэрыканцы.
У Страсбургу прайшла цырымонія ўганаравання Анджэя Пачобута прэміяй імя Сахарава
Тым часам зьняволеньне Пачобута паўплывала на яшчэ большае пагаршэньне беларуска-польскіх дачыненьняў. Нават ня кажучы пра дыпляматычную напругу на лініі Беларусь-Эўразьвяз, непасрэдна беларуска-польскія адносіны перажываюць глыбокі крызіс.
Урад «Грамадзянскай кааліцыі» раней адкрыў памежныя пераходы зь Беларусьсю ў Кузьніцы і Баброўніках. Апошні быў закрыты ў 2023 годзе тагачасным кіраўніком Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Марыюшам Камінскім акурат у адказ на прысуд Пачобуту. 8 лютага таго году Анджэя асудзілі на 8 гадоў пазбаўленьня волі паводле артыкулаў аб «закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы РБ» (361 КК) і аб «распальваньні варожасьці» (арт. 130 КК. Праваабарончая супольнасьць лічыць Анджэя Пачобута палітычным вязьнем.
Рашэньне аднавіць рух (у тым ліку грузавы) на гэтых участках мяжы было прынята, сярод іншага, з улікам вызваленьня паляка.
У польскім МЗС пастаянна запэўніваюць, што намаганьні вызваліць Пачобута працягваюцца няспынна.
Інфарматар, зьвязаны з рэжымам Лукашэнкі, пацьвярджаў у размове з Rzeczpospolita, што Менск разьлічвае на афіцыйны візыт прадстаўніка Варшавы. На ягоную думку, Менск недвухсэнсоўна намякаў, што вызваленьне дзеяча польскай меншасьці будзе залежаць ад «палітычнага дыялёгу».
Станіслаў Пачобут: Анджэй не можа здрадзіць сваім ідэалам, хаця кошт гэтага вельмі высокі
Паводле былых палітвязьняў, якія адбывалі пакараньне ў Наваполацкай калёніі і летась зь яе вызваліліся, Анджэя Пачобута трымаюць у памяшканьні камэрнага тыпу. У выніку ён ня можа кантактаваць зь іншымі зьняволенымі ў атрадах ці на вытворчасьці.
У верасьні 2025 году сустрэцца з Пачобутам дазволілі былой кіраўніцы ліквідаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анжаліцы Борыс. Пасьля сустрэчы, якая цягнулася ня больш за гадзіну, Борыс расказала, што да гэтага Анджэй правёў тыдзень у шпіталі.
«Ён сказаў, што важыць 73 кіляграмы, у яго праблемы зь ціскам і зрокам. У шпіталі атрымліваў неабходныя лекі, але турма — гэта не санаторый. Ён не скардзіцца, але я перажываю за яго», — распавяла тады Анжаліка Борыс. Паводле яе, Пачобут папрасіў перадаць родным, каб за яго не турбаваліся.
У сьнежні мінулага году Эўрапарлямэнт узнагародзіў Анджэя Пачобута прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».
11 лістапада 2025 году польскі прэзыдэнт Караль Наўроцкі ўганараваў Анджэя Пачобута найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы — ордэнам Белага Арла.
Хто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з‑над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023‑м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.
@bajmedia