• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Беларускасць стала для яго паветрам. Мікіта дапамагаў нам бачыць саміх сябе». Беларусы пра нечаканую і несправядлівую страту

    Выбітны журналіст, аўтар праектаў «Жыццё-маліна» і «Загляне сонца» Мікіта Мелказёраў раптоўна памёр у 37 гадоў. «Колькі святла і добрай энергіі, які імклівы прафесійны рост, колькі цікавасці да Беларусі і ўсяго беларускага, як шмат было зроблена за такі кароткі час — і як жа мала выявілася гэтага часу!».

    Мікіта Мелказёраў

    Мікіта Мелказёраў. Фота: Караліна Палякова

    Мікіта Мелказёраў пайшоў з жыцця ў ноч на 21 снежня. Журналісту ўвечары стала дрэнна, яму выклікалі хуткую, але не змаглі ўратаваць.

    Мікіта Мелказёраў — беларускі журналіст, блогер і аўтар папулярнага YouTube-праекта «Жыццё-маліна», дзе ён браў інтэрв’ю ў розных беларусаў, у тым ліку актывістаў і публічных асоб. Таксама ён быў вядоўцам праекта «Загляне Сонца», дзе разглядаў розныя тэмы з гісторыі Беларусі, сувядоўцам перадачы «Мова Нанова» на «Белсаце», калумністам DW. Раней ён працаваў журналістам на Onlin­er і «Трыбуне». Мікіта — сябра БАЖ, капітан футбольнай зборнай каманды журналістаў.

    У сацсетках беларусы пішуць пра шок, несправядлівасць і страту, дзеляцца ўспамінамі.

    Журналіст Ягор Марціновіч кажа, што для яго Мікіта Мелказёраў — «нячасты прыклад таго, як прыйсці да беларушчыны ў дарослым узросце, ужо сфарміраванай асобай».

    журналісцкі турнір па футболе

    Мікіта Мелказёраў на журналісцкім футбольным турніры ў Друскеніках. 14 верасня 2024 года. Фота: БАЖ

    «Не проста перайсці на беларускую мову, бо па працы трэба, а цалкам, у жыцці. А ён вось пасля 2020 года адчуў такую патрэбу. Мы з Мікітам вучыліся ў адной групе на факультэце журналістыкі. І каб мне пры нашым знаёмстве сказалі, як закруціцца жыццё і што гэты пацан з дзясяткам татух і тунэлямі ў вушах стане адным з самых папулярных грамадска-палітычных блогераў краіны і што ён будзе рабіць па-беларуску інтэрв’ю на сотні тысяч праглядаў… Ды ні за што ў жыцці не паверыў бы. А яно вось як…», — піша журналіст.

    «Шок. Не магу паверыць, што не стала Мікіты Мелказёрава. Ён аб’ектыўна быў найлепшым інтэрв’юерам Беларусі, ніхто так старанна не вывучаў сваіх герояў. Хоць размовы з ім былі няпростымі, рада была быць яго суразмоўцай. Спачуванні родным і блізкім Мікіты», — напісала галоўная рэдактарка «Хартыі-97» Наталля Радзіна.

    «Даў слова сотням людзей, вартых, каб іх паслухалі»

    Грамадскі актывіст, экс-кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак успамінае: «Упершыню мы спісаліся з Мікітам 11 красавіка 2020 года, тады яшчэ ў межах кампаніі дапамогі медыкам. Потым быў вялікі матэрыял на «Анлайнеры», потым пратэсты, ад’езд Мікіты пасля пасадкі Івуліна. Мы не былі з Мікітам вялікімі сябрамі, але ж заўсёды цёпла віталіся. Я дзяліўся з ім кантактамі суразмоўцаў, з тых, каму дапамагаў BYSOL. Мікіта намагаўся даць слова тым, хто не мог гаварыць на радзіме, але ж быў гатовы гаварыць у вольным свеце пасля эвакуацыі. З Мікітам выйшла і маё вялікае інтэрв’ю, кавалак з якога пра рускіх і вайну, дагэтуль вірусна гуляе па сеціве і збірае дзясяткі тысяч праглядаў, бо актуальнасць яго не губляецца, а толькі расце. На жаль.

    Мікіта Мелказёраў

    Мікіта Мелказёраў на пераднавагоднім вечары БАЖ. 20 снежня 2019 года. Фота: БАЖ

    Мікіта даў слова сотням людзей, вартых, каб іх паслухалі. Мікіты больш няма. Неверагодна незразумела. Неверагодна несправядліва. Неверагодна прыкра пісаць некралог маладому чалавеку, якому зусім яшчэ рана сыходзіць».

    Журналіст, палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі кажа, што, «здаецца, зусім нядаўна сустракаліся з Мікітам, запісвалі гутарку, бачыліся ўпершыню, але размаўлялі як старыя знаёмцы»:

    «Ён умеў развязваць суразмоўцу язык, але і надта расслабляцца не даваў, раз-пораз падкідваў няпростыя пытаннечкі. Старанна рыхтаваўся да гутаркі. Некаторыя моманты маёй біяграфіі ведаў ці не лепей за мяне.

    Яскравая, таленавітая натура. Балюча, што так рана сышоў».

    «Умеў рабіць рэдкую рэч — даваць чалавеку прастору быць сабой»

    «Немагчыма паверыць. Здаецца, быццам такога проста не магло здарыцца», — напісала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская. «Мікіта ўмеў рабіць рэдкую рэч — даваць чалавеку прастору быць сабой», — зазначыла яна.

    Мікіта Мелказёраў

    Святлана Ціханоўская на інтэрв’ю ў Мікіты Мелказёрава. Скрыншот відэа

    «Мікіта быў выбітным, таленавітым журналістам і па-сапраўднаму светлай асобай. Ён быў чалавекам вялікай душы і шчырым патрыётам Беларусі. Нам будзе вельмі не хапаць яго голасу, святла і нязломнай веры ў лепшую будучыню нашай краіны», — напісаў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

    Блогерка Вольга Такарчук піша: «Пасля маіх уцёкаў з Беларусі інтэрв’ю Мікіту ў «Жыццё-маліна» было першым у незнаёмай мне краіне. Тады было шмат нявызначанасці і страхаў, было поўнае неразуменне, што далей?!

    Той дзень з Мікітам даў мне надзею на тое, што я ўсё змагу, у мяне ўсё атрымаецца. І атрымалася. Мы ніколі не сустракаліся да інтэрв’ю, але было поўнае адчуванне таго, што я ведаю яго ўсё жыццё».

    «Паглынаў беларушчыну сквапна, нагбом, адкрываў для сябе новае са здзіўленнем падлетка»

    «Літаральна тры дні таму Мікіта Мелказёраў званіў мне, прасіў падзяліцца думкамі і цікавосткамі пра свайго чарговага героя, — піша журналіст Віталь Цыганкоў. — Мікіту называюць блогерам, і мне хочацца гэтаму запярэчыць. Мне найперш хочацца назваць яго высокапрафесійным журналістам.

    Мне хочацца падкрэсліць ягоную ўнутраную глыбіню, якая, магчыма, не ўсім была заўважная. Хачу засведчыць, наколькі ўнікліва і маштабна ён рыхтаваўся да сваіх праграм. Разоў пяць за гэтыя гады ён тэлефанаваў, каб я падзяліўся нейкімі думкамі, момантамі, развагамі пра ягоных будучых герояў, з якімі я быў даўно знаёмы. Ён часам нават абмяркоўваў павароты размовы з тым ці іншым героем, якая тэма менавіта з гэтым чалавекам найлепш зойдзе.

    Мікіта Мелказёраў

    Мікіта Мелказёраў на Еўрапейскім журналісцкім футбольным турніры. Друскенікі (Літва), 12 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    Калі я сам стаў героем «Маліны», ён даволі нечакана цытаваў нейкія мае пасты, артыкулы 5–10-гадовай даўніны, якія я і сам ужо не памятаў. Ён рыхтаваўся вельмі карпатліва і ўдумліва. І яшчэ. У ім заўсёды адчувалася павага да калег, якія былі да яго. Да старэйшых. Як чалавек, які ўжо ў дарослым узросце далучыўся да гісторыі, да беларушчыны — ён паглынаў яе сквапна, нагбом, адкрываў для сябе новае са здзіўленнем падлетка. Вечная памяць!»

    «Мікіта быў беларускім блогерам нумар адзін. Прафесіяналам, якога сапраўды цікавілі ягоныя госці, да дробных нюансаў. Ён кайфаваў ад сваёй працы. Ягоны жыццёвы шлях захапляў. Сіла волі, каб адмовіцца ад кепскіх звычак і перайсці да суперздаровага ладу жыцця. Шлях да беларускасці, які стаў для яго часткай Я і місіяй, якая засмактала яго напоўніцу. Беларускасць стала для яго паветрам. І ён быў проста пазітыўным, вясёлым, жвавым. Ён дапамагаў нам бачыць саміх сябе. Дзякуй Богу, што ён у нас быў. Дзякуй, Мікіта», — піша журналіст Дзмітрый Гурневіч.

    «Неймаверная страта, агромністы боль, жаль, спачуванне блізкім. Як жа так, Мікіта, як жа так? Апошні раз мы бачыліся менш за месяц таму. І я нарцысічна распавядала пра сваё здароўе. А ён на пытанне «А ты як?» адказаў: «Ай ну, па-рознаму. Нічога. Як усе». Не як усе. Ніхто так не ўмеў паказваць людскія жывыя душы. @ya_ne_trogal_ya_prosto_smotrel Зорка, якая згарэла, асвятляючы змрок», — успамінае журналістка, блогерка Кацярына Ваданосава.

    Мікіта Мелказёраў

    Кацярына Ваданосава і Мікіта Мелказёраў. Фота: са старонкі Кацярыны Ваданосавай у Face­book

    Галоўная рэдактарка тэлеканала «Белсат» Аліна Коўшык піша: «Як і вы, я не магу паверыць. Не стала чалавека, які пераконваў нас: жыццё — маліна, і яно вартае таго, каб жыць яго сумленна і па-свойму. Ён паказваў, што сярод нас так шмат цудоўных беларусаў, што іх хапала на цэлыя сезоны «Маліны». Яскравы і харызматычны — такім я буду памятаць Мікіту. Сёлета ён далучыўся да вядзення «Мовы нанова» на @belsat. У нас былі іншыя планы. Цяпер засталася цішыня, якая балюча рэжа, і ўдзячнасць за тое, што ён быў».

    Спадарыня Коўшык дадала, што на мінулым тыдні Мікіта запісаў пяць інтэрв’ю для «Мовы нанова». Сярод іх і вялікая святочная гутарка з Лявонам Вольскім. А таксама з удзелам Мелказёрава зняты навагодні канцэрт для «Белсат». Тэлеканал прыняў рашэнне паказаць усе гэтыя выпускі ў эфіры.

    «Мы прынялі рашэнне паказаць усе гэтыя выпускі ў эфіры. З павагі і памяці — нічога не мяняць у сцэнары. Працягнуць справу, якой жыў Мікіта. Таму ў навагоднюю ноч ён таксама будзе з намі. Светлая памяць», — зазначыла яна.

     
    Мікіта Мелказёраў

    Мікіта Мелказёраў. Фота: са старонкі Аліны Коўшык у Face­book

    «Як шмат было зроблена за такі кароткі час — і як жа мала выявілася гэтага часу»

    Паэт, перакладчык Андрэй Хадановіч узгадвае, што менш чым месяц таму сустракаліся з Мікітам у Варшаве і рабілі праграму да юбілею Караткевіча, і зазначае: «Колькі святла і добрай энергіі, які імклівы прафесійны рост, колькі цікавасці да Беларусі і ўсяго беларускага, як шмат было зроблена за такі кароткі час — і як жа мала выявілася гэтага часу!.. Светлая памяць…».

    Лявон Вольскі пра Мікіту: «Ёсць такія журналісты, якім падсвядома давяраеш, і размова ліецца зіхоткім струменем. Нягледзячы нават на розніцу моваў. «Маліну» са мною мы з Мікітам запісвалі ў Менску ў 20‑м годзе. Мікіта гаварыў па-расейску, я — па-беларуску. Некалькі гадзінаў мінулі незаўважна.

    Наступным разам мы размаўлялі ў Варшаве. У гэтым годзе, на пачатку восені. Цяпер ужо — на адной мове. І — каюся! — я забыўся падзякаваць Мікіту за ягоны пераход на беларускую. А гэта ж быў цуд! Мікіта быў расейскамоўны і, што дзіўна для нашае зямлі, добра гаварыў па-расейску. Але, калі перайшоў на беларускую, усё заззяла новымі фарбамі і адценнямі. І гэта быў неацэнны прыклад для іншых журналістаў і блогераў. Дзякуй табе! І бывай!»

     
     
     
     
     
    Посмотреть эту публикацию в Insta­gram
     
     
     
     
     
     
     
     
     
     
     

    Публикация от Miki­ta Melka­zio­raŭ (@ya_ne_trogal_ya_prosto_smotrel)

    Пісьменніца Святлана Курс: «Мікіта памёр. Я яго любіла і моцна захаплялася, у ім было жыцця многа. Проста шугала. Мікіта, хочацца сказаць, Мікіта, як жа так?!»

    Паэт Уладзімір Някляеў адгукнуўся вершам:

    «Жыццё маліна, ці палын?» —

    Спытаў аднойчы бацьку сын.

    І той сказаў, абняўшы сына:

    «Каму – палын, каму – маліна».

    Бывай, Мікіта!

    Гісторык Аляксандр Пашкевіч зазначае:

    «Любая смерць у маладым веку жахлівая, але калі паміраюць такія, як Мелказёраў — жахліва яшчэ больш. Бо ён быў стваральнікам праекта, які стаў адной з найярчэйшых з’яў у цяперашняй беларускай медыяпрасторы і несумненна быў запатрабаваны аўдыторыяй — не некалі ў іншым жыцці, а вось тут і цяпер.

    Праекта выразна аўтарскага — а значыць, наўрад ці магчымага для паўнавартаснага працягу без гэтага харызматычнага аўтара. І ці можа ў цяперашні момант і ў цяперашніх абставінах прыйсці на апусцелае месца нешта раўнавартаснае — вялікае пытанне. У нас не вельмі доўгая, на жаль, лаўка запасных…».

    Адкрыты збор для родных Мікіты Мелказёрава. Падтрымаць можна ПА СПАСЫЛЦЫ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці