• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Мінску прагназуецца нізкі попыт на карэспандэнтаў, а ў рэгіёнах — востры недахоп

    Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарвыканкама мяркуе, што фатографы і карэспандэнты будуць незапатрабаванымі ў 2026 годзе на сталічным рынку працы.

    У Мінску прагназуецца нізкі попыт на карэспандэнтаў, а ў рэгіёнах — востры недахоп

    Фота: Tima Mirosh­nichenko для Pexels.com

    Можа, камусьці будзе цікава ведаць, што «фатограф» — гэта «рабочая» спецыяльнасць, а «карэспандэнт» належыць да катэгорыі «службоўцы». Так пазначана ў «Барометры магчымасці занятасці» — адмысловым рэестры на сайце Мінгарвыканкама.

    Паводле яго, нізкі попыт у шэрагу рабочых спецыяльнасцей будзе не толькі на фатографаў, але, прыкладам, яшчэ і на радыёмеханікаў, друкароў, візажыстаў, настройшчыкаў музычных інструментаў. У ліку службоўцаў працу будзе цяжка знайсці як карэспандэнтам, так і дызайнерам, мастакам, экскурсаводам.  

    Зрэшты, паводле абвестак партала службы занятасці, вакансіі карэспандэнтаў ёсць у сталічным інфармагенцтве «Минск-новости», заробкі тут — каля 750 рублёў.

    Аднак у астатнім, што тычыцца незапатрабаванасці карэспандэнтаў ці фатографаў, то такая сітуацыя існуе хіба толькі ў сталіцы. У рэгіёнах усё кардынальна наадварот.

    Да прыкладу, карэспандэнтаў шукаюць газеты «Ашмянскі веснік» (заробак 858 рублёў), «Горецкий вестник» (700–800 рублёў), «Полоцкий вестник» (1000–1500 рублёў), адразу двух карэспандэнтаў возьмуць у «Могилёвские ведомости» (1150–1500 рублёў). Вілейская газета «Шлях перамогі» шукае і карэспандэнта, і фотакарэспандэнта (заробкі па 1100 рублёў).

    Але, выглядае на тое, што самая кепская сітуацыя з журналісцкімі кадрамі на Віцебшчыне. Карэспандэнта шукае прадстаўніцтва выдавецкага дома «Беларусь сегодня» (заробак 2000–3 500 рублёў), двух карэспандэнтаў возьмуць у гарадскую газету «Віцьбічы» (заробак ад 726 да 1500 рублёў), адразу чатырох — у абласную газету «Витебские вести» (заробак ад 1 425 да 1 660 рублёў). Карэспандэнтаў у абласную газету гатовыя браць і на палову стаўкі, бо цяпер тут працуюць людзі глыбока пенсійнага ўзросту. У гэтым выданні няма нават галоўнага рэдактара — яго не могуць знайсці ўжо некалькі месяцаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці