«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: Telegram-каналы Reform.news, YouTube-канал Сяргея Будкіна «Тэлебудка» і іншыя рэсурсы
Міністэрства інфармацыі Беларусі ў чарговы раз папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сваім сайце.

Фота: reform.news
У адпаведнасці з рашэннем суда Пінскага раёна і г. Пінска ад 5 студзеня 2026 года ў гэты спіс трапілі два Telegram-каналы незалежнага анлайн-выдання Reform.news: «REFORM.news :: Самое интересное», (ідэнтыфікатар t.me/rfrm_io) і «Reform.news :: Культурный фронт» (ідэнтыфікатар t.me/cult_front). Іншыя інтэрнэт-рэсурсы медыя раней ужо прызнаваліся «экстрэмісцкімі».
Рашэннем гэтага ж суда ад 5 студзеня 2026 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны кантэнт YouTube-канала «Тэлебудка» (ідэнтыфікатар youtube.com/channel/UCpu2cliTqM2mwVBwiVq04Dg) і акаўнт з назвай telebudkaby у сацсетцы Instagram (ідэнтыфікатар instagram.com/telebudkaby). Гэта рэсурсы культурніцкага грамадскага актывіста, рэдактара партала «Тузін Гітоў» Сяргея Будкіна, на якіх транслююцца інтэрв’ю з вядомымі беларусамі.
Гэтаксама 5 студзеня 2026 года суд Пінскага раёна і г. Пінска прызнаў «экстрэмісцкай» старонку «Про Инфо» ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» (ідэнтыфікатар vk.com/proinfoby). Гэта старонка пра навіны Лунінецкага раёна, якая мае ўсяго 6 падпісчыкаў і не абнаўлялася з лютага 2024 года.
Суд Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці 6 студзеня 2026 года прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» старонку belarusnovosti2 у сацсетцы TikTok (ідэнтыфікатар tiktok.com/@belarusnovosti2?_r=1&_t=ZM-91MkICQL0Jv). Гэты відэарэсурс транслюе беларускія навіны, але не з тых, што паказваюць на дзяржаўных тэлеканалах, і мае больш за 59 тысяч падпісчыкаў. «Экстрэмісцкім» яго прызнаюць ужо другі раз — упершыню гэта зрабіў 31 ліпеня 2025 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска.
@bajmedia