RSF: Трамп набліжаецца да ўключэння ў спіс «драпежнікаў свабоды прэсы»
За першы год свайго прэзідэнцтва Дональд Трамп, як адзначаюць «Рэпарцёры без межаў», паслядоўна працягваў вайну супраць прэсы, якую ён распачаў яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі.

Дональд Трамп. Калаж RSF
Пасля пераабрання ў 2024 годзе Дональд Трамп паабяцаў стаць дыктатарам «з першага дня». Як падкрэсліваюць «Рэпарцёры без межаў» (RSF), у дачыненні да свабоды прэсы Трамп дакладна стрымаў сваё слова, распачаўшы сур’ёзныя атакі на доступ да дакладнай інфармацыі ва ўсім свеце.
Міжнародная арганізацыя RSF, якая адсочвае «драпежнікаў свабоды прэсы», склала храналогію нападаў адміністрацыі Трампа на СМІ за 2025 год.
Адзначым, што ў спіс «драпежнікаў свабоды прэсы» беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка трапляе штогод.
RSF папярэджвае: Дональд Трамп «рызыкуе апусціцца да ўзроўню аўтарытарных рэжымаў»
Варожасць Трампа да СМІ з’явілася задоўга да яго вяртання ў Белы дом у 2025 годзе. Цягам апошніх дзесяці гадоў ён называў журналістаў і медыі, з якімі не згодны, «ворагамі народа» і стваральнікамі «фэйкавых навін».
Падчас свайго другога тэрміну Трамп, апрача агрэсіўнай рыторыкі, зрабіў шэраг канкрэтных захадаў, якія сур’ёзна падарвалі свабоду прэсы ў ЗША і ва ўсім свеце.
За мінулы год ён цэнзураваў урадавую інфармацыю, расфарміраваў амерыканскія грамадскія тэлерадыёвяшчальныя кампаніі і незалежныя ўрадавыя агенцтвы, спыніў фінансаванне незалежных СМІ на міжнародным узроўні, падаваў у суд на медыі і здзяйсняў шмат іншых дзеянняў.
На думку RSF, дзеянні Трампа «пераклікаюцца з мерамі па падаўленні прэсы, якія ўжываюцца бязлітаснымі дыктатарамі, што ўваходзяць у «палітычную» катэгорыю спісу «Драпежнікі свабоды прэсы 2025 года», такімі як прэзідэнт Нікарагуа Даніэль Артэга і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін».
«Асобныя атакі Дональда Трампа на свабоду прэсы лёгка губляюцца ў пастаянным патоку навін. Але калі сабраць іх усе разам, выснова непазбежная: прэзідэнт ЗША вядзе паўнамаштабную вайну супраць свабоды прэсы і журналістыкі. Трамп — драпежнік, які палюе на свабоду прэсы.
Любое асвятленне падзей, любы журналіст ці выданне, што яму не падабаецца, становіцца мішэнню — і не толькі праз пустыя пагрозы. Ён і яго адміністрацыя з усіх сіл імкнуцца караць, расследаваць, наносіць шкоду, пазбаўляць фінансавання і кляйміць незалежныя СМІ.
Вайна Трампа супраць свабоды прэсы мае драматычныя наступствы для амерыканскай дэмакратыі і вартага даверу асвятлення навін ва ўсім свеце, і яе неабходна спыніць», — заяўляе Клейтан Веймерс, выканаўчы дырэктар RSF па Паўночнай Амерыцы.
З храналогіяй вайны Трампа супраць свабоды слова ў 2025 годзе можна азнаёміцца тут.
«Маскіфікацыя» тэхгігантаў
RSF таксама занепакоеныя тым, што Трамп прыступіў да «рэалізацыі стратэгіі «маскіфікацыі» амерыканскіх тэхналагічных кампаній. На думку аналітыкаў арганізацыі, першы год другога тэрміну Трампа заклаў асновы для альянсу паміж Белым домам і тэхналагічнымі гігантамі. Гэтая ідэалагічная і фінансавая сінергія, падмацаваная палітычным ціскам і лютай абаронай інтарэсаў Сіліконавай даліны, знаходзіць сваё абгрунтаванне ў радыкальнай рэформе Twitter, праведзенай Іланам Маскам. Пад «маскіфікацыяй» лічбавай прасторы «Рэпарцёры без межаў» разумеюць стварэнне «адкрытага альянсу, які, атакуючы лічбавае рэгуляванне, наўпрост пагражае цэласнасці інфармацыі».

Уладальнік кампаніі Х Ілан Маск. Фота: Marvin Joseph/The Washington Post via Getty Images
«Збліжэнне інтарэсаў буйных лічбавых кампаній і прэзідэнта відавочнае: эканамічная мадэль, заснаваная на віруснасці і роўнасці ўсяго кантэнту, ідэальна адпавядае трактоўцы Трампам Першай папраўкі. (Першая папраўка да Канстытуцыі ЗША гарантуе пяць асноўных свабод: свабоду рэлігіі, свабоду слова, свабоду друку, свабоду мірных сходаў і права звароту да ўрада з петыцыямі — БАЖ).
Гэтае бачанне, далёкае ад канстытуцыйных тэкстаў, штучна супрацьпастаўляе свабоду прэсы свабодзе выказвання меркаванняў. Гэтая трансфармацыя ўключае ў сябе больш тонкую, чым здаецца на першы погляд, гульню, якая спалучае ціск з боку амерыканскіх інстытутаў і абарону эканамічных інтарэсаў Сіліконавай даліны, у прыватнасці праз спробы перашкодзіць Еўрапейскаму саюзу ўвесці еўрапейскае рэгуляванне лічбавых паслуг, вядомае як DSA», — піша Вінсэнт Берцье, кіраўнік аддзела тэхналогій і журналістыкі арганізацыі «Рэпарцёры без межаў».
Палітычнае запалохванне тэлерадыёвяшчальніка іншай краіны
«Рэпарцёры без межаў» і брытанская кааліцыя Anti-SLAPP («Супраць злоўжыванняў судовымі пазовамі») таксама асудзілі намер Дональда Трампа падаць у суд на BBC.
На думку Anti-SLAPP, сябрам якой з’яўляецца і RSF, ціск з боку Трампа можа мець стрымліваючы эфект для грамадскага тэлерадыёвяшчальніка. RSF заклікае BBC «рашуча супрацьстаяць гэтаму палітычнаму запалохванню і настойліва заклікае брытанскіх палітычных лідараў абараніць яе».

Дональд Трамп. Фотa: Anna Moneymaker / Getty Images
Трамп падаў у суд на BBC на суму ад 1 да 5 мільярдаў долараў з‑за дакументальнага фільма 2024 года, у якім адзін з ягоных выступаў быў адрэдагаваны такім чынам, што мог ствараць уражанне, нібыта ён наўпрост падбухторваў да гвалту. Пасля першапачатковай пагрозы судовага пазову BBC прынесла выбачэнні і заявіла, што не будзе паўторна трансляваць праграму, аднак Трамп паведаміў, што працягне судовае разбіральніцтва.
«Дональд Трамп ужываў падобную тактыку і ў Злучаных Штатах, неаднаразова падаючы пазовы або пагражаючы імі навінавым арганізацыям, спрабуючы рэзка скараціць фінансаванне нацыянальных грамадскіх СМІ і расфарміроўваючы міжнародныя арганізацыі», — адзначаюць у RSF.
«Амаль неверагодна, што дзеючы прэзідэнт ЗША так адкрыта ўмешваецца ў справы брытанскага грамадскага тэлерадыёвяшчальніка, але, на жаль, цяпер мы чакаем падобнай тактыкі ад прэзідэнта Трампа. Гэты тып судовых пазоваў з’яўляецца часткай больш шырокай кампаніі па дыскрэдытацыі, запалохванні і кантролі над прэсай, а таксама па падрыве яе жыццёва важнай ролі як механізма стрымлівання ўлады, які служыць інтарэсам выбаршчыкаў.
Гэтая трансатлантычная атака — першая, але наўрад ці апошняя, таму надзвычай важна, каб BBC — адна з самых аўтарытэтных навінавых арганізацый у свеце — праявіла цвёрдасць, а брытанскі ўрад зрабіў усё магчымае, каб падтрымаць яе», — заявіла Фіёна О’Браен, дырэктар RSF у Вялікабрытаніі.
@bajmedia