Вацлаў Арэшка амаль цалкам страціў зрок у зняволенні
Палітзняволены Вацлаў Арэшка ўжо чацвёрты дзень народзінаў сустрэў за кратамі, 18 студзеня яму споўніўся 71 год. Праваабаронцы ўключылі яго ў спіс палітвязняў з вельмі ўразлівым станам здароўя — у зняволенні Арэшка амаль цалкам страціў зрок.

Вацлаў Арэшка. Фота: charter97.org
Аляксандр Манцэвіч, рэдактар «Рэгіянальнай газеты», былы палітвязень, які выйшаў на волю ў верасні 2025 года, распавёў БАЖ пра стан здароўя Вацлава Арэшкі.
— Калі я з’явіўся ў атрадзе — сярэдзіна лютага 2024 года — Вацлаў быў адзін з першых, з кім я там сустрэўся. Даваў мне пэўныя кансультацыі наконт тутэйшага жыцця, паводзін, нейкіх правілаў і г. д. Я не быў з ім знаёмы дагэтуль, чуў, што ёсць такі чалавек, дзяяч. У нас аказалася шмат агульных знаёмых, і неяк мы хутка знайшлі кантакт.
Вацлаў тады яшчэ чытаў кнігі, часопісы. Праз крыху больш, чым паўтара года, на момант майго вызвалення — ён ужо чытаць не мог, цягам некалькіх месяцаў пагаршэнне йшло.
Ён пісаў лісты пад трафарэт — жонка яму даслала адмысловыя трафарэты. Накладаліся радок на радок, жонка пасля скардзілася, што не можа ўжо прачытаць працэнтаў 70–80 з таго, што ён дасылае. Ад яе лісты прыходзілі раздрукаванымі, шрыфт вялікім кегелем, каб лягчэй яму чытаць. Вялікім — і з кожным разам усё большым і большым.
Апошнія ўжо 18‑м былі. І ўсё ж Вацлаў ужо не мог чытаць іх, чытаў яму іх я. Акуляры ў яго былі, але ён ужо імі і не карыстаўся — не дапамагалі ўжо аніяк.
Ён казаў, што ў яго была для чытання лупа з падсветкай, якая больш дапамагала, чым тыя акуляры. Але калі яго перавялі са шклоўскай калоніі ў Івацэвічы, то тут яму ўжо лупу не дазволілі. Я тут логікі ніякай не бачу. Можна толькі здагадвацца, ці спецыяльна гэта зрабілі, каб нашкодзіць, ці па дурасці, ці сапраўды ў пераліку забароненых рэчаў ёсць гэтыя лупы. Чалавеку па стане здароўя патрэбны гэты гаджэт — але не дазволілі.
Гэта дэградацыя зроку адбылася за год з невялікім. У нашай брыгадзе пенсіянераў мы заўсёды разам хадзілі, у нейкі момант я ўжо мусіў пад локаць яго прытрымліваць. Бо і прыступак не бачыў, нейкіх перашкод і г. д.
Складанасці «на прадоле»
— Уначы яму ніхто не адмаўляўся дапамагчы выйсці, але ноччу насамрэч праважатыя і не былі патрэбныя — на калідоры (па-турэмнаму — на прадоле) уначы свабодна, акрамя пажарных шчытоў на сценах перашкод і няма. Гэта ўдзень на прадоле вялікі трафік: то са змены людзі прыйшлі, то на выхадных людзей больш. Карацей, пажаданай дапамога была менавіта ўдзень. Але калідор не самая вялікая праблема была, дарога запамінаецца.

Турма. Малюнак Алега Груздзіловіча
Але не абышлося і там без складанасцяў. Прынамсі, два разы Вацлаў патрапіў у непрыемныя сітуацыі. Напароўся на перашкоду, паваліўся і разбіўся ў кроў. Складанасць гісторыі тут у тым, што чалавек разбіў твар, а для работнікаў зоны гэта праблема, бо трэба складаць акт на такі выпадак — прыкладам, раптам яму нехта нанёс пашкоджанні ў канфлікце. Хаця ж на калідоры ёсць відэакамеры, якія ўсё фіксуюць.
Некалькі разоў Вацлаву давялося даваць тлумачэнні, аглядаў яго медык, была цэлая працэдура. На шчасце, гісторыя не мела працягу, а магла б скончыцца інакш, бо, паводле ахоўнікаў, адным з варыянтаў было накіраванне ў ШІЗА.
Калі казаць пра медыцыну, то пры мне ўсе вітаміны, што перадавалі блізкія, яму дазвалялі. Што праўда, пасля да мяне даходзіла інфармацыя пазней, што былі нейкія затрымкі яму з медыцынскімі прэпаратамі, але гэтаму я не сведка.
Няспраўджаныя спадзевы
— Псіхалагічна Вацлаў цвёрды чалавек, трымаецца. А што на душы ў яго, цяжка сказаць. Ва ўсялякім разе, ён дапускаў пару разоў фразы, што, маўляў, я адсюль магу не выйсці.
Увогуле Вацлаў не любіць звяртацца па дапамогу, толькі ў скрайніх выпадках нешта мог папрасіць. Такі чалавек. Я чытаў яму лісты, падпісваў канверты з лістамі жонцы і сыну. Калі прыходзілі фотаздымкі, мне даводзілася апісваць іх — Вацлаў разгледзіць фота не мог. Расказваў яму, якія сцены, якія кнігі на паліцах, калі можна было разгледзіць, усё, што на фота. Вацлаў заклапочаны не толькі здароўем блізкіх, але турбаваўся яшчэ і за хатняга гадаванца, жывёлінка там засталася, грызун.
Наконт медычнай дапамогі ў калоніі, то мажлівасць рабіць планавыя і пазапланавыя аперацыі там ёсць. Людзей са складанымі хваробамі возяць у рэспубліканскую бальніцу ў Калядзічах. Але Вацлаў, як мне падаецца, не вельмі давярае не тое, што турэмнай медыцыне, а ўвогуле беларускай.
Былі спадзевы ў блізкіх, у мяне, што Вацлаў выйдзе ў снежні, чакалі на ягонае прозвішча ў апошняй партыі дэпартаваных, але не.

Вацлаў Арэшка ў судзе па «справе прафсаюзаў». Фота: «Вясна»
Вацлаў Арэшка быў затрыманы пасля ператрусу ў яго кватэры 19 красавіка 2022 года ў межах «прафсаюзнай справы» — за тое, што «браў актыўны ўдзел у дзейнасці незалежных прафсаюзаў» як рэдактар прафсаюзнага бюлетэня работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Спачатку яго ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, а ў ліпені 2022-га яго перавялі ў СІЗА № 1.
Суд над прафсаюзнымі лідарамі распачаўся 25 лістапада 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. 5 студзеня 2023 года быў вынесены прысуд: актывістаў беларускіх незалежных прафсаюзаў прызналі вінаватымі па шэрагу крымінальных артыкулаў, якія апошнім часам звыкла выстаўляцца ў палітычных працэсах. Вацлава Арэшку звінавацілі ў закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК), распальванні сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК) і ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (арт. 361–1 КК).
Па сукупнасці пакаранняў суддзя Анастасія Папко прызначыла 67-гадоваму Арэшку восем гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Вярхоўны суд 3 красавіка адхіліў апеляцыйную скаргу і пакінуў прысуд у сіле. Пасяджэнне адбывалася ў закрытым рэжыме, вёў яго суддзя Вярхоўнага суда Пётр Лістраценка.
5 траўня 2023 года МУС уключыла палітзняволенага ў «Пералік грамадзян Беларусі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
На пачатку траўня 2023 года Вацлава Арэшку накіравалі ў калонію № 17 у Шклове, адтуль узімку 2023 года — у калонію № 22 («Воўчыя норы») у Івацэвічах.
Калегі ў кіраўніцтве незалежнымі прафсаюзамі Генадзь Фядыніч і Васіль Бераснеў, каго затрымлівалі разам з Вацлавам Арэшкам у межах адной «прафсаюзнай справы», у 2024–2025 годах былі вызваленыя на волю.
Нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са зрокам, інваліднасць Вацлаву Арэшку ў калоніі не афармляюць.
Даведка:
Вацлаў (Вячаслаў) Арэшка — беларускі публіцыст, палітолаг, грамадскі і прафсаюзны дзеяч.
Адрозна ад бальшыні калегаў, якія прафесійна былі засяроджаныя на абароне правоў працоўных, Вацлаў Арэшка займаўся яшчэ культурніцкімі праектамі ды ініцыятывамі. У якасці журналіста і даследчыка гісторыі друкаваўся ў часопісах «Спадчына», Arche, pARTisan, рэдагаваў электронны сайт-архіў «Вытокі» . Выступаў як палітолаг у беларускіх і замежных СМІ. Акрамя таго, ён актывіст ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў», ініцыятар стварэння «Кнігі Гонару Курапатаў» у памяць пра ахвяр рэпрэсій.
Вацлаў Арэшка скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «тэатразнаўства», пасля аспірантуру пры ім. Працаваў у Тэатры юнага гледача, у Нацыянальным мастацкім музеі, выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, распрацаваў праграму новага навучальнага курса «Гісторыя і тэорыя культуры Беларусі». Вёў раздзел кніжных і камп’ютарных рэцэнзій у «Нашай Ніве» 90‑х гадоў.
Быў намеснікам старшыні Працоўнай групы Асамблеі няўрадавых арганізацый, каардынатарам планава-аналітычнай групы дэмакратычнай кааліцыі «Пяцёрка+», выконваў абавязкі рэдактара бюлетэня Аб’яднаных дэмакратычных сіл. Актывіст прафсаюза РЭП, рэдагаваў бюлетэнь прафсаюзаў РЭП.
@bajmedia